Я часта сустракаю гэту бабульку ў метро. Увосень яна спрабавала прадаць аксаміткі і нават крыху счарнелы пасля маразоў расходнік — усё, відаць, недзе прыхапкам сарванае. Апошнім часам яе бачу то з некалькімі галінкамі ядлоўцу, то з адным... пэндзлікам. Не з-за грошай старая стаіць у пераходзе: што можна выручыць за такі «тавар»? Яна бяжыць ад адзіноты, ад страху перад неадчэпнымі хваробамі. І няхай усе некуды спяшаюцца і не зважаюць на сарамлівую «гандлярку». Ёй спакайней — яна сярод людзей... За бясконцымі турботамі часта людзі не заўважаюць, як няўмольна падкрадаецца ссівелая старасць. Не ўсім яна выпадае светлай, «пагодлівай», у акружэнні клапатлівых дзяцей і ўнукаў. З некім лёс зрабіў нядобра: адабраў усіх родных. У іншых не складваюцца стасункі з блізкімі. На жаль, немагчыма застрахавацца ад адзіноты. А што рабіць, калі і сіл не стае змагацца з ёй?
Новы дом
«Трэба жыць! І жыць добра!» — такія словы часта гучаць у доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны і працы «Світанак». Працаваць з пажылымі людзьмі няпроста, асабліва калі ў многіх з іх свой боль, страты, трагедыі. Кожнаму — свой падыход. Кагосьці трэба тармасіць, а іншым лепш не перашкаджаць.
— У асноўным у нас пражываюць людзі, якія ўсё жыццё былі адзінокімі альбо страцілі блізкіх, прайшлі нейкія выпрабаванні. Ёсць і тыя, каго сюды ўладкавалі дзеці, якія не могуць удзяліць ім шмат увагі, таму што занятыя, напрыклад, часта выязджаюць у працяглыя камандзіроўкі альбо наогул пражываюць за межамі Беларусі. Зусім кінутых, як бывае ў іншых інтэрнатах, у нас няма, — расказвае дырэктар «Світанка» Алена Варывончык. — З гадамі людзі страчваюць пэўныя навыкі, не могуць сябе абслугоўваць. Дзеці пачынаюць хвалявацца, ці змогуць старыя прыгатаваць ежу, ці выключаць пліту, ці прымуць своечасова лекі. І вырашаюць, што патрэбны нехта, хто б бабулям і дзядулям дапамагаў.
Адаптацыя адбываецца па-рознаму. Адны хутка прызвычайваюцца і адразу хочуць з усімі знаёміцца. Другія могуць на некаторы час закрыцца. Напрыклад, ёсць у «Світанку» дзядуля-маўчун, вельмі інтэлігентны, аматар класічнай музыкі. Вясной, летам тут выстаўляюць на вуліцы калонкі, уключаем музыку. Неяк паставілі класічную. Усе разышліся па альтанках, разбрыліся па парку, а ён сядзіць замілаваны, слухае, для яго гэта такая асалода...
Для адзінокіх інтэрнат — новая сям'я, некаторыя старыя сюды прыходзяць самі. Многія завуць гэты прыстанак санаторыем. Тут чатырохразовае харчаванне. Ці кожны б сабе так гатаваў? Ёсць у інтэрнаце і кухні, дзе можна прыгатаваць тое, што падабаецца. Дарэчы, на іх гаспадынькі часам нават кулінарныя паядынкі ладзяць, гатуюць бліны, выпякаюць пірагі. Пасля рамонту з'явілася кухня-студыя — сапраўдны пакой адпачынку, з шыкоўным дэкаратыўным пано на ўсю сцяну, тэлевізарам, адзін з банкаў выдзеліў грошы і на сучаснае кухоннае абсталяванне. Тут можна па-дамашняму сустрэць гасцей, адзначыць святы, ці нават проста сабрацца, пачаяваць.
Тут усе на віду: калі хто занядужыць — адразу заўважаць і суседзі, і персанал. Але ніхто не будзе перашкаджаць тым старым, якім хочацца пабыць сам-насам. У пакойчыках пражывае па адным-два чалавекі. Гэта як міні-кватэркі з неабходнай мэбляй — ложкамі, тумбачкамі, сталамі, шафамі і паліцамі, якія людзі могуць абстаўляць на свой густ. Многія захоўваюць старыя звычкі, а хтосьці знаходзіць зносіны, якіх так не хапала ў «вялікім свеце». Тут заводзяць сяброў і не толькі.
Сямейныя сакрэты
Бабулі і дзядулі на спатканні бегаюць і часам саромеюцца гэтага, як юнакі.Так, адну парачку заўважалі на лавачцы на прыпынку, старыя сядзелі і трымаліся за рукі; другая хадзіла да возера, што знаходзіцца недалёка ад інтэрната. У такіх мясцінах хочацца забыцца пра ўсё дрэннае, сама прырода расслабляе, настройвае на пазітыў, навявае думкі аб прыгожай старасці.
Тут свой свет, свае абмеркаванні. Любяць старыя глядзець ток-шоу, пасля прагляду заўсёды разгараюцца дыскусіі. Засядаць можна і ў бібліятэцы, дзе чытаюць і тэлевізары глядзяць, у даміно гуляюць, выходзяць у інтэрнэт.
Многія знаходзяць, як сябе рэалізаваць. Хтосьці дзеліцца цеплынёй і клопатам, імкнецца ўсім дапамагаць. Ёсць пара, што на працягу многіх гадоў разам, дзе мужчына дапамагае жанчыне даглядаць сябе: такая вось лебядзіная песня. А часам і жанчыны бяруць апеку над дужым полам. Так, адна паненка кружыцца над суседам, сочыць, каб ён не спазніўся на сняданак, не забыў прыняць таблеткі. Нехта раскрываецца творча. Не перастае пісаць праваслаўны пісьменнік Барыс Ганага. Ён дзякуе Богу, што трапіў сюды: усё ж добрыя людскія адносіны і цудоўная прырода дадаюць моцы, дапамагаюць аднавіцца пасля інсульту. Душэўна прайшоў літаратурны вечар, на якім адна з бабуль чытала свае вершы, на бенефіс пастараўся з Рыгі прыехаць сын з вялізным букетам.
Ды і добрых людзей, што не забываюцца пра старых, багата. З канцэртамі прыязджаюць дзеці, да навагодніх свят школьнікі нават вырасцілі бабулям у падарунак маленькія фіялачкі. Быў і духавы аркестр — ну як з яго прыездам не згадаць маладосць! Асабліва хваляваліся, прыбіраліся жыхары інтэрната, калі сюды прыязджаў Прэзідэнт.
І ў гэтыя навагоднія святы сівыя «дзяўчаткі і хлопчыкі» , а менавіта так завуць жыльцоў у «Світанку», атрымалі салодкія падарункі. Дарэчы, сярэдні ўзрост тых, хто знайшоў тут прытулак, — 87 з паловай.
— Мне не хочацца называць іх старымі, — дзеліцца дырэктар. — Пра старэйшых кажу «мае старцы» — гэта ж мудрасць, дабрыня, цеплыня, вялікі вопыт. У многіх цікавы лёс. Ёсць у нас і дзядуля, які 3 ліпеня 44-га на першым танку з двума гвардзейскімі сцягамі вызваляў Мінск.
На працу
— Заўсёды кажу, што мне не падабаюцца словы «дом-інтэрнат», з імі звязваюцца вельмі цяжкія асацыяцыі. Нам больш падыходзіць назва пансіянат, дзе можна адчуць цяпло, утульнасць, дабрыню, — заўважае Алена Варывончык. — Думаю, што ўсе, хто жыве ў нас, удзячны дзяржаве за клопат і ўвагу. Я хачу, каб людзі памяталі, што гэта іх дом, ды яны самі стараюцца зрабіць яго больш утульным, сцены заўсёды ўпрыгожаны іх работамі. У нас ёсць свая майстэрня, мужчыны могуць папрацаваць за станкамі, а жанчыны вяжуць, шыюць, робяць аплікацыі на тканіне, ды чаго толькі не прыдумляюць!
Працатэрапія таксама лечыць, дапамагае аднавіць страчаныя за час хваробы навыкі. Так, ва ўстанову трапіла жанчына, якая перанесла два інсульты. Рукі яе не слухаліся. Спачатку ёй далі скрынку з неапрацаваным бурштынам, і яна перабірала маленькія сонечныя каменьчыкі. Пасля паспрабавала валяць. Паступова аднаўляўся моўны апарат. І ўжо яна ўзялася за спіцы і шыдэлак. Навязала квадратаў, з якіх зробіць стракаты плед.
— Наш пазітыўчык, усіх дзяўчат падтрымлівае. І самы галоўны працаўнік. Бывае, часам хандрыць, але хутка бярэ сябе ў рукі, — прадстаўляюць мне Таццяну Тарасаўну Міцько.
— Я прыехала сюды пасля аперацыі, два месяцы нічога ў рот не магла ўзяць, мне нават вада была горкая. Была я худая-худая, рука мая не працавала. Баялася куды-небудзь выбрацца. А сёння ўжо сама з ложка ўстаю і куды хочаш заеду. Абслугоўванне тут цудоўнае, я чысценькая, дагледжаная, тут і мыюць. А дабрыні колькі! Я шмат у бальніцах паляжала, а такіх цудоўных людзей не сустракала... У інтэрнэце чытала, як адкрываліся такія ўстановы для пажылых. Тады яшчэ з дзвюма нагамі была, падумала, калі што са мной здарыцца, пайду толькі ў гэты дом. А як нагу аднялі, вырашыла: толькі ў «Світанак», ні за што не застануся ў кватэры, там ні прыстасаванняў, нічога няма. Як прыехала, мне адразу ўсё спадабалася. Ні разу не пашкадавала... Вось зараз на працу збіраюся, — расказвае бабуля.
Альтэрнатыва
На Міншчыне апрабоўваўся праект, згодна з якім бабулі і дзядулі (у эксперыменце ўдзельнічалі людзі, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту і не мелі ў сталіцы сваякоў, якія па законе абавязаны іх утрымліваць) маглі перадаць сваё жыллё ў абмен на поўнае дзяржзабеспячэнне. Прычым прапаноўваліся розныя варыянты. Так, рэнтнікі маглі разлічваць на догляд дома (сацработнікі прыходзяць пяць разоў на тыдзень), з бюджэту аплачваецца камуналка. Некаторыя састарэлыя (у тым ліку і сямейныя пары) вырашылі абмяняць кватэру на пражыванне з кругласутачным доглядам і абслугоўваннем у доме-інтэрнаце «Світанак». Ва ўсіх удзельнікаў праекта захоўвалася пенсія і штомесяц яны атрымлівалі рэнтныя платы. Плануецца такую практыку працягнуць і ў найбліжэйшым часе распачаць і ў іншых рэгіёнах краіны.
Па дагаворы рэнты ў «Світанак» пераехаў Вікенцій Арцёмавіч Страха.
— За 26 гадоў, што адслужыў у арміі, у мяне не было ніводнага спагнання, толькі падзякі, і даслужыўся да падпалкоўніка-інжынера. А ўсё чаму? Не піў, не курыў. Сумленна служыў, — распачынае знаёмства Вікенцій Арцёмавіч. — Разам з жонкай вырашылі абмяняць кватэру на пражыванне тут. Але яна памерла ў 2014 годзе. А я вось застаўся. Тут ужо трэцюю зіму. Мне 88 год пайшоў. Адсюль нікуды і не пайду, для мяне тут усё — лекі, ежа, вопратка — бясплатнае. Адміністрацыя добрая. І прэтэнзій у мяне няма; тут і памыюць, і прыбяруць. Ды і сам, пакуль рукі і ногі працуюць, магу пыласос узяць, пакой пачысціць...
Дзядуля прамаўчаў пра тое, што, калі яго жонкі не стала, гараваў вельмі і нават думаў з'ехаць. Але ўсё ж застаўся... А мо і добра, што яго апошні дом — гэта не бетонная каробка, дзе б ён заставаўся ў шчымлівай цішыні, а такі прыстанак, дзе ёсць з кім перакінуцца словам, дзе можна сустрэць людзей, якія вучацца і вучаць цаніць кожны пражыты дзень.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] mailto:dzіadzіula@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/dapamoga
[6] https://zviazda.by/be/tags/pazhylyya-lyudzi
[7] https://zviazda.by/be/tags/starasc
[8] https://zviazda.by/be/tags/hobi
[9] https://zviazda.by/be/tags/adzinota
[10] https://zviazda.by/be/tags/dom-internat
[11] https://zviazda.by/be/tags/dom-internac-dlya-veteranau-vayny-i-pracy-svitanak