Больш як чатыры сотні педагогаў з усёй краіны сталі ўдзельнікамі VІ Рэспубліканскага Каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства, які адкрыўся ўчора ў Мінску. Ініцыятыва яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.
— На свеце няма больш маральна-арыентаванай, адказнай і шматграннай прафесіі, чым прафесія педагога. Сярод яе прадстаўнікоў, якіх называюць лепшымі з лепшых, ёсць традыцыя — вучыць не толькі сваіх вучняў, але і шчодра дзяліцца сваім досведам і сваімі ідэямі з калегамі,— падкрэслівае рэктар акадэміі, кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй МАНАСТЫРНЫ. — Майстэрства настаўніка — не выпадковая ўдача і не шчаслівая знаходка, а сістэматычная карпатлівая праца, пастаянныя пошукі і спробы самаўдасканалення...
Сёння мы кажам пра тое, што кожны ўрок павінен праходзіць у атмасферы інтэлектуальных, маральных і эстэтычных хваляванняў, сутыкненняў розных пунктаў погляду і меркаванняў, пошуку праўды і магчымых шляхоў вырашэння праблемы. І няважна, які прадмет выкладае настаўнік: галоўнае — якія ўмовы ён стварае на сваіх уроках для гарманічнага выхавання асобы.
На думку Андрэя Манастырнага, выхаваўчы патэнцыял урока ў многім залежыць ад прафесіяналізму педагога: ці з'яўляецца той для дзіцяці аўтарытэтам, ці стварае на сваіх уроках умовы для развіцця і пакарэння новых вышынь?
Ён падкрэслівае, што сёння настаўнікам стала намнога складаней працаваць з бацькамі вучняў, і справа не толькі ў тым, што аўтарытэт педагога як самага кампетэнтнага чалавека, як адзінай крыніцы ведаў ужо не абсалютны. Важнай праблемай стала разыходжанне ідэалаў у сям'і і школы: для чаго трэба вучыцца, што дадуць тыя ці іншыя веды і навыкі, якія мэты трэба ставіць перад сабой? Сям'я нярэдка імкнецца прывіць дзіцяці вельмі вузкапрагматычныя, матэрыяльныя і кар'ерысцкія ўстаноўкі...
Усяго на фестывалі запланавана правядзенне 77 майстар-класаў, педагагічных студый, урокаў для дарослых, практыкумаў, інтэрактыўных перапынкаў і іншых мерапрыемстваў, якія праводзяць члены Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў «Імкненне» і клуба «Крыштальны журавель».
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:nіkalaeva@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/kalyadny-festyval-pedagagichnaga-maysterstva
[6] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-paslyadyplomnay-adukacyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-pedagagichnae-tavarystva
[8] https://zviazda.by/be/tags/andrey-manastyrny