Пра гэта заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля КАЧАНАВА падчас сустрэчы з калектывам Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. У сталіцы ўзровень сярэдняй заработнай платы ў $500 ужо дасягнуты. У цэлым па краіне ў снежні 2016 года сярэдняя зарплата склала 801 рубель.
— Заработная плата ў сярэднім па краіне павінна быць $500. Гэтая задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, павінна выконвацца беспярэчна. І сёння гэта задача не толькі для ўрада, міністэрстваў і ведамстваў, але і для кожнага кіраўніка кожнай арганізацыі, — адзначыла Наталля Качанава.
Іншай тэмай сустрэчы стала работа прадпрыемстваў у Год навукі. Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады, якая будзе зацверджана ў найбліжайшы час, вызначыць прыярытэтныя кірункі развіцця навукі, а таксама паставіць задачы па засваенні новых тэхналогій у розных галінах эканомікі. Асаблівая ўвага пры гэтым будзе нададзена прымяненню інавацый у вытворчасці.
— Разлічваем, што гэты год будзе пераломным у рабоце навуковых арганізацый, перш за ўсё Нацыянальнай акадэміі навук. Бо інавацыйнае развіццё, якое пазначана прыярытэтным для Беларусі, немагчыма без сучасных навукова-тэхнічных распрацовак, — адзначыла Наталля Качанава.
Айчынныя вучоныя ўжо дамагліся вышынь у сферы касмічных і інфармацыйных тэхналогій, машынабудаванні, медыцыне. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла развіццё фармацэўтычнай галіны. Доля нашых прэпаратаў на айчынным фармрынку павялічваецца, з'яўляюцца новыя беларускія лякарствы. Гэта не толькі аналагі імпартных, але і арыгінальныя распрацоўкі. Напрыклад, прэпарат для лячэння раку крыві. Наталля Качанава адзначыла, што важна, каб падобных унікальных распрацовак было больш і ў іншых навуковых сферах.
Яшчэ адзін прыярытэт — пашырэнне ўзаемадзеяння навучальных устаноў з прадпрыемствамі. Гэта дае магчымасць яшчэ ў ВНУ набыць працоўныя навыкі ў абранай прафесіі. Асаблівую ўвагу Наталля Качанава ўдзяліла пытанням развіцця навукі ў вышэйшых навучальных установах.
Надзея АНІСОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/nadzeya-anisovich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] mailto:anіsovіch@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/syarednyaya-zarplata
[6] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava