Першыя цацкі з’яўляюцца ў хаце, калі толькі нараджаецца немаўля. Шматлікія бразготкі, мяккія зайчаняткі і коцікі, мобілі над калыскай... Сучасныя бацькі не шкадуюць грошай на сваіх любых дзетак і з кожным годам (дакладней, з кожным святам) жытло ўсё больш запаўняецца рознымі цацкамі, бо бабулі і дзядулі, цёткі і дзядзькі лічаць ганаровай павіннасцю прынесці самага вялікага мядзведзіка альбо найноўшы аўтамабіль для маленькага карапуза. Мала хто з іх задумваецца, ці бяспечныя цацкі для малога і для навакольнага асяроддзя.
Сённяшняе жыццё патрабуе ад нас увагі пры выбары цацак. Для гэтага трэба агучыць колькі простых парад:
Гарантаваць бяспеку дапаможа знак сертыфікацыі. Маленькі прышыты лагатып гаворыць аб тым, што ляльку правяралі спецыялісты ў адпаведнасці з рознымі нормамі.
"СТБ" – айчынны маркіровачны знак паведамляе, што сертыфікацыя праведзена адпаведна з беларускім заканадаўствам.
"РСТ" – расійскі адпаведнік, гарантуе бяспеку адпаведна расійскаму заканадаўству.
"УкрСЕПРА" – знак украінскай маркіроўкі, які таксама гарантуе бяспеку.
"ЕАС" – адзіны знак для ўсіх краін Еўразійскага эканамічнага саюза, выраб адказвае ўсім патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Саюза.
Асаблівай увагі заслугоўвае знак С Е, паколькі ён сведчыць пра тое, што выраб адпавядае асноўным запатрабаванням дырэктыў і стандартам Еўрапейскага саюза, з’яўляецца бяспечным для здароўя і навакольнага асяроддзя.
Ніякага дачынення да яго не мае знак СЕ (China Export), які азначае, што тавар быў выраблены ў Кітаі. Знакі нездарма лёгка пераблытаць – усё зроблена, каб увесці ў зман пакупніка, падсунуць няякасны і нават шкодны тавар. Будзьце пільнымі – шмат якія кітайскія вырабы небяспечныя!
Зрабі сам!
Добрая прыказка "хочаш зрабіць нешта добра – зрабі гэта сам" датычыцца і цацак. Так, лялька са старой шкарпэткі ці фігурка з салёнага цеста-пластыліну таксама спадабаюцца дзіцяці і могуць стаць героямі гульняў нават на некалькі гадоў. А як прыемна разам рабіць штонебудзь сваімі рукамі! Гэта карысна для развіцця фантазіі, паляпшэння адносінаў паміж бацькамі і дзецьмі і для наваколля. Асаблівы крэатыў праявяць бацькі, якія зробяць цацкі з прыродных матэрыялаў.
Вольга ПРАЛЮК
Фота Надзеі БУЖАН
Друкуецца ў часопісе "Родная прырода" [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-pralyuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/be/edition/rodnaya-pryroda
[4] https://zviazda.by/be/tags/cacki
[5] https://zviazda.by/be/tags/yakasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/znak-sertyfikacyi