З Леанідам Юр'евічам я пазнаёмілася на курсах «Асновы класічнага масажу» ў адукацыйным цэнтры «Новае заўтра». Яшчэ на першым занятку выкладчык расказаў, што за сваё жыццё паспеў папрацаваць і дзіцячым масажыстам, і спартыўным, і з цэлюлітам жанчынам дапамагаў змагацца. Але пра тое, што віртуозна «іграць» на целе пацыентаў яму дапамагае музыка, даведалася, толькі калі трапіла да яго ў госці.
«Каб зразумець чалавека, сямі хвілін мала»
— Леанід Юр'евіч, вы, аказваецца, не толькі на целах людзей «іграеце», але і на сінтэзатары?
— Так (усміхаецца). Займаюся такімі жанрамі, як эмбіент, нойз і канкрэтная музыка. Раблю першыя крокі ў нейраакустыцы. Гэтая навука, якая вывучае аспекты ўплыву гуку на чалавека, актыўна прымяняецца ў цялеснай тэрапіі. Музыка мне вельмі дапамагае ў масажы. Для кожнага з пацыентаў, думаючы пра яго праблемы, я магу напісаць гукавую інсталяцыю. І рабіць пад яе масаж. Музыка дапамагае расслабіцца, прычым не толькі кліенту, але і мне.
— Як знайсці добрага масажыста, адрозніць прафесіянала ад дылетанта?
— Мне прасцей сказаць, як не нарвацца на дрэннага.
Калі, умоўна кажучы, напісана, што ў медцэнтры працуе масажыст, які валодае 18 тэхнікамі, адразу ж пытайцеся, а якімі з іх ён карыстаецца на практыцы. І як часта? Лічу, што ў кожнага масажыста павінна быць вузкая спецыялізацыя.
Некаторыя думаюць: чым больш заплачу, тым лепшы эфект. Але часам кошт залежыць ад амбіцый дырэктара і прыгажосці сцен салона. Там могуць быць залатыя ўнітазы і разам з тым зусім слабы масажыст. Я прыхільнік: лепш прасцей, але больш якасна. Як выбраць сабе масажыста? Схадзіце адзін раз на масаж. Калі адчулі душэўны дыскамфорт — значыць, гэта не ваш спецыяліст.
— Наколькі я разумею, масаж трэба рабіць курсам? А аднаразовая працэдура не мае сэнсу?
— Ніхто вам не забароніць хадзіць на масаж раз у паўгода. Але ці будзе гэта для вас карысна, эфектыўна? Вы ж не п'яце за адзін раз дзве жмені антыбіётыкаў. Рэальна вырашыць праблему можа толькі вызначаны алгарытм. Калі адзін раз прыйшлі, то вы як бы толькі адчынілі дзверы ў аптэку і тут жа зачынілі іх. Ёсць у гэтым сэнс? Не. Вам трэба прайсці поўны курс. Пры гэтым памятайце, што тэрапеўтычны эфект ад масажу праяўляецца толькі праз 6 месяцаў.
— Атрымліваецца, што масаж — гэта ўсё ж такі лячэбная працэдура, а не спосаб атрымаць задавальненне?
— Ёсць розныя віды масажу. Але што тычыцца класічнага — гэта ў першую чаргу лячэнне. Масаж дапамагае спыніцца, расслабіцца, «абнуліцца» і звярнуцца да сябе. Ён вяртае чалавека ў дзяцінства — наперад да поспеху... Каб арганізм успомніў, якім ён быў да таго, як на яго пачаў уплываць соцыум.
— Леанід Юр'евіч, у свой час вы, фельчар-акушэр па адукацыі, пайшлі атрымліваць вышэйшую псіхалагічную адукацыю. Чаму?
— Ніколі не забудуся свой першы працоўны дзень у вясковым фельшарска-акушэрскім пункце. «Прыехаў новы доктар», — гудзела чарга. Усе мясцовыя жыхары прыйшлі паглядзець на мяне. Першай зайшла самая смелая бабуля. Я прапісаў ёй тыя ж самыя таблеткі, што і былы доктар. Яна іх цудоўна ведала: «белыя маленькія і зялёныя вялікія». Калі бабуля выйшла з кабінета, аднавяскоўцы хорам запыталіся: «Ну як?» — «Харошы доктар». — «Праўда? А чаму?» — «Выслухаў». Менавіта тады я ў чарговы раз пераканаўся, што медыцына і псіхалогія цесна ўзаемазвязаныя. І прыняў рашэнне паступаць на факультэт псіхалогіі Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага ўніверсітэта. Паралельна скончыў свае першыя курсы па масажы.
— Як даўно працуеце масажыстам? І чаму менавіта гэты накірунак выбралі?
— Займаюся цялеснай тэрапіяй больш як 15 гадоў. Я перфекцыяніст па натуры, таму мне складана працаваць у камандзе. Менавіта масаж мне дазволіў быць аднаму і не выкарыстоўваць лекі. А таксама траціць на аднаго пацыента не 5—7 хвілін, як у паліклініках, а ад гадзіны і больш. Кожны чалавек — гэта раман. Каб яго зразумець, 5—7 хвілін мала.
«Галоўнае правіла — не нашкодзь... сабе»
(Да Леаніда Юр'евіча падбег кот і пачаў перабіраць мяккімі лапкамі па яго плячах.)
— Знаёмцеся, гэта Жора — мой масажны кот.
— А ці ёсць у вас свой уласны масажыст?
— Шукаю. Шкада, што сам сабе не магу зрабіць масаж (смяецца).
— Вы не толькі робіце масаж, але і перадаяце сваё майстэрства іншым. Навошта людзі прыходзяць на курсы?
— Большасць плануюць рабіць масаж спачатку дома — свайму мужу ці жонцы, дзецям. А ўжо потым, калі атрымаецца, ператварыць свой навык у дадатковы заробак. Некаторыя прыходзяць з цвёрдай мэтай змяніць прафесію, якая не падабаецца.
— Ці падтрымліваеце вы стасункі са сваімі вучнямі? Як склаўся іх лёс?
— Тыя, хто захацеў, працуюць. Але самае галоўнае, што ніхто з маіх вучняў не ўмудрыўся пашкодзіць кісці, зарабіць радыкуліт. Яшчэ ў пачатку сваёй кар'еры я рабіў масаж дзеткам у санаторыі. Калі за першыя тры месяцы пашкодзіў правую кісць, зразумеў, што, напэўна, раблю штосьці не так. Менавіта таму цяпер на сваіх занятках заўсёды паўтараю: «Галоўнае правіла масажыста — не нашкодзь! Перш за ўсё сабе». У масажы вельмі важна палажэнне цела, рук. На курсах, якія я заканчваў, на гэтым ніхто не акцэнтаваў увагу. Ведаю шмат спецыялістаў па масажы, якія пакалечылі сябе. А як ты можаш дапамагчы чалавеку, калі сам сядзіш на абязбольваючых?
— А як вы ставіцеся да самамасажу?
— Калі самамасаж разглядаць як пагладжванне, то чаму і не? Па галаве, па назе — дзе вам падабаецца. Сябе трэба любіць і гладзіць. Калі я прыйшоў пасля паліклінікі працаваць у SРА-цэнтр, зразумеў, што ў нас шмат недагладжаных людзей. Яны гатовыя заплаціць любыя грошы, каб на іх намазалі гразь, шакалад, водарасці, проста пагладзілі. Асабіста ж для мяне найлепшы самамасаж — гэта медытацыя, добрая кніга, прагулка з прыемным суразмоўцам у парку...
«Калі не пытаюцца дыягназ — бяжыце!»
— Забарона масажу з чым звязана, з супрацьпаказаннямі?
— У тым ліку. Масаж нельга рабіць анкахворым, пры варыкозе і г.д. Супрацьпаказанні павінен ведаць кожны масажыст. Таму калі ў вас не пытаюцца дыягназ — бяжыце.
Ёсць выпадкі, калі чалавек, які прыйшоў на масаж, нават не здагадваецца пра сваё захворванне. Скардзіцца, напрыклад, на боль у спіне, але ж яна можа балець па тысячы прычынах. Я ў такіх выпадках адпраўляю да спецыяліста, прашу зрабіць МРТ, бо 99% поспеху любога лячэння залежыць ад своечасова і правільна праведзенай дыягностыкі.
— Нядаўна на адным з форумаў маладая мама прасіла парады. Маўляў, усім немаўлятам ва ўзросце да аднаго года рэкамендуюць рабіць масаж. Дык муж адпраўляе яе на курсы, каб сэканоміць грошы на масажысце...
— Гэта чарговы міф, што ўсім пагалоўна патрэбны масаж. Не ўсім. У масажы заўсёды павінна быць пэўная патрэба, якую масажыст можа вырашыць. Што ён можа вырашыць у здаровага немаўляці, калі ў яго няма праблем наогул? Гэта праблемы ў мамы, бо яна адкрыла Фэйсбук, а там нехта рэкамендуе. Атрымліваецца палка з двума канцамі. З аднаго боку, я вам казаў, што масажыст вяртае людзей назад — у тое натуральнае становішча цела, на якое яшчэ не ўплываў соцыум. З іншага — нехта раіць рабіць масаж усім немаўлятам без разбору. Да мяне на пробны занятак нядаўна прыйшла жанчына, якая выхоўвае дзіця з ДЦП. Яна таксама хоча навучыцца рабіць масаж, каб сэканоміць грошы...
— І што вы ёй параілі? Існуе меркаванне, што ў маці асобая сувязь з дзіцем, таму нават проста дотыкі могуць дапамагчы.
— Дотыкі — так, а масаж — не заўсёды. Уявіце, прыйшла да вас суседка, у якой дзіця з ДЦП, і кажа: «Зрабіце масаж, вы ж скончылі курсы». Вы б даверылі сабе гэта дзіця? Масаж дзецям з ДЦП павінен рабіць спецыяліст, а не мама, якая прайшла курсы класічнага масажу. Хоць з часам і яна можа стаць спецыялістам. Але для гэтага адных толькі курсаў недастаткова, трэба назіраць за тым, як масажыст робіць масаж дзіцяці, шмат чытаць, у тым ліку медыцынскую літаратуру.
— Ці праўда, што масаж можа дапамагчы пазбавіцца ад лішніх кілаграмаў? І наколькі эфектыўныя антыцэлюлітныя крэмы ды скрабы?..
— Пры антыцэлюлітным масажы эфект дасягаецца закошт нармалізацыі крыві і лімфатоку. Ніякі цудадзейны крэм не зможа прайсці праз базальны пласт і не ліквідуе цэлюліт.
Але, часцей за ўсё, жанчыны самі прыдумваюць сабе праблемы. Нездарма, у нашым прафесійным асяродку ёсць такое паняцце: цэлюліт — гэта міграцыя звілін на «пятую кропку». Асноўны абавязак кожнага масажыста — вярнуць іх назад. Я сутыкаўся з тым, што жанчына кажа: «У мяне ногі тлустыя, жывот не падабаецца». А пасля пачынаю кантактаваць з яе мужам, які слёзна просіць нічога не мяняць, бо яго ўсё ў ёй задавальняе.
— Але ж ёсць жанчыны, якія пры росце 165 сантыметраў важаць 120 кілаграмаў.
— Такім не масаж патрэбны, ім трэба вырашаць пытанне са сваім здароўем, фізічным і ментальным метабалізмам. Мяняць цалкам лад жыцця і харчовыя звычкі.
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-dryndrozhyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:nаdzіеjа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/masazhysty
[7] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[8] https://zviazda.by/be/tags/masazh
[9] https://zviazda.by/be/tags/celyulit
[10] https://zviazda.by/be/tags/specyyalizacyya