З учарашняга дня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстаўка «Зброя Перамогі». Такім чынам, працягваецца фотапраект, арганізаваны рэдакцыяй газеты «Гомельскія ведамасці» і Гомельскім абласным музеем ваеннай славы да 70-годдзя Вялікай Перамогі.
На фотаздымках — ветэраны са зброяй у руках. Менавіта з ёй (цяпер гэта музейныя экспанаты) яны вызвалялі нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, змагаліся за будучыню свайго народа на чужыне.
За кожнай вінтоўкай і кулямётам, артылерыйскім і танкавым выстралам, кінутай гранатай і гулам самалёта схаваны лёс чалавека, у руках якога зброя і тэхніка ў жорсткім баі з ворагам пераўтвараліся ў магутную сілу. Кожнаму з герояў праекта — не менш як 90 гадоў. Але і сёння, поўныя бадзёрасці і аптымізму, ветэраны на сваім прыкладзе вучаць маладое пакаленне змагацца з жыццёвымі цяжкасцямі.
Дапаўняюць экспазіцыю газетныя старонкі, што распавядаюць пра франтавікоў, чые воля і мужнасць па сваёй моцы не саступалі зброевай сталі. Пазнаёміцца з ветэранамі, якія шмат гадоў таму прайшлі дарогамі вайны, можна па 26 лютага ўключна. Наведванне выставы — па ўваходным білеце ў музей.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/muzey-vyalikay-aychynnay-vayny
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystava
[4] https://zviazda.by/be/tags/zbroya
[5] https://zviazda.by/be/tags/fotazdymki