У праграму семінара “Міжнародныя рэйтынгі як інструмент інтэрнацыяналізацыі ўніверсітэтаў” уключаны выступленні экспертаў у галіне ўзаемадзеяння з міжнароднымі акрэдытацыйнымі і рэйтынгавымі агенцтвамі. У прыватнасці, пра досвед удзелу БДУ і ўвогуле пра перспектывы ўдзелу ў рэйтынгах раскажа яго прарэктар па вучэбнай рабоце Аляксей Тоўсцік. Таксама запланавана разгледзець пытанні, якія тычацца інфарматызацыі універсітэта як аднаго з фактараў павышэння пазіцый ВНУ ў міжнародных рэйтынгах і іх інтэграцыі ў сусветную інфармацыйную прастору, а таксама прааналізаваць ролю бібліятэк у рэйтынгавых стратэгіях універсітэтаў.
З дакладам “Прасоўванне ўніверсітэта на міжнароднай арэне” выступіць рэгіянальны дырэктар па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі кансалтынгавай кампаніі Quacquarelli Symonds (QS) (Лондан, Вялікабрытанія) Зоя Зайцава. Яна правядзе для ўдзельнікаў майстар-клас па прасоўванні пазіцый універсітэтаў у міжнародных рэйтынгах і метадалогіі іх правядзення.
Для даведкі: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на працягу апошніх дзесяці гадоў актыўна і паспяхова ўдзельнічае ў міжнародных рэйтынгах. Сёння вядучая ВНУ краіны знаходзіцца на 354-м месцы ў рэйтынгу універсітэтаў свету QS World University Rankings, апублікаваным агенцтвам QS. Гэтае агенцтва прадаставіла універсітэту права выкарыстоўваць сваю эмблему для абазначэння высокай міжнароднай рэпутацыі на сайце ВНУ і ў друкаваных матэрыялах.
У самым масавым міжнародным рэйтынгу Webometrics, які разлічваецца даследчай групай з Іспаніі, БДУ сярод універсітэтаў краін СНД займае трэцюю пазіцыю пасля Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В. Ламаносава і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта. Брытанскі спецыялізаваны часопіс Times Higher Education таксама уключыў БДУ ў лік лепшых універсітэтаў свету. Белдзяржуніверсітэт пакуль застаецца адзінай беларускай ВНУ, якая адзначана гэтым прэстыжным выданнем.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/vnu
[3] https://zviazda.by/be/tags/mizhnarodnyya-reytyngi