«Сучасная навука — гэта камандная гульня. Час адзіночак прайшоў. Узровень даследаванняў і складанасці сучасных тэхналогій не дазваляюць вырашаць задачы ў адзіночку. Для гэтага патрабуюцца шматпрофільныя каманды спецыялістаў з самых розных галін, якія ўмеюць па-новаму паглядзець на праблему і знайсці нестандартныя рашэнні», — такую думку выказаў падчас фінальнага этапу Рэспубліканскага фестывалю маладзёжнай універсітэцкай навукі першы намеснік міністра адукацыі Вадзім БОГУШ.
Фестываль стартаваў у сценах Ліцэя БДУ ў студзені 2016 года і стаў адным з самых маштабных навуковых рэспубліканскіх маладзёжных мерапрыемстваў — за год ён завітаў ва ўсе рэгіёны краіны: фестывальныя мерапрыемствы праходзілі на базе БДУ, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, БНТУ, БДПУ і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Ідэя праекта заключалася ў тым, каб заразіць студэнтаў «вірусам» навуковых пошукаў, прадставіць маладым даследчыкам пляцоўку для прэзентацыі іх ідэй. Сімвалічна, што і апошняя кропка была пастаўлена таксама ў Ліцэі БДУ, дзе падвялі вынікі года.
— Дзякуй і моладзі, якая прымала самы актыўны ўдзел ва ўсіх этапах фестывальных мерапрыемстваў, і іх педагогам, навуковым кіраўнікам, без якіх, безумоўна, былі б немагчымыя самыя першыя, яшчэ нясмелыя, крокі ў навуку, — падкрэсліў Вадзім Богуш. — На працягу года ў маладых навукоўцаў была магчымасць устанавіць кантакты са старэйшымі калегамі. Яны маглі абмеркаваць з імі праблемныя пытанні, паказаць сябе і ўбачыць свае перспектывы для далейшага прафесійнага росту. Мяркую, усе гэтыя мэты дасягнуты.
Вадзім Богуш адзначыў, што ў апошнія гады назіраецца прырост ахвотных паступіць у аспірантуру. «У маладых людзей ёсць жаданне займацца навукай. Але прафесія вучонага — не для ўсіх, а толькі для тых, хто з'яўляецца даследчыкам па сваёй сутнасці... Затое навука — найлепшая магчымасць для самарэалізацыі... Інавацыі, крэатыў, пошук новага там, дзе, здавалася б, ужо ўсё вядома і адкрыта, — прэрагатыва маладых і энергічных, тых, хто прагне адкрыццяў і гатовы да іх».
Вадзім Богуш запэўніў, што галоўнае адукацыйнае ведамства заўсёды будзе падтрымліваць ініцыятыўную моладзь. У 2017 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі плануе вылучыць не менш як 100 грантаў для маладых навукоўцаў на правядзенне даследаванняў па актуальных праблемах.
У беларускіх ВНУ сёння дзейнічае больш як 200 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і 1000 навуковых гурткоў. Штогод у навуковых даследаваннях удзельнічаюць больш як 90 тысяч студэнтаў і аспірантаў.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:n%D1%96kalaeva@zv%D1%96azda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/festyval-maladzyozhnay-universiteckay-navuki
[6] https://zviazda.by/be/tags/vadzim-bogush