Мазырскі цэнтр цыркавога мастацтва «Арэна» другі год запар будзе прадстаўляць Беларусь на самым прэстыжным міжнародным юнацкім цыркавым фестывалі «Новае пакаленне», які адбудзецца з 4 па 5 лютага ў горадзе Монтэ-Карла. Летась трыа паветраных гімнастаў прывезла з княства Манака спецыяльныя прызы. Сёлета ў Монтэ-Карла будуць выступаць канатаходцы «Арэны».
У нумары ўдзельнічаюць артысты ад 13 да 20 гадоў. Беларусы плануюць здзіўляць журы і публіку неверагодна складанымі трукамі: праехаць па канаце на роліках, на адным коле, прайсці з партнёрамі на плячах, а затым — з заплюшчанымі вачыма. Усе гэтыя і іншыя трукі выконваюць падлеткі. Зрабіць падобнае ніхто з іх аднагодкаў на постсавецкай прасторы пакуль не спрабаваў. Між тым на міжнародным фестывалі ў Кіеве, які праходзіў летась, нумар канатаходцаў ужо атрымаў Гран-пры.
Нумар складаны тэхнічна, таму абсталяванне для яго будзе дастаўляцца ў Манака з Мазыра. З сабой бяруць і майстра, які гэта зробіць прафесійна. Мастацкі кіраўнік студыі цыркавога мастацтва «Арэна» Марыя Кузняцова гаворыць, што спрабавалі па сваім цыркавым вопыце ўзнавіць нумар знакамітых савецкіх канатаходцаў Валжанскіх:
— Вядома, мы ўнеслі сюды вельмі шмат сваіх сакрэтаў, сваіх новых трукаў. Тых, каго адзначаюць на конкурсе ў Монтэ-Карла, звычайна чакае поспех у будучыні, бо на гэтым фестывалі прысутнічаюць, як правіла, усе знакамітыя імпрэсарыа свету.
Мазырскай цыркавой студыі — дзесяць гадоў. Аматарскі калектыў паспяхова гастралюе па краіне і дае да пяці сур'ёзных канцэртаў у месяц. Чатырнаццаць юных артыстаў з'яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
іоst@zvіаzdа.bу [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-moladz-demagrafiya
[4] mailto:іоst@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/arena
[6] https://zviazda.by/be/tags/mazyr
[7] https://zviazda.by/be/tags/monte-karla
[8] https://zviazda.by/be/tags/novae-pakalenne