У дзяцінстве яна зачытвалася дэтэктывамі Агаты Крысці, уяўляла сябе агентам 007, не прапускала ніводнай серыі фільма «Вяртанне Мухтара» і марыла пра нямецкую аўчарку.
Сабаку ёй не купілі, але дзіцячая мара перарасла ў мэту — стаць міліцыянерам. І зараз мая аднакласніца Валерыя Крышталь рыхтуецца да паступлення ў Акадэмію МУС. Як вядома, для гэтага патрэбна добрая фізічная падрыхтоўка. Але Лера заўсёды была спартыўнай дзяўчынкай, з дзяцінства займалася танцамі, удзельнічала ў школьных спартландыях, некалькі разоў абараняла гонар школы ў раённых спаборніцтвах па мнагабор'і.
— Падчас кірмашоў і фестываляў ніколі не прапускаю магчымасці праверыць сваю трапнасць у ціры. Звычайна выбіваю 35 з 40, але не апускаю вінтоўку, пакуль не патраплю ў «яблычак», — прызнаецца дзяўчына.
Бацькі не падзяляюць выбар дачкі, а сябры, ведаючы Леру, раяць паступаць у Інстытут культуры. На самай справе, Валерыя вельмі творчая і ініцыятыўная. Колькі памятае сябе — спявае, а яшчэ займалася ў фальклорным гуртку «Скарбніца», была адзначана дыпломам на раённым фестывалі беларускай народнай творчасці «Беларусь — мая песня». Апроч таго, дзяўчына — нязменная вядучая школьных свят і вечароў.
Год таму Валерыя скончыла мастацкую школу. Яе дыпломнай работай была карціна ў стылі сюррэалізму. У гэтым кірунку пісалі, напрыклад, Сальвадор Далі і Марк Шагал. На карціне «Выбар» Валерыя намалявала дзяўчыну ў доўгай фіялетавай сукенцы, якая знаходзіцца ў пошуку ўнутранага «я» і свайго жыццёвага шляху. Як прызнаецца Лера, менавіта цяпер яна, як ніколі, разумее сваю гераіню, таму што і сама стаіць перад выбарам:
— Я, вядома, паважаю меркаванне бацькоў і сяброў, але ўсё ж такі прафесію трэба выбіраць па душы, і я адчуваю, што крыміналістыка — гэта маё прызванне. Творчасць застанецца са мной і будзе часткай майго жыцця, а стаўшы міліцыянерам, я змагу прынесці рэальную карысць грамадству.
Валянціна Трубач, вучаніца 11 класа гімназіі №10 г. Маладзечна
Пра аўтара
Як кажа сама аўтарка, за 17 гадоў жыцця ў яе было шмат захапленняў: выпальванне, пляценне з пацерак, танцы, камп'ютарная графіка. Дзесяць гадоў Валянціна займалася ўсходнімі адзінаборствамі. Любіць чытаць класічную рускую і беларускую літаратуру.
— Цяпер маё галоўнае пытанне: кім быць? — прызнаецца дзяўчына. — Мне вельмі падабаецца пісаць кароткія замалёўкі, эсэ, сачыненні, нататкі. Я планую паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ. Як і гераіня нататкі, хачу праз гэтую прафесію прыносіць карысць грамадству.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/ya-malady-i-mne-ne-usyo-rouna-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0