Сістэму дыстанцыйнага кардыяманіторынгу «Начны дазор», якая дазваляе кантраляваць здароўе людзей у любы час сутак, распрацавалі ў БДУ.
Навуковая ідэя належыць кандыдату тэхнічных навук, дацэнту кафедры фізічнага выхавання і спорту БДУ Валянціну Ярмалінскаму. Над яе ўвасабленнем працуюць вучоныя БДУ, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Акадэміі навук Беларусі, а таксама супрацоўнікі беларускай і расійскай прыборабудаўнічых кампаній.
Сістэма нацэлена на прафілактыку сардэчна-сасудзістых захворванняў у людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. У прыватнасці, гаворка ідзе пра забеспячэнне недарагімі прыборамі хворых, якія маюць патрэбу ў дамашнім і начным кардыяманіторынгу, людзей, якія праходзяць постынфарктную рэабілітацыю, перанеслі аортакаранарнае шунціраванне і іншых. У групу рызыкі ўваходзяць таксама і спартсмены: для іх важна кантраляваць стан сэрца ў першыя гадзіны пасля трэніроўкі. А падчас спаборніцтваў вельмі важны і начны кантроль за арганізмам.
Рэалізацыя праекта забяспечыць новы ўзровень аказання медыцынскай дапамогі, заснаванай на адначасовым узаемадзеянні службаў медыцынскай дапамогі, надзвычайных сітуацый, праваахоўных органаў і іншых. Пацыенты будуць знаходзіцца пад пільным кантролем мабільных праграм, устаноўленых на смартфонах карыстальнікаў, а таксама праграм на галаўным вэб-серверы. Экстранныя службы адрэагуюць адразу пасля атрымання трывожнага сігналу ад аператара ці непасрэдна ад кардыягаджэта. Гэты апарат уяўляе сабой бесправадны кішэнны прыбор, які ажыццяўляе ЭКГ, экспрэс-дыягностыку і самакантроль узроўню псіхаэмацыянальнага і фізічнага стрэсу, выяўляе вегетатыўныя парушэнні, забяспечвае кантроль дынамікі фізічнай працаздольнасці пры постынфарктнай рэабілітацыі і фізічнай самападрыхтоўцы. Мяркуецца, што «Начны дазор» дазволіць зменшыць колькасць раптоўных смяротных выпадкаў, якія адбываюцца з-за немагчымасці хуткага аказання медыцынскай дапамогі.
У цяперашні час атрыманы першыя вынікі тэрміновага і дыстанцыйнага маніторынгу стану сэрца ў студэнцкім асяроддзі. Студэнты тэсціруюцца ў лабараторыі, на занятках фізічнай культурай і спортам, у гадзіны начнога сну, пры рабоце за камп'ютарам і ў іншых сітуацыях. База даных, што фарміруецца, дапамагае адпрацаваць алгарытм работы праграмнага забеспячэння. Серыйную вытворчасць прыбораў плануецца распачаць у бягучым годзе ў прыборабудаўнічых кампаніях Беларусі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] mailto:nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/sistema-dystancyynaga-kardyyamanitoryngu
[6] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[7] https://zviazda.by/be/tags/valyancin-yarmalinski