Страсяні калейдаскоп — і каляровыя шкельцы складуцца ў новы мудрагелісты ўзор. Здаецца, так проста. Іншая справа, мяняць «малюнкі» ва ўласным жыцці. Тут даводзіцца «ламаць» сябе, парываць са старымі знаёмымі, вырашаць розныя задачкі. Так было ў жыцці дызайнера Яўгена Бычкоўскага. Калі б вы яго сустрэлі шэсць гадоў таму, не паверылі б, што гэты дваровы хлопчык з Баранавіч хутка стане паспяховым бізнесменам. Брытагаловы, з «тунелямі» ў вушах, Жэка некалькі дзясяткаў разоў трапляў у поле зроку міліцыі з-за свайго захаплення графіці і тусовак у сумніўных кампаніях. Але вось ён жыццёвы калейдаскоп: рэзкае ўстрэсванне — і Яўген трапляе ў новае асяроддзе, абзаводзіцца марай стварыць сваю швейную фабрыку, і гэта пры тым, што да гадоў 17-ці хлопец не ведаў, як запраўляць нітку ў іголку. Сёння сумкі, клатчы, гальштукі пад брэндам «BYCKOVSKІ», створаныя па ягоных эскізах, можна ўбачыць не толькі ў беларускіх, але і замежных моднікаў. Усяго за 11 месяцаў яго кампаніі ўдалося стварыць 55 працоўных месцаў. У найбліжэйшых планах — адкрыць па краіне каля дзесяці магазінаў. І гэта ў 22 гады!
Не трэба свае няўдачы спісваць на крызіс, недахоп вопыту, ведаў. Каб да нечага прыйсці, трэба проста пачаць рухацца. «Мне будзе прыемна, калі мой прыклад некага падштурхне на канструктыўныя змены ў сваім жыцці», — падкрэсліў Яўген, калі пагадзіўся падзяліцца сваёй гісторыяй з чытачамі «Звязды»:
— У падлеткавым узросце захапіўся графіці. Але пазней зразумеў, што наўрад ці такі занятак дапаможа мне нечага дасягнуць у жыцці. Пачаў рабіць татуіроўкі, бо гэта можна было хоць неяк манетызаваць. Наогул, я заўсёды лічыў, што не бацькі абавязаны мне, а я ім. Ідэя перастаць быць абузай, утрыманцам была для мяне дастаткова назойлівай. І вось мне 16—17 гадоў, я ўжо сам зарабляю грошы, але атачэнне складвалася не самае прыемнае. Я не з тых, хто вінаваціць у праблемах некага іншага. Але ўпэўнены, калі б побач са мной былі іншыя людзі, то памылак я зрабіў бы меней. Безумоўна, нешта дрэннае пераймаеш, бо падпускаеш да сябе пэўных людзей. Скажам так, тусуешся з наркаманамі — будзеш наркаманам, са злодзеямі — будзеш злодзеем. Пра мяне гаварылі: «Жэка, ты трапіш у турму». А я думаў, можа гэта і прыкольна...
Але быў у мяне адзін знаёмы, які хадзіў у царкву. З ім мы пастаянна спрачаліся адносна рэлігіі, бо я быў адчайным атэістам. У нейкі момант я падумаў, калі Бога і няма, то ў царкве ў цэлым гавораць правільныя рэчы. Вырашыў схадзіць у храм. І тут я зразумеў, што са мной усё ў парадку да сённяшняга дня толькі таму, што Ён клапаціўся пра мяне. Калі я гэта ўсвядоміў, адчуў, што трэба завязаць з тым, чым займаўся раней.
— Хіба так проста ўзяць і ўсё перакрэсліць?
— Успомніце, якое бывае расчараванне, калі на камп'ютары набралі тэкст, падымаеце вочы на экран, а там — англійскія літары. А калі так у жыцці? Сапраўды складана пачынаць наноў, тым больш па новых правілах. Я паступіў ва ўніверсітэт на спецыяльнасць «псіхолаг і настаўнік працы ў дзяўчынак», проста туды праходзіў па балах. Там вучылі шыць, прычым мне спачатку нечым касмічным здавалася, як нітка запраўляецца ў машынку. Даволі хутка новыя веды спатрэбіліся. У мяне знік заплечнік, і я вырашыў пашыць яго сам са старых джынсаў. У галаве паўстаў малюнак, якім ён павінен быць. Шыў я амаль месяц, звычайная машынка не спраўлялася, іголкі ламаліся, бо я задаваў шалёную хуткасць. І няхай заплечнік атрымаўся крываваты, але фішка была ў дызайне. Некаторым сябрам спадабалася, і яны папрасілі, каб ім пашыў нешта падобнае.
— Шыць вы пачалі ў 17 гадоў, а ў 20 ужо адкрылі ў Баранавічах уласную краму. На тое, каб стаць спецыялістам, пайшло зусім няшмат часу. Як так?
— У літаратуры мне сустракаліся падыходы, што чалавеку ў любой дзейнасці трэба 10 тысяч гадзін, каб стаць прафесіяналам. Проста хтосьці траціць на справу гадзіну ў суткі, а я ўвесь дзень. Таму атрымалася хутка. Безумоўна, першыя рэчы, якія я шыў, не адрозніваліся асаблівай якасцю, але людзям падабаўся дызайн, ідэя.
Я ўпэўнены, што многія з маіх аднакурсніц да гэтага часу не ўмеюць шыць. У мяне да справы быў іншы падыход. Можна кроіць крывымі нажніцамі, а я адразу ж купіў сабе раскроечны столік, спецыяльныя нажы і брытвы, каб усё рабіць акуратна. Мне быў цікавы сам працэс, тым больш, я бачыў, што той вопыт, які атрымаў, калі рабіў татуіроўкі, аказаўся патрэбным. Старыя веды, разуменне колеру, формы накладаліся на іншую сферу. Заставалася толькі новыя ідэі «сшываць» ніткамі. Усяму вучыўся сам, праводзіў эксперыменты. Калі адна машынка не шые, значыць, патрэбна іншая. Захацеў павялічыць шывок — залез у механізм. Я не кажу, што гэта крута, але калі няма грошай, проста даводзіцца ўсім займацца самому. Акрамя таго, адна справа, шыць з тканіны — можна набыць сабе кавалкі ў некалькі сантыметраў, а скуру так не прадаюць, яе трэба набываць пачкамі. Для таго каб пачаць шыць, мне трэба было 500 долараў. Грошай не хапала, я вырашыў прадаць тэлефон, крыху свайго адзення. Аўтастопам ездзіў на скураныя камбінаты. Часам мог вяртацца ні з чым, бо не ўсе заводы працавалі з фізічнымі асобамі. Даводзілася шукаць розныя рашэнні, безумоўна, не абыходзілася без памылак.
— Так, і першая майстэрня была ў звычайным падвале?..
— Спачатку я кроіў на каленях. Бацькі сварыліся, што паўсюль на падлозе раскладзены матэрыялы, інструменты, выкрайкі. Уначы не пашыеш, бо машынка шуміць. Я быў абмежаваны ў дзеяннях, таму пачаў шукаць выйсце, каб займацца тым, што падабаецца. Трапіўся падвал у шматкватэрным доме, ён быў завалены смеццем, якое давялося выносіць. Замахнуўся і на яго рамонт, бо цяжка працаваць, калі адчыняеш дзверы і па трубе пацук бяжыць. І зноў усё рабіць давялося самому, з падлогай дапамог прыяцель.
— А як за год удалося з майстэрні-падвала перабрацца ў асобны офіс і наладзіць вытворчасць?
— Раней я марыў, што буду зарабляць тысячу долараў. А калі ў нейкі момант абарот перавысіў гэту суму, падумаў: калі гэтыя грошы раздаць работнікам, кампанія можа зажыць новым жыццём. Разам з сябрам пачалі набіраць каманду і за год развіліся да 55 працоўных месцаў. Між іншым, у штаце ёсць і псіхолаг. Як правіла, на такія рэчы ніхто не траціцца, але гэта невялікая інвестыцыя, якая дазваляе сачыць за ўнутраным станам супрацоўнікаў, каб у іх усё было ў парадку і на рабоце, і дома.
— Ці патрэбны беларусам у такі няпросты з пункту гледжання эканомікі час «перламутравыя гузікі»?
— Многія дызайнеры лічаць, што іх прадукцыя павінна каштаваць дорага, і прадаюць яе за 300—500 долараў, не ўлічваючы аўдыторыю, яе кашалькі. А пасля пачынаюць гаварыць, што нікому дызайнерскія рэчы не патрэбны, што ў нашай краіне гэта не цэніцца. Я лічу: дызайнерская рэч павінна быць даступнай. У мяне атрымліваецца танны «перламутр», таму што ўсё больш людзей хочуць яго набываць. Калі падобныя рэчы каштуюць дорага, хутчэй за ўсё на нейкім этапе тут моцна накруцілі. Часта дызайнеры бяруць многа грошай, калі не ўмеюць дэлегаваць сваю адказнасць. Яны самі прымаюць заказы, шыюць, шукаюць матэрыялы. Таму хочуць атрымаць і ўсе заробкі: піяр-менеджара, швачкі, бухгалтара...
— Як удаецца спалучаць вучобу ў дзвюх ВНУ і працу?
— Я расставіў прыярытэты і ўзяў акадэмічны адпачынак. Некаторыя баяцца перапыняць вучобу, а ў гэтым няма нічога страшнага. Вы атрымліваеце час. Можа праз год вы не будзеце мець патрэбы ў тым, каб працягваць вучобу, а можа, наадварот, прыйдзеце з новымі сіламі. Я хацеў бы ўсім пажадаць, каб у іх жыцці не было страху. Пачынайце дзейнічаць, нават, калі спачатку ёсць сумненні. Не шкадуйце аб тым, што нешта не атрымалася. Шукайце сябе і выйгравайце.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:dziadziula@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-bychkouski
[5] https://zviazda.by/be/tags/byckovski
[6] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[7] https://zviazda.by/be/tags/adzenne