Кажуць, на святы ў людзях абвастраецца пачуццё дабрыні і міласэрнасці, а перад Новым годам у чараўніцтва здольныя паверыць, здаецца, самыя ўпартыя рэалісты. Аднак ёсць у свеце тыя, хто заўсёды гатовы дапамагчы словам ці справай. Такія, як дзве нашы гераіні, якія разгаварыліся з карэспандэнтамі «Звязды», калі тыя збіралі ў ГУМе [3] гасцінцы для выхаванцаў дзіцячага дома №5 [4]. Яны палічылі сваім абавязкам зрабіць малым адмысловыя падарункі.
«Як пабачыла вас у ГУМе, дык адразу тату ўспомніла»
Кацярына Казюбра заўжды возіць з сабой цукеркі і частуе чужых дзетак, калі яны пачынаюць капрызіць, бо сама ведае, як цяжка бывае суцешыць малога — выгадавала сваіх траіх. Сын, двое дачок, а таксама пяцёра ўнукаў — самае вялікае багацце ў жыцці жанчыны. А яшчэ яна паспявае дапамагаць даглядаць старых ці малых, калі клічуць. Яе шырокай добрай душы хапае на ўсіх. А людзі кажуць пра Кацярыну, што пагаварылі з ёй і — як у царкву схадзілі.
— Я аптымістка, — тлумачыць Кацярына. — Мяне пасярод ночы разбудзі, скажы, што трэба дапамагчы, — і я пайду, нават калі цяжка будзе ўставаць.
У мамы Кацярыны было чацвёра дзяцей, апошняга з якіх яна нарадзіла ў 42 гады. А малодшая дачка нашай гераіні Валянціна з'явілася ў маці, калі той было 37, ды так і засталася жыць у роднай хаце разам з бацькамі і сваёй сям'ёй: мужам Сашам ды дачкой Ульянай. Для поўнага складу вялікай сям'і варта далічыць сабаку Сімку і кошку Кнопку.
— Я ўжо прывыкла, што нас шмат, гэта ж добра. Чатыры гады таму з'явіўся зяць, праз некалькі месяцаў ён папрасіў дазволу прынесці кошку. Цяпер яна ў нас доктар — спіць у мяне ў нагах і лечыць іх. Пасля ўнучцы купілі сабаку, так што ў нас не засумуеш, — смяецца Кацярына...
Чулая жанчына, як і абяцала, падрыхтавала для выхаванцаў дзетдома падарункі — вязаныя хатнія пантофлі. Рознакаляровыя, з узорамі, утульныя і зручныя, іх хапіла кожнаму. Кацярына вяжа штовечар і раздае свае вырабы проста так, каму спатрэбіцца. Толькі, кажа, нітак не хапае — дужа дорага іх купляць, а спыніцца і не рабіць ужо не можа. Тым больш што хутка разыходзяцца яе шкарпэткі ды пантофлі разам з кропляй дабрыні яе чулага сэрца. Дочкі жанчыны таксама вязаць умеюць, і нават Ульяна ўжо ніткі дапамагае бабулі перамотваць.
Бацька нашай гераіні пастаянна выпісваў «Звязду», і яна таксама заўжды чытала газету.
— Я як пабачыла вас у ГУМе, дык адразу тату ўспомніла, аж праслязілася, — прызналася жанчына.
На развітанне Кацярына абняла нас. Яна ўпэўнена, што такім чынам трэба і вітацца, і развітвацца. І ведаеце, мы адчулі, што жанчына падзялілася з намі той пазітыўнай энергіяй, якой, не раздумваючы, шчодра надзяляе ўсіх навакольных.
«Лепш аддаць тым, хто скарыстае»
Мая Ражкова навучылася вышываць у пяць гадоў — дарыла выхавацелям маленькія карцінкі, зробленыя сваімі рукамі, а ў сем матуля купіла ёй першую швейную машынку.
— Мы жылі ў бараку, тэлевізар быў у пакоі іншай сям'і, таму вечарамі часта рукадзельнічалі. Мама навучыла мяне асновам вязання, а потым мне сталі выпісваць «Работніцу і сялянку« і «Работницу», дзе былі ўрокі вязання і шыцця, — па іх і навучылася. А цудоўная настаўніца працы прывучала нас шыць адзенне для сябе, — успамінае наша гераіня. — У часы дэфіцыту на святы дарылі адрэзы тканіны: сацін, паркаль — мне мама іх аддавала.
У дом на вуліцы Сярова (цяпер яна тут жыве з дачкой, зяцем, малодшай унучкай Сафіяй і сабакам Наомі) сям'я Маі Ражковай пераехала ў 1960 годзе. З суседкамі яны стварылі сапраўдны клуб аматараў вязання. Куплялі тасьму, шкарпэткі і распускалі іх на ніткі, бо не было з чаго вязаць.
— Мама купляла ў «камісіёнках» танныя рэчы — іх таксама распускалі і перавязвалі на сябе. Нават з капронавых нітак вязалі, — дзеліцца жанчына. — Сваім дзецям Артуру і Надзеі я таксама шмат вязала. Шыла ўсе карнавальныя касцюмы ўнучкам, пасля яшчэ і ўнучкі сябровак у гэтых уборах хадзілі. Мае Карына і Аліна вельмі добра малююць. Што на паперы адлюструюць — тое і зраблю.
Калі майстрыха, падышоўшы да нашай скрыні з падарункамі ў ГУМе, даведалася, што дзяўчаты з дзіцячага дома таксама шмат рукадзельнічаюць, наказала карэспандэнтам абавязкова прыехаць — падрыхтуе гасцінцы. Завітаўшы да рукадзельніцы, мы нават уявіць не маглі, што гасцінцы — гэта пяць аб'ёмных пакетаў з ніткамі, пруткамі, стужкамі, кавалкамі і цэлымі адрэзамі тканіны, багатым бліскучым россыпам тасьмы, пацерак ды махроў. Меліся тут і сшытыя рукамі майстрыхі сукенкі, і карнавальны касцюм, які ў дзіцячым доме адразу быў «запісаны» ў мясцовы тэатральны рэквізіт.
— У мяне накапілася ўсяго за столькі гадоў. Самой ужо цяжка шыць — пальцы баляць, — тлумачыць яна. — Лепш аддаць таму, хто скарыстае.
Ірына СІДАРОК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/news/20161222/1482436620-zvyazda-dapamagla-stalichnamu-dzicyachamu-domu-no5
[4] http://zviazda.by/be/news/20170105/1483636705-zvyazda-peradala-padarunki-vyhavancam-stalichnaga-dzicyachaga-doma-no5
[5] mailto:sіdarok@zvіazda.by
[6] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci
[7] https://zviazda.by/be/tags/dzicyachy-dom-no5