Нацыянальная бібліятэка Беларусі будавалася чатыры гады. Яе навагоднюю копію ў Гомелі ўзвялі за адну ноч. Дарэчы, адначасова горад над Сожам упрыгожылі Брэсцкая крэпасць, Вялікая кітайская сцяна, егіпецкія піраміды, Біг-Бэн, Крэмль, Пізанская і Эйфелева вежы і нават фешэнебельны эмірацкі гатэль-«ветразь»...
Светлавыя копіі вядомых архітэктурных збудаванняў свету адразу ж прыцягнулі ўвагу гамяльчан і гасцей горада. Сацыяльныя сеткі запаланіліся выявамі накшталт: «я ў Лондане» ці «я ў Парыжы». Ілюмінацыю ўключылі разам з галоўнай ёлкай вобласці. Макеты ўсталявалі ў скверы імя Андрэя Грамыкі супрацоўнікі прадпрыемства «Гомельгарсвятло». Яго кіраўнік Дзмітрый Лебедзь расказаў, што работы пачаліся некалькі месяцаў таму з мазгавога штурму: як зрабіць горад не толькі прыгожым, але і незвычайным.
Вышыня канструкцый складае ад 3 да 5 метраў — яны зроблены ў дакладных маштабах і прапорцыях арыгіналаў. Кожны макет знакамітых збудаванняў падсвятляецца знутры. Іх дапоўніла алея арак, якая пралягае праз увесь сквер і будзе ўключацца не толькі на Новы год, але і на іншыя значныя святы ў горадзе. На галоўнай ёлцы Гомеля на плошчы Леніна тым часам зазіхацела чатыры тысячы святлодыёдных лямпачак.
Навагодні тралейбус, упрыгожаны ілюмінацыяй, з Дзедам Марозам за рулём таксама падтрымлівае святочны настрой гамяльчан. Прадпрыемства «Гарэлектратранспарт» такім чынам зрабіла свой унёсак у стварэнне святочнай атмасферы ў Гомелі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/gomel
[5] https://zviazda.by/be/tags/novy-god