Сёння будаўнічую галіну неабходна арыентаваць на далейшае зніжэнне выдаткаў і стварэнне камфортнага і зручнага жылля, паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль КАЛІНІН падчас выніковай калегіі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.
У прыватнасці ён адзначыў, што летась у краіне ўведзена 4 млн 285 тысяч квадратных метраў жылля, з іх з дзяржпадтрымкай — 992 тысячы квадратных метраў пры заданні 840 тысяч «квадратаў». «Шмат чаго за гэты час зроблена і па зніжэнні выдаткаў, але пакуль прапановы перавышаюць пакупную здольнасць. Значыць, наша задача — яшчэ больш сур'ёзна заняцца зніжэннем выдаткаў у жыллёвым будаўніцтве», — лічыць намеснік прэм'ер-міністра.
Паводле яго слоў, над гэтым пытаннем цяпер працуе навуковая супольнасць, праекціроўшчыкі, спецыялісты Мінбудархітэктуры. Шукаюцца варыянты, дзе можам яшчэ сэканоміць, але пры гэтым нельга забывацца пра якасць. Трэба ствараць камфортнае і зручнае жыллё. «Цяпер неабходна больш уважліва пераглядаць праектныя рашэнні, калі пры правядзенні экспертызы не будуць прапускацца спрошчаныя варыянты. Бо трэба ствараць комплексную забудову жылога асяроддзя», — растлумачыў віцэ-прэм'ер.
Анатоль Калінін прызнаў работу будаўнічай галіны ў 2016 годзе здавальняючай. «У краіне рэалізавана шмат праектаў, пры тым што істотна скараціўся аб'ём інвестыцый. Калі б інвестыцыйны капітал захоўваўся на ранейшым узроўні, мы маглі б разлічваць на больш высокую ацэнку ва ўрадзе», — удакладніў Анатоль Калінін. Ім была адзначана станоўчая тэндэнцыя ў галіне прамысловай вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Аб'ёмы вытворчасці шкла ў краіне растуць, а аб'ём экспарту яго складае практычна 90%. На «Кераміне» каля 80% прадукцыі прадаецца на экспарт. Нарошчваецца вытворчасць цэменту, якім сёння забяспечаны ўнутраны рынак і ёсць рэзервы для замежных рынкаў.
Сяргей КУРКАЧ
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/budaunictva-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/anatol-kalinin
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-arhitektury-i-budaunictva