На тэрыторыі Мінскай вобласці ўведзена забарона выхаду на лёд на падставе прынятага адпаведнага распараджэння Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Дакумент падрыхтаваны ў мэтах захавання бяспекі і папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах у зімовы перыяд, бо толькі за суткі патанулі шэсць чалавек і тры (два ў Нясвіжскім і адзін у Клецкім раёне) былі выратаваны.
Супрацоўнікі АСВОДа і міліцыі правядуць сумесныя рэйды, накіраваныя на недапушчэнне гібелі людзей на вадаёмах. Да таго ж ва ўсіх навучальных установах вобласці будуць праведзены прафілактычныя гутаркі з вучнямі і іх бацькамі па захаванні мер бяспекі ў зімовы перыяд.
У Мінскім абласным упраўленні МНС нагадалі, што ў перыяд адлігі рэкі і азёры асабліва небяспечныя, паколькі з перападамі тэмператур змяняецца не толькі таўшчыня лёду, але і яго структура. Лёд блакітнага адцення — самы трывалы. Лёд, які мае адценні шэрага, матава-белага або жоўтага колеру, з'яўляецца найбольш ненадзейным. Такі лёд абвальваецца без папераджальнага патрэсквання. Самы ж тонкі лёд, як правіла, назіраецца ў месцах упадзення ў рэчышчы рэк ручаёў, у месцах змены кірунку плыні рэк, каля абрывістых берагоў, а таксама пад тоўстым пластом снегу і ў месцах росту кустоў і дрэў у вадзе. Ратавальнікі нагадваюць, што бяспечным для вагі чалавека лічыцца лёд, таўшчыня якога не менш за сем сантыметраў.
Калі вы праваліліся пад лёд, самае галоўнае — не паддавацца паніцы. Пакуль паміж пластамі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плаву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры і паменшыце ціск на край лёду. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена, бо застаецца небяспека зноў праваліцца пад лёд, — варта адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага.
Калі вы раптам аказаліся відавочцам таго, што здарылася, то ў першую чаргу ацаніце абстаноўку і падумайце, ці зможаце дапамагчы чалавеку. Можа, лепш паклікаць яшчэ каго-небудзь на дапамогу, бо пры памылковых дзеяннях ёсць пагроза самому трапіць у бяду. Для аказання дапамогі ўзбройцеся палкай альбо вяроўкай, падпаўзіце да месца пралому лёду за тры-чатыры метры і падайце пацярпеламу другі канец сродку выратавання. Пасля таго, як дасталі чалавека з вады, яго неабходна адразу ж адвесці ў цёплае месца і выклікаць хуткую дапамогу.
У выпадку, калі неабходная дапамога ратавальнікаў, неадкладна тэлефануйце па нумарах 101 ці 112.
Сяргей РАСОЛЬКА
rs@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:rs@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyod
[6] https://zviazda.by/be/tags/asvod
[7] https://zviazda.by/be/tags/ratauniki
[8] https://zviazda.by/be/tags/zima
[9] https://zviazda.by/be/tags/rybaki
[10] https://zviazda.by/be/tags/patanuc