Тэлепраграма «Падарожжа дылетанта» Юрыя Жыгамонта перабралася з тэлебачання ў інтэрнэт, дзе ўжо можна паглядзець першы спецвыпуск, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Гэта будзе пачаткам новай старонкі ў гісторыі падтрыманага Vеlсоm знакамітага «Падарожжа».
Накіраваўшыся ў Прагу, дзе ў 1517 годзе славуты Францыск Скарына выдаў першую кнігу на беларускай мове, Юрый Жыгамонт паказаў той самы будынак, дзе, на думку навукоўцаў, выйшла ў свет першая друкаваная кніга на беларускай мове, а таксама шмат іншых месцаў, звязаных з вядомым асветнікам і гуманістам.
— «Падарожжа дылетанта» выходзіла на тэлебачанні з 2001 года, — кажа вандроўнік, які стварыў некалькі сотняў выпускаў пра беларускія мясціны і быў узнагароджаны Міністэрствам культуры нагрудным знакам «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». — За гэты час адбылося імклівае развіццё новых тэхналогій, і нам з камандай хацелася, каб як мага больш беларусаў працягвалі глядзець перадачу.
Парасон і чамаданчык (дарэчы, той, што быў некалі, ужо знасіўся), як заўсёды, пры дылетанце. Як і капялюш, паліто ды боты. І, вядома, родная мова. Пражская серыя складаецца з двух выпускаў, першы ўжо ёсць у доступе, а другі з'явіцца 7 лютага. Пасля паездкі ў Чэхію самы славуты дылетант вернецца да падарожжаў па Беларусі з новымі кірункамі і цікавымі фактамі.
«500-годдзе першай беларускай друкаванай кнігі Францыска Скарыны — значная дата, якая заслугоўвае асаблівай увагі, — адзначыў кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый Vеlсоm Вячаслаў СМІРНОЎ. — Нацыянальная гісторыя і культура — вельмі важныя каштоўнасці для нашай кампаніі. Праграма «Падарожжа дылетанта» асабіста для мяне з'яўляецца такім скарбам, які для многіх беларусаў знаёмы з дзяцінства. Аднаўленне ў сучасным лічбавым фармаце дазволіць яшчэ больш пашырыць кола яе гледачоў і прыхільнікаў».
Святлана БАРЫСЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:protas@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya
[5] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna
[6] https://zviazda.by/be/tags/u-pachatku-bylo-slova
[7] https://zviazda.by/be/tags/padarozhzha-dyletanta
[8] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-zhygamont