Пакуль адны пацепваліся ад холаду ў пухавіках, другія забягалі ў ледзяную ваду на некалькі секунд, трэція... плавалі, прычым, на хуткасць. У сталіцы прайшоў рэспубліканскі фестываль здаровага ладу жыцця «Вадохрышчанскія купанні» ў межах ІІ адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўным зімовым плаванні «Белгарт Мінск Опэн».
На Камсамольскім возеры, тэмпература вады ў якім была ўсяго на два градусы вышэй за нуль, сабраліся загартаваныя экстрэмалы не толькі з Беларусі, але Расіі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Бельгіі, Францыі і Аўстрыі. Усяго больш за 200 спартсменаў.
Тыя, хто не быў упэўнены ў сваіх сілах ці проста хацеў атрымаць задавальненне ад працэсу купання, маглі прыняць удзел у заплывах, дзе не фіксаваўся час. У астатніх жа была магчымасць паказаць свае здольнасці ў заплывах на 25, 50, 100, 200 і 450 метраў рознымі стылямі, а таксама эстафетах.
Выдатна праявілі сябе на чэмпіянаце прадстаўнікі Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС. У склад каманды ўвайшлі падпалкоўнік міліцыі Сяргей Галюк, маёр міліцыі Уладзімір Ярашэвіч і курсанты першапачатковай падрыхтоўкі Ксенія Самарына, Віталь Урбановіч і Аляксей Дорахаў.
У заплывах брасам Ксенія заняла адразу два прызавыя месцы: другое на дыстанцыі 50 метраў і трэцяе на дыстанцыі 25 метраў, зусім няшмат ёй не хапіла да перамогі ў 50-метроўцы вольным стылем. Віталь стаў чацвёртым у заплыве на 50 метраў і шостым у заплыве на 25 метраў брасам. Аляксею, як і Ксеніі, удалося падняцца на п'едэстал: ён стаў трэцім у заплыве на 100 метраў вольным стылем, а дыстанцыю 25 метраў брасам завяршыў сёмым. У змяшанай эстафеце вольным стылем каманда цэнтра таксама стала сёмай.
Дар'я КАСКО
kasko@zvіazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-kasko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kasko@zv%D1%96azda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/farpost-spakoyu
[5] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/belgart-minsk-open
[7] https://zviazda.by/be/tags/plavanne
[8] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat