Міколка нерашуча сунуў бацьку ў рукі разгорнуты дзённік:
— Ніна Паўлаўна сказала, каб ты падпісаў...
— Што ўжо нарабіў, нягоднік? — злосна спытаў Віктар Панцялеевіч.
Потым зіркнуў на ніз старонкі і прачытаў выразны запіс класнага кіраўніка, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ніны Паўлаўны: «У вашага сына вялікія праблемы з лексікай, нам неабходна як мага хутчэй сустрэцца!» Пасля працяглай паўзы мужчына прамовіў:
— Якія праблемы, сын? Як я разумею, ты мову зусім запусціў?
Міколка ў адказ толькі маўчаў.
— Што? Язык праглынуў? Больш ніякага камп’ютара і вуліцы, будзеш кніжкі і слоўнікі чытаць, каб з лексікай праблем не было. Я ў тваім узросце з бібліятэкі не вылазіў, пашыраў кругагляд і веды. Бяры падручнік па мове і марш за стол вучыць. А потым мне раскажаш.
У дзверы раптам ціхенька пастукалі Віктар Панцялеевіч адчыніў іх і ўбачыў аднакласніка і сябрука Міколкі Веньку:
— Ніякіх вуліц, пакуль мой лайдак не вывучыць мову! Так што можаш ісці адсюль.
Але ў Венькі была, відаць, неадкладная справа. Таму праз хвілін дзесяць зноў пачуўся стук. Мужчына злосна паведаміў нахабніку, што Міколка заняты, і пры гэтым моцна грымнуў нагой.
Дамашні ўрок Міколкі працягваўся ў напружанай цішыні. І тут зноў Венька. Віктар Панцялеевіч, які прысеў перакусіць, ускочыў з табурэткі, паспешліва выцягваючы са штаноў шырокі рэмень:
— Ах, каб цябе дзікі парвалі, байструк, ёлупень малы! Сказаў жа, што лексіку Міколка вучыць! Ну, я табе зараз рамнём усыплю так, што ўсіх сваіх продкаў убачыш!
Дадаўшы яшчэ некалькі самых вострых мацюкоў, якія толькі можна «запікаць» у культурным грамадстве, Віктар Панцялеевіч рашуча адчыніў дзверы. І адразу ж аслупянеў: на ганку са збянтэжана-чырвоным тварам стаяла Ніна Паўлаўна, а з-за яе баязліва выглядваў папалоханы Венька.
г. Мінск.