Шчаўкунок на ёлцы. А таксама Каламбіна, П'еро, Сіньёр Памідор, карэта для Папялушкі, Планета Маленькага прынца... Больш за 90 крэатыўных цацак упрыгожылі ёлку ў фае Вялікага тэатра оперы і балета.
Самай маленькай удзельніцы конкурсу «Навагодняя тэатральная лялька» — усяго чатыры годзікі: Сафійка Цвірко пры дапамозе мамы зрабіла балерыну-анёла. Самага ж вялікага тэатральнага героя давялося размясціць побач з ёлкай: і не дзіўна, бо памерам Шчаўкунок, якога пашыў Саша Пастушкоў, — у палову дарослага чалавека. Цацкі зроблены з самых розных матэрыялаў: паперы, пап'е-машэ, гліны, тканіны, ваты...
— А вось, паглядзіце, якая арыгінальная ёлка... з макаронаў, — усміхаецца намеснік генеральнага дырэктара Вялікага тэатра оперы і балета Святлана Казюліна. — Першае месца заняла вось гэтая тэмпераментная Кармэн сям'і Сінкэ, другое — карэта для Папялушкі Кацярыны Шафранскай, трэцяе — Шчаўкунок Міхаіла Клімава. Гран-пры журы прысудзіла Анастасіі Тузік за ляльку «Каралева». Асабіста ж мяне ўразіла філігранная работа пад назвай «Ноч перад Раством»: унутры шклянога шарыка з пластыліну дзесяцігадовая дзяўчынка разам з бацькамі вылепіла казачны дамок і ялінку. Як бачыце, дзіцячая фантазія не мае межаў...
Самымі папулярнымі сярод канкурсантаў былі вобразы Шчаўкунка, Жар-птушкі і Кармэн.
— Гэтыя лялькі зрабілі, бясспрэчна, нашы пастаянныя гледачы, — кажа Святлана Казюліна. — Конкурс «Навагодняя тэатральная лялька» праводзіцца ў межах адукацыйнага праекта «Вялікі тэатр — дзецям». Штомесяц мы бясплатна знаёмім нашу юную аўдыторыю з шэдэўрамі сусветнай класікі, распавядаем пра кампазітараў, музычныя інструменты. Прычым робім гэта ў інтэрактыўнай форме. Мне пашчасціла вырасці ў сям'і з цудоўнай традыцыяй. Штомесяц як мінімум адзін раз мы наведвалі нейкія ўстановы культуры: музей, цырк... Але ў тэатры оперы і балета бывалі значна часцей. Гэта і не дзіўна (усміхаецца). Мама нават за некалькі гадзін да таго, як мяне нарадзіць, глядзела «Лебядзінае возера» ў Марыінскім тэатры (я нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу). Сёння разумею, што менавіта гэтая цудоўная сямейная традыцыя паўплывала на мой выбар прафесіі. Я вельмі хацела б, каб іншыя дзеткі прыходзілі ў наш тэатр як мага часцей разам з бацькамі, бабулямі і дзядулямі і адчувалі тут атмасферу свята. Менавіта, каб зацікавіць іх, тры гады таму і нарадзілася ідэя конкурсу на лепшую тэатральную сямейную ляльку. Нашы гледачы яго вельмі чакаюць. Той факт, што дзеці ўжо ў кастрычніку, калі мы яшчэ не аб'явілі конкурс, прыходзячы ў тэатр, прыносяць свае цацкі, кажа сам за сябе. Калі летась было 10 намінацый, сёлета зрабілі 22. Асабліва кранальна было бачыць акуратна запакаваныя пасылкі, на якіх вялікімі дзіцячымі літарамі было выведзена: «Калі ласка, асцярожна!» Традыцыйна ўсе рукатворныя тэатральныя цацкі мы перададзім сталічнай дапаможнай школе-інтэрнату №10.
Нягледзячы на тое, што пераможцаў толькі чацвёра, ні адно дзіця не пайшло з тэатра без падарунка. Абсалютна ўсе ўдзельнікі атрымалі ад Дзеда Мароза і Снягуркі дыпломы і памятныя сувеніры. І дружна пайшлі глядзець разам са сваімі бацькамі казачны балет «Жар-птушка». «Вось сёння паглядзім «Жар-птушку», — выпадкова пачула ўрывак з размовы бабулі са сваімі двума ўнукамі, што разглядалі цацкі на ёлцы, — а потым на балет «Шчаўкунок» абавязкова вас зваджу...
Надзея ДРЫЛА
dryla@zviazda.by [3]
Фота Наталлі Баграцовай
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-dryla
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:dryla@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/navagodnyaya-teatralnaya-lyalka
[5] https://zviazda.by/be/tags/cacki
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta