Сярод векавых дрэў Белавежскай пушчы за агароджай, якую пільна ахоўваюць рыцары Дуб-Дубовіч і Вяз-Вязовіч, стаіць двухпавярховы драўляны разьбяны дом — рэзідэнцыя беларускага Дзеда Мароза. Менавіта сюды не толькі ўзімку, але і круглы год дарослыя і дзеці шлюць лісты са сваімі самымі запаветнымі просьбамі і жаданнямі.
Карэспандэнты «Звязды» адправіліся ў госці да галоўнага чараўніка краіны, каб на ўласныя вочы пабачыць, колькі лістоў атрымлівае Дзед Мароз напярэдадні зімовых святаў, што на іх адказвае, і хто яму ў гэтым дапамагае.
За год — дзесяць тысяч лістоў
У невялікім пакойчыку — рабочым кабінеце Дзеда Мароза — цёпла і па-хатняму ўтульна. У печы на агні патрэскваюць дровы, і вось-вось закіпіць чайнік. На стале раскладзены лісты. У адным стосіку ляжаць тыя, на якія Дзед Мароз ужо адказаў. У другім, значна большым, — тыя, якія яшчэ трэба будзе прачытаць...
Аказваецца, на працягу года беларускі Дзед Мароз адказвае больш чым на дзесяць тысяч лістоў, якія прыходзяць да яго ў Белавежскую пушчу. Большасць з іх — з Беларусі, але ёсць і тыя, якія адпраўляюць жыхары экзатычных дзяржаў. Напрыклад, з ПАР, Буркіна-Фасо, Японіі, В'етнама, Кітая. Як прызнаецца сам добры чараўнік, зараз у яго ляжыць каля 70 лістоў, напісаных іерогліфамі. Перакладчыка няма, і прачытаць іх, на жаль, пакуль немагчыма.
Паштовыя пасланні ў рэзідэнцыю прыходзяць круглы год, але бліжэй да Новага года паток карэспандэнцыі значна павялічваецца.
Бывае, што Дзеду Марозу ў дзень дастаўляюць каля паўтары тысячы лістоў.
— Шмат лістоў дасылаюць без зваротнага адраса, але калі ён напісаны, мы заўсёды адказваем, — гаворыць Дзед Мароз. — Канешне, у мяне ёсць памочнікі, без іх я, напэўна, не справіўся б, бо бывае, што навагодніх лістоў прыходзіць вельмі шмат, і мы пішам на іх адказы ўвесь студзень, люты і нават сакавік.
Калісьці, прызнаецца зімовы чараўнік, лістоў прыходзіла яшчэ больш. Мабыць таму, што магчымасць напісаць галоўнаму Дзеду Марозу краіны была для людзей чымсьці новым.
— На беларускай мове, на жаль, пісьмы пішуць вельмі рэдка. Але яны ёсць, і гэта прыемна. Беларуская мова павінна гучаць. Сучаснаму пакаленню неабходна яе чуць. Таму я сам стараюся яе прапагандаваць. Калі, напрыклад, да мяне прыязджаюць экскурсійныя групы з Беларусі, я размаўляю з імі на беларускай мове.
Як гаворыць Дзядуля Мароз, за столькі гадоў размаўляць хоць крышачку ён навучыўся на многіх мовах. Так, напрыклад, прыехалі госці з Кітая — скажа некалькі слоў па-кітайску, з Польшчы — размаўляе па-польску. «Нават песні польскія за гэты час паспеў вывучыць!» — смяецца ён.
Важнейшае за ўсё — надвор'е ў доме
Дзядуля Мароз ледзь чутна напявае сабе пад нос знаёмы матыў і жартаўліва скардзіцца на надвор'е. Але раптам спыняецца: «Вы думаеце, гэта толькі ў песні так? Не, гэта ўсё пра жыццё: важнейшае за ўсё — надвор'е ў доме...»
Ён успамінае, што калісьці дзеці прасілі ў Дзеда Мароза кнігі, хатніх жывёл і малодшага браціка альбо сястрычку, зараз жа ўсё часцей у лістах можна пабачыць словы «смартфон», «планшэт» і «камп'ютар». Дзядуля бярэ са стосіка, у якім ляжаць непрачытаныя лісты, самы верхні, беражліва адкрывае шчыльны канверт, чытае: «Добры дзень, дарагі Дзядуля Мароз! Ты мяне, напэўна, ведаеш. Я — Валерыя, мне 10 гадоў. Я жыву ў горадзе Барысаве. Я вельмі рада, што ты існуеш. Я вельмі люблю падарункі і падарожнічаць. Таму хацела б чамадан, каб ездзіць у розныя паездкі. Яшчэ я вельмі хачу лятаць і ўжо гэта ў цябе прасіла, але не атрымала. Я вельмі цябе прашу прынесці мне шпіёнскае абсталяванне. У яго ўваходзіць: спецыяльныя акуляры, гадзіннік, касцюм, чаравікі, шлем і лазер. Я вельмі хачу стаць тваім сябрам!»
А вось яшчэ адно пісьмо, якое прыйшло ў рэзідэнцыю толькі ўчора: «Добры дзень, Дзед Мароз! Я вучаніца 3 «Б» класа, і завуць мяне Насця. У гэтым годзе я паводзіла сябе вельмі добра, слухалася маму, бабулю і дзядулю. І я вельмі хацела б атрымаць у падарунак канструктар Lego».
Далей былі яшчэ пісьмы, у якіх маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі прасілі добрага чараўніка аб самым патаемным. І сярод усё тых жа «смартфонаў», «планшэтаў» і «камп'ютараў» былі зусім нематэрыяльныя просьбы: аб здароўі бацькоў, асабістым здароўі і каб маці і бацька больш не сварыліся.
— Ёсць так званыя «лісты-хацелкі», калі дзіця піша толькі пра сябе, але ёсць і іншыя жаданні. Яны вельмі ўражваюць і тады хочацца дапамагчы, — гаворыць Дзед Мароз. — Ёсць, і іх нямала, тыя пісьмы, на якія цяжка адказваць, бо ўсё прапускаеш праз сябе. Вось, дарэчы, адзін такі ліст: «Добры дзень, Дзядуля Мароз! Як гэта ні дзіўна, я не дзіця. Мяне завуць Галіна, і мне 26 гадоў. Калі я была маленькай, заўсёды чакала цуду на Новы год пад ялінкай, але ў сем гадоў расчаравалася, калі ўбачыла ноччу, што падарункі мне кладуць бацькі. Два з паловай гады таму я сама стала мамай, у мяне нарадзілася прынцэса Вікторыя. Яна не ўмее пісаць, але ўжо просіць цуду. Яна кажа: «Спіне холадна, зрабі яе цёплай». І я не ведаю, што ёй адказаць. Справа ў тым, што мы купілі гэтую кватэру за два месяцы да нараджэння дачкі і проста не чакалі, што ўсё будзе так дрэнна. Шпалеры адвальваюцца, холад, вецер, сцяна вільготная, усё ў цвілі, нават вокны. Мы ўсе часта хварэем. Мы з мужам настаўнікі, грошай не заўсёды хапае. Стараемся, каб у дачкі усё было, а цёплых сцен даць не можам, таму што нам адказваюць: «Няма сродкаў на рамонт». Я шмат куды звярталася і ўжо не ведаю, што рабіць. Можа, ты, Дзядуля Мароз, дапаможаш мне паверыць у цуд? Калі ласка, не пакідай мой ліст па-за ўвагай, ты мая апошняя надзея». Зараз буду тэлефанаваць у Гомельскі райвыканкам, каб дапамагчы гэтай сям'і.
Дзядуля Мароз успамінае яшчэ адзін ліст — яшчэ адну цяжкую жыццёвую сітуацыю. Напісаў яму некалькі гадоў таму пенсіянер, ветэран вайны. Дарогу каля яго дома занесла снегам, насекчы дроў самому было не пад сілу. Прасіў аб дапамозе, але ўсе адмаўлялі. Апошняй надзеяй стаў Дзед Мароз, які, атрымаўшы гэты ліст, асабіста званіў у райвыканкам. Праз тыдзень ветэран даслаў яшчэ адно пісьмо, у якім шчыра дзякаваў Дзеду Марозу за дапамогу. І дарогу каля дома расчысцілі, і дровы прывезлі. «Цяпер я магу сагрэцца», — пісаў пенсіянер.
— Два гады таму я атрымаў ліст. Бацька прасіў дапамагчы яго сыну з ДЦП прайсці дэльфінатэрапію — да гэтага ён некалькі гадоў чакаў сваёй чаргі. Я звярнуўся па дапамогу ў Мінскі дэльфінарый і атрымаў згоду. Хлопчык прайшоў 12 сеансаў, і яму стала значна лепш.
Вось і атрымліваецца: для дзяцей Дзед Мароз — магутны чараўнік, які выконвае жаданні і мары, а для дарослых — псіхолаг, аддушына і апошняя надзея на дапамогу.
Рабіць цуды — вельмі проста
— Бывае, прыходзіць да мяне хлопчык альбо дзяўчынка, — расказвае Дзед Мароз, — і не саромеючыся гаворыць, што не верыць, быццам бы я сапраўдны. Тады пытаюся: «Хочаш, я за дзесяць секунд змагу зрабіць так, што ты скажаш, што верыш у казку?» Маўчыць... Тады я гавару: «Мая казка — гэта вера ў дабро і справядлівасць. Ты верыш у гэта?» Тут усе заўсёды пагаджаюцца, вераць. І гэта добра.
Сам чараўнік таксама верыць у цуды і лічыць, што рабіць іх вельмі лёгка. Вам не спатрэбіцца чароўны посах, бо гэта пад сілу кожнаму. Дарэчы, добрая ўсмешка — гэта таксама цуд. Акрамя гэтага, Дзядуля Мароз упэўнены, што добрых людзей значна больш, чым злых. Гэтая вера дапамагае яму падтрымліваць станоўчы ўнутраны свет і добры настрой. А без гэтага нават на ганак выходзіць нельга. Дзяцей не падманеш, фальшывую ўсмешку яны адчуюць адразу.
— Дарэчы, ведаеце, я таксама загадваю жаданні на Новы год. А каб яны абавязкова збываліся, трэба ў гэта верыць — вось і ўвесь сакрэт, — усміхаецца Дзед Мароз. — Калі чалавек думае пра штосьці дрэннае, гэта з ім і спраўджваецца. Таму думаць трэба толькі пра добрае і светлае. А мы з унучкай Снягурачкай заўсёды загадваем, каб дзеці, калі яны стануць дарослымі, клапаціліся аб сваіх бацьках так, як тыя клапаціліся пра іх маленькіх.
Алена, 9 гадоў:
— Што б ты, Дзядуля Мароз, хацеў, каб табе падарылі на Новы год?
— Самым лепшым для мяне падарункам будзе, калі дзяўчынка Алена дашле мне паштоўку і напіша ў ёй: «Дзядуля Мароз, я так стараюся вучыцца. Я хачу быць самай разумнай і самай добрай дзяўчынкай».
Марыя, 8 гадоў:
— Дарагі Дзядуля Мароз, што ты любіш есці?
— Я прапагандую здаровы лад жыцця і стараюся не таўсцець, каб не выкочваўся на ганак, а прыгожа выходзіў. Таму я заўсёды заклікаю дзяцей займацца спортам, бываць часцей на вуліцы, а не сядзець гадзінамі каля тэлевізара ці камп'ютара. Вось на гэтым і заснавана маё харчаванне.
Ганна, 8 гадоў:
— Адкуль у цябе столькі цацак?
— Некаторыя цацкі дасылаюць мне самі дзеці. І пішуць: «Дарагі Дзед Мароз, ты лепей падары гэтую ляльку Дашы — вельмі добрай дзяўчынцы, калі яна прыедзе да цябе».
Мікіта, 8 гадоў:
— Колькі табе гадоў?
— Вобраз Дзеда Мароза існуе ўжо амаль дзве тысячы гадоў.
Данііл, 8 гадоў:
— Колькі футраў у гардэробе Дзеда Мароза?
— Футра ў мяне адно, зімняе. Але ёсць уборы для кожнай пары года. Летам, напрыклад, гэта адзенне з беларускага лёну. Але са мной заўсёды мой посах.
Алеся, 8 гадоў:
— Як ты за адну ноч паспяваеш разносіць столькі падарункаў па ўсім свеце?
— У свеце — у кожнай дзяржаве — у мяне ёсць шмат памочнікаў. Дарэчы, Санта-Клаўс — адзін з іх. І мы ўспрымаем адзін аднаго не як канкурэнты, а як калегі.
Адправіць ліст беларускаму Дзеду Марозу і Снягурцы можна круглы год на адрас: 225063 вёска Каменюкі, Камянецкі р-н, Брэсцкая вобл., Белавежская пушча, Беларусь.
Ганна БАГІНО
Фота Сяргея НІКАНОВІЧА
Белавежская пушча
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ganna-bagino
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzed-maroz
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/belavezhskaya-pushcha
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta