Дэпутаты працуюць над законапраектам, які часова забароніць наведванне масавых спартыўных мерапрыемстваў тым, хто раней быў там затрыманы за парушэнне дысцыпліны. У першую чаргу гэта датычыцца футбольных фанатаў, якія канфліктуюць і такім чынам перашкаджаюць астатнім балельшчыкам атрымліваць асалоду ад відовішча.
Валянцін МІХНЕВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, падкрэсліў: галоўнае, на што нацэлены гэты праект закона, — прафілактыка правапарушэнняў.
— Ён абараняе правы балельшчыкаў. Чалавек, які прыйшоў на канкрэтнае спартыўнае мерапрыемства, павінен атрымаць максімум задавальнення, якое гарантавана, — адзначыў Валянцін Міхневіч.
Праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні спартыўна-масавых мерапрыемстваў, спартыўных спаборніцтваў» прадугледжвае забарону на наведванне масавых спартыўных мерапрыемстваў на тэрмін ад трох месяцаў да трох гадоў. Падстава для такога пакарання — здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння на тэрыторыі фізкультурна-спартыўных комплексаў.
Сяргей САФАР'ЯН, першы намеснік старшыні асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола», звярнуў увагу, што падобныя абмежавальныя меры ў свеце існуюць дастаткова даўно.
— У дысцыплінарным кодэксе ФІФА, у дысцыплінарным кодэксе Беларускай федэрацыі футбола забараняльныя нормы ёсць, — нагадаў ён. — Узнікалі пытанні з тым, што ў нашых заканадаўчых актах адпаведная норма не ўтрымліваецца, таму механізм рэалізацыі вельмі ўскладнены. Мы спадзяёмся, што дакумент запрацуе і гэта дазволіць заставацца на трыбунах тым, хто прыйшоў глядзець відовішча, а не ўдзельнічаць у нейкіх экстрэмісцкіх або палітычных акцыях. Думаецца, што дасць вынікі прафілактычная работа і людзей, пазбаўленых права наведваць спартыўна-масавыя мерапрыемствы, будзе няшмат.
Увогуле, бойкі на стадыёнах не раз прыводзілі да гібелі вялікай колькасці людзей. У 2012 годзе на стадыёне ў Порт-Саідзе (Егіпет) загінула 73 чалавекі, не менш за 100 былі паранены. У 2010 годзе ў Маскве на Манежнай плошчы сабралася каля 50 тысяч чалавек на мітынг, прысвечаны памяці балельшчыка «Спартака». У выніку мітынг перарос у сутыкненне, якое пасля вылілася ў беспарадкі ў многіх расійскіх гарадах. Яшчэ раней — у 1969 годзе беспарадкі на стадыёнах справакавалі рэальны ваенны канфлікт паміж Сальвадорам і Гандурасам, які працягваўся 6 дзён, а гэта трагедыя ўвайшла ў гісторыю пад назвай «футбольная вайна». Загінула больш за тры тысячы чалавек, больш за шэсць тысяч было паранена.
Па словах Рамана МЕЛЬНІКА, начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў, любая забарона — гэта вельмі сур'ёзная працэдура. Пры гэтым толькі суд у канчатковым выніку можа вызначыць ступень вінаватасці той ці іншай асобы.
Пакуль дэпутаты прапрацоўваюць законапраект. Пасля сваё слова павінны будуць сказаць эксперты, прававыя інстытуты, у прыватнасці Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых ініцыятыў. Плануецца, што дакумент будзе разглядацца ў першым чытанні ў Авальнай зале ў маі наступнага года.
Надзея ЮШКЕВІЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:yushkevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/balelshchyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport
[6] https://zviazda.by/be/tags/match
[7] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/palata-pradstaunikou
[9] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[10] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-federacyya-futbola