Па выніках апытання, якое праводзілася найстарэйшай спартыўнай газетай Беларусі «Спортивная панорама», названы лепшыя атлеты, трэнеры і каманды адыходзячага года. У галасаванні прынялі ўдзел больш за сто журналістаў друкаваных і электронных СМІ.
Уладзіслаў Ганчароў, які заваяваў алімпійскае «золата» Рыа, стаў лепшым спартсменам, ён атрымаў 981 ачко. Другое месца заняў кідальнік молата сярэбраны прызёр Гульняў Іван Ціхан — 763 балы. Лепшай сярод беларускіх спартсменак прадстаўнікі масмедыя прызналі цяжкаатлетку Марыю Мамашук (591 ачко), якая ў жніўні 2016-га ў Рыа заняла другое месца ў вагавай катэгорыі да 63 кг.
Лепшым трэнерам адыходзячага года названа галоўны трэнер зборнай Беларусі па скачках на батуце Вольга Уласава. Лепшай негульнявой камандай стала жаночая байдарка-чацвёрка, якая заваявала бронзавую ўзнагароду ў Бразіліі.
Камандай года ў гульнявых відах прызнана жаночая зборная па баскетболе, якая брала ўдзел у Алімпійскіх гульнях. У тройцы лепшых у гэтай намінацыі таксама мужчынская зборная па гандболе і жаночая нацыянальная каманда па валейболе.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/ivan-cihan
[5] https://zviazda.by/be/tags/maryya-mamashuk
[6] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-gancharou
[7] https://zviazda.by/be/tags/sport