Вы бачылі калі-небудзь, каб з дапамогай звычайнага паравоза, які стаў рарытэтам, ацяплялі вытворчыя памяшканні? А вось на прыватным прадпрыемстве групы кампаній сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм» паравоз 1921 года выпуску паставілі на службу прадпрыемству.
У 2010 годзе кампанія выкупіла на аўкцыёне стратны завод драўляных вырабаў. Памяшканні практычна былі ў паўразбураным стане. Новы ўласнік навёў парадак, адбудаваў вытворчыя пляцоўкі, стварыў 80 новых рабочых месцаў. А паравоз, які стаяў тут, так бы мовіць, на сямі вятрах, вырашылі аднавіць.
— І цяпер наш паравоз стаіць на запасным пуці, — жартуе ўпраўляючы Мікалай Барысаў. — Паравоз мы выкарыстоўваем, калі нам патрэбна адначасова вялікая колькасць пары. Лакаматыў захоўваем у рабочым стане, раз у год цалкам разбіраем, ліквідуем няспраўнасці. І пасля праверкі прамнагляду атрымліваем дазвол на эксплуатацыю.
Кацёл працуе на мясцовых відах паліва. Тэхналогія простая: рабочыя закідваюць у топку торф. Пры высокай тэмпературы выпрацоўваецца пара, якая праз спецыяльны накапляльнік паступае на вытворчую пляцоўку і для абагрэву памяшканняў.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/paravoz
[5] https://zviazda.by/be/tags/lakamatyu