Распрацоўшчыкамі АПК "Каліброўка" выступілі супрацоўнікі аддзела аэракасмічных даследаванняў Інстытута прыкладных фізічных праблем БДУ.
Як патлумачылі аўтары інавацыі яе сутнасць, у перыяд эксплуатацыі апаратуры Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і іншых апаратаў адбываецца натуральнае адхіленне ад зыходных характарыстык прыбораў для здымак выяў. Праблема іх абслугоўвання актуальная ва ўсім свеце, паколькі практычнае выкарыстанне патрабуе забеспячэння якасці атрыманай з космасу інфармацыі. Касмічныя здымкі выкарыстоўваюцца ў інтарэсах розных міністэрстваў, ведамстваў і арганізацый.
Распрацаваны ў БДУ апаратна-праграмны комплекс "Каліброўка" прызначаны менавіта для забеспячэння высокадакладнай палётнай каліброўкі спадарожнікавых здымачных сістэм. Ён дазволіць праводзіць іх карэкцыю і павысіць надзейнасць расшыфроўкі звестак. Выкарыстанне комплексу дасць магчымасць таксама вырашыць праблему ўкамплектаванасці палігонаў, якія забяспечваюць пастаянны кантроль за сістэмамі дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. АПК можа ўстанаўлівацца на палігонах на трыножкі, вышкі, а таксама эксплуатавацца з прыцягненнем авіяцыйных сродкаў. З дапамогай "Каліброўкі" можна атрымліваць дадзеныя аб наземных аб'ектах, якія фіксуюцца адначасова спадарожнікавай і наземнай сістэмамі здымак, ці незалежна адна ад адной.
Комплекс прайшоў папярэднія лабараторныя і натурныя выпрабаванні. Напрыклад, у жніўні 2015 года ў рамках палявых наземных выпрабаванняў АПК былі праведзены комплексныя геолага-геафізічныя і геаэкалагічных даследаванні тэставых участкаў на астравах Курыльскай грады, якія суправаджаліся вымярэннямі спектральных параметраў адлюстравання аб'ектаў, а ў ліпені 2016 года аналагічныя работы былі праведзены на паўвостраве Камчатка. Былі выкананы вулканалагічныя, геаэкалагічныя даследаванні і спектральныя вымярэнні на дзесяці астравах Курыл. Атрымана новая інфармацыя аб стане дзеючых вулканаў Курыльскіх астравоў.
Мяркуецца, што сучасны перасоўны комплекс апаратуры аптычнага дыяпазону будзе эксплуатавацца на палігонах у Беларусі (у Плешчаніцах і Заходняй Бярэзіне) і Курскім аэракасмічным палігоне ў Расійскай Федэрацыі.
У краінах СНД на дадзены момант адсутнічае вытворчасць аналагічных комплексаў. Ёсць у інавацыі БДУ і яшчэ адзін вялікі плюс - больш нізкі кошт у параўнанні з замежнымі аналагамі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kalibrouka
[2] https://zviazda.by/be/tags/bdu