Ад імя беларускага народа і сябе асабіста спачуванні родным і блізкім загінулага пасла Расіі ў Турцыі Андрэя Карлава выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар таксама выказаў спачуванні і словы падтрымкі Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Германія Іахіму Гаўку, родным і блізкім загінулых у выніку трагедыі ў Берліне. З рашучым асуджэннем забойства пасла Андрэя Карлава выступіла Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі СНД.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі з глыбокім болем успрынялі паведамленне аб цынічнай тэрарыстычнай атацы, у выніку якой абарвалася жыццё расійскага дыпламата. «Паслядоўна заяўляем аб непрымальнасці ўсіх форм і праяў тэрарызму і ўсямернай падтрымцы рашучага процідзеяння тэрарыстычнай пагрозе, ад каго б яна ні зыходзіла», — гаворыцца ў спачуванні. Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама словы падтрымкі Прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну і народу гэтай краіны.
У тэлеграме Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспублікі Германія Іаахіму Гаўку ў сувязі з тэрактам на нямецкім калядным кірмашы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі смуткуюць і падзяляюць гора і боль сем'яў ахвяр. «Да глыбіні душы ўзрушаны жудаснай трагедыяй у Берліне, у выніку якой загінулі і пацярпелі бязвінныя людзі. Асабліва раніць тое, што гэта здарылася напярэдадні светлых свят Раства Хрыстовага і Новага года», — гаворыцца ў спачуванні.
Вечарам 19 снежня адбылася тэлефонная размова міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым. Кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства выказаў свайму расійскаму калегу, родным і блізкім загінулага, а таксама ўсім супрацоўнікам дыпламатычнай службы Расійскай Федэрацыі глыбокія і шчырыя спачуванні ў сувязі з трагічнай гібеллю ў Анкары Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Андрэя Карлава.
На сайце МЗС Беларусі размешчана заява з нагоды гэтай трагедыі. «Тэрарыстычным атакам на дыпламатаў, якія робяць усё магчымае для пошуку рашэнняў міжнародных канфліктаў, умацавання міру, дружалюбных адносін паміж краінамі і народамі, не можа быць апраўдання», — сказана ў ёй.
«У выніку замаху на жыццё дыпламата мы сталі сведкамі беспрэцэдэнтнай у свеце падзеі — парушаны фундаментальны прынцып недатыкальнасці дыпламатычнага персаналу, замацаваны ў Венскіх канвенцыях. Забойства дыпламата не мае апраўдання, — заявілі пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі пры статутных і іншых органах СНД. — Імя Андрэя Карлава будзе ўпісана ў гісторыю дыпламатыі як узор самаадданага служэння сваёй Радзіме».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] mailto:medvedeva@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/turcyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/andrey-karlau
[6] https://zviazda.by/be/tags/germaniya-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka