Сёлета Беларусь і Аўстрыя адзначаюць чвэрць стагоддзя з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін. Пра тое, што да гэтай даты краіны падышлі на пад'ёме двухбаковых стасункаў, сведчыць адкрыццё пасольства Аўстрыі ў Мінску, якое адбылося якраз год таму. На працягу апошняга года краіны абмяняліся шэрагам палітычных візітаў на высокім узроўні. Аўстрыя застаецца адным з найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі і бярэ актыўны ўдзел у мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў самых розных сфер. Усё гэта стала нагодай для размовы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандрам БАЙЕРЛЕМ.
— Спадар пасол, абазначце, калі ласка, галоўныя вынікі першага года работы пасольства Аўстрыі ў Беларусі.
— У 2016-м нам сумесна з Аўстрыйскім культурным форумам у Маскве, які ўзначальвае Сімон Мраз, удалося распачаць Аўстрыйскі культурны сезон 2016—2017 года ў Беларусі. Сезон быў падтрыманы на высокім узроўні з фінансавага боку, і яго праграма атрымалася багатай. Трэба сказаць, што ідэя зрабіць вялікі культурны праект у Беларусі нарадзілася ў пасла Аўстрыі ў Маскве доктара Эміля Брыкса адразу, як толькі ён прыехаў у Мінск. Ён доўгі час кіраваў Дэпартаментам культуры і палітыкі Федэральнага міністэрства па еўрапейскіх і міжнародных справах.
Сёлета ў рамках Аўстрыйскага культурнага сезона таксама адбудзецца некалькі буйных мерапрыемстваў. Адно з іх прысвечана 25-годдзю ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Аўстрыяй і Беларуссю — сімпозіум, які пройдзе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Другім ключавым мерапрыемствам стане сумесная пастаноўка Канцэртнага цэнтра Брукнера (Bruсknеrhаus) і Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі «Чароўнай флейты» Моцарта.
Мне вельмі прыемна, што ў рамках Аўстрыйскага культурнага сезона прайшлі ўнікальныя канцэрты, у тым ліку вялікі гала-канцэрт у Палацы Рэспублікі і сусветная прэм'ера сучаснага аўстрыйскага кампазітара Габрыеле Прой у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, мастацкія выставы, кінафестываль... Мы пазнаёміліся з новымі партнёрамі, і я ўпэўнены, што ў наступныя гады ў нас будзе яшчэ больш праектаў, бо цяпер, калі людзі ўсё гэта ўбачылі і пачулі, на падобныя мерапрыемствы ўзнікне попыт.
Нарастаючая дынаміка ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі радуе. Не сумняваюся, што гэтаму будзе садзейнічаць і прызначэнне былога намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алены Купчыной на пасаду пасла ў Вене. Упэўнены, што гэты цудоўны чалавек і выдатны дыпламат шмат зробіць для нашых двухбаковых адносін. Нам увогуле шанцуе з беларусамі, з якімі мы працуем. Тое, што былы пасол у Аўстрыі Валерый Варанецкі цяпер працуе ў парламенце, таксама на карысць двухбаковым адносінам.
— Вы зрабілі акцэнт на культурнай сферы, ці не азначае гэта, што дзелавыя стасункі аказаліся не такімі паспяховымі?
— Ні ў якім разе. Гэта азначае, што бізнес паміж нашымі краінамі развіваецца самастойна, ён не патрабуе высілкаў з боку пасольства. Аўстрыя па-ранейшаму застаецца вядучым заходнім інвестарам Беларусі. Безумоўна, я імкнуся садзейнічаць развіццю дзелавога супрацоўніцтва, разам з тым існуе шэраг гістарычных прычын той спрыяльнай сітуацыі, якая склалася ў гэтай сферы.
Яшчэ ў 80-х гадах у Жлобіне па рашэнні Масквы быў адкрыты сталеліцейны завод, у будаўніцтве якога ўдзельнічала Аўстрыя. Тое, што ў БССР было вырашана размясціць цяжкую прамысловасць, несумненная ўдача. Як і рашэнне прыцягнуць сюды перадавыя заходнія тэхналогіі. На той час у Аўстрыі таксама дзяржава аказвала вялікі ўплыў на індустрыю, існавалі нацыяналізаваныя прадпрыемствы-гіганты, такія, напрыклад, як сталеліцейная кампанія Vоеstаlріnе, якая дагэтуль з'яўляецца ключавым партнёрам Беларускага металургічнага завода. Таму Савецкаму Саюзу было лягчэй супрацоўнічаць з Аўстрыяй, чым, скажам, з краінай, дзе ў цяжкой прамысловасці пераважала прыватная ўласнасць.
Акрамя таго, сама назва краіны — Аўстрыя — перакладаецца са старажытнанямецкай як «усходняя дзяржава». Нездарма нам лёгка наладзіць добрыя стасункі з беларусамі і расіянамі: у нас блізкі менталітэт. Напэўна, таму мы плённа супрацоўнічаем і ў дзелавой сферы.
Яшчэ адзін важны момант: у Аўстрыі знайшліся смелыя бізнесмены, якія пажадалі працаваць ва Усходняй Еўропе. Можна прывесці ў прыклад спадара Стэпіча, які аказаў моцны ўплыў на прыцягненне аўстрыйскіх інвестыцый у Беларусь, у тым ліку на адкрыццё Пріорбанка, а таксама спадара Кайндла з фірмы Кронашпан, спадара Капша... Гэтыя людзі сваім прыкладам матывуюць іншых інвестараў прыходзіць на рынак Беларусі. Кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Аўстрыі доктар Ляйтль, які прыязджаў у Беларусь, таксама расказвае пра прывабныя ўмовы для развіцця бізнесу тут.
Нашы краіны з'яўляюцца добрымі партнёрамі ў бізнесе. Гэта не азначае, што ніякіх праблем няма, бо тыя або іншыя пытанні, безумоўна, могуць узнікаць, але яны не перашкаджаюць нам сумесна працаваць на поспех.
— Што кажуць аўстрыйскія бізнесмены пра ўмовы работы ў Беларусі?
— Што датычыцца цяжкасцяў, то яны адзначаюць пэўны савецкі падыход да вядзення спраў. Аднак, дзякуючы таму, што ў Беларусі няма карупцыі, будаваць бізнес тут лягчэй. Трэба сказаць, што аўстрыец, які прывык падпарадкоўвацца законам, будзе адчуваць сябе ў Беларусі камфортна. Яму тут нават будзе лягчэй, чым дома, бо ў Аўстрыі зараз імкнуцца настолькі палегчыць заканадаўчую базу, што ад гэтага ўзнікаюць новыя складанасці.
— Аўстрыя — краіна нейтральная. У аўстрыйскім грамадстве, пры гэтым, адбываецца дыскусія наконт магчымага членства Аўстрыі ў НАТА. З вашага пункту погляду, усё-ткі існуе кансенсус супраць уваходжання ў Паўночнаатлантычны альянс ці гэта рэальна?
— Гэта вельмі добрае пытанне. Думаю, што лёгка прасачыць вялікія гістарычныя змены з гэтай нагоды. Адносіны Аўстрыі з Расіяй — гэта доўгая гісторыя адносін дзвюх імперый. Падзеі ХХ стагоддзя траўміравалі абедзве нацыі: і расійскую, і аўстрыйскую. Але Расія здолела пасля распаду імперыі захаваць велізарную тэрыторыю, а Аўстрыя не: ад 698 тысяч квадратных кіламетраў засталося толькі 83,9 тысячы, была страчана імперская ідэнтычнасць. Насельніцтва было 60 мільёнаў, стала шэсць, гэта была катастрофа.
Потым да ўлады прыйшлі Сталін і Гітлер... Пасля Другой сусветнай вайны нам трэба было вызначыцца, хто мы, кім хочам быць. Мы ганарымся тым, што ў рэшце рэшт у 1955 годзе заключылі пагадненне з містэрам Хрушчовым пра тое, што будзем цалкам прызнанай суверэннай дзяржавай, і нейтралітэт стаў цаной, якую мы за гэта заплацілі. Спачатку гэта разглядалася некаторымі людзьмі як ахвяра, прынесеная СССР, але ў той жа час мы разумелі, чаму Масква хоча нас бачыць нейтральнымі. Цікава, што тое, што спачатку разглядалася як сродак стрымаць нас ад ваеннай інтэграцыі з Захадам, стала часткай нашай ідэнтычнасці. І з часам мы ўсё больш і больш ганарымся гэтым.
Але затым здарыўся чарговы шок у 1989 годзе: югаслаўская драма. Расія тады была зусім іншай краінай, чым цяпер, у 1990-х гадах яна сама перажывала вельмі няпростыя часы і не магла прымаць удзел у югаслаўскіх падзеях на належным узроўні.
Другім шокавым фактарам стала страта бяспекі на Усходзе, паколькі раптам СССР адступіў. Пачаўся крызіс каштоўнасцяў. Пачаўся вельмі жорсткі пераход да брутальнага тыпу капіталізму. Мы не ведалі, як гэта ўспрымаць, як арыентавацца. І ў гэты момант пачалася падтрымка НАТА ў Аўстрыі, таму што людзі сказалі: «Нейтралітэт больш не важны, дэмакратыя цяпер будзе ўсюды, уключаючы Маскву, чаму мы павінны быць нейтральнымі на кантыненце?» І некаторыя людзі сталі лічыць, раз НАТА больш не мае вонкавых ворагаў, яно становіцца больш моцным варыянтам АБСЕ.
Але калі падчас працы адміністрацыі Буша адбыліся ўварванне ў Афганістан, крызіс на Блізкім Усходзе і інш., НАТА стала губляць сваю папулярнасць. У дадзены момант нейтралітэт аказаўся выратавальным выйсцем, і людзі ў Аўстрыі зноў давяраюць гэтай канцэпцыі.
— Калі казаць пра другі год работы аўстрыйскага пасольства ў Мінску, плануецца яго пераезд, пашырэнне?
— Планаў і ідэй шмат. У тым ліку і па ўласным будынку пасольства, і па пашырэнні штату. І па прадаўжэнні аўстрыйскіх культурных праектаў на тэрыторыі Беларусі...
— Для вас асабіста як прайшоў першы год місіі ў нашай краіне?
— Было так шмат работы, што часу для асабістага жыцця практычна не заставалася. Тым не менш я паспеў зразумець, што Беларусь з'яўляецца вельмі камфортнай краінай для жыцця. У Мінску адбываецца шмат цікавых падзей: канцэртаў, выстаў... На гэтых выхадных я пабываў упершыню ў цырку — проста фантастыка! Тут ёсць выдатныя рэстараны, бары, музеі... У Нацыянальным мастацкім музеі я мог бы правесці некалькі дзён запар.
— Ці з'явіліся ў вас любімыя беларускія «штучкі» (у шырокім сэнсе гэтага слова)?
— Нядаўна ўбачыў у нейкай будаўнічай краме драўляныя разныя ліштвы для вокнаў. Думаю, калі б такія рэчы экспартавалі, яны б мелі вялікі попыт за межамі Беларусі, бо яны надзвычай прыгожыя. На жаль, многія заходнія фірмы часта забываюць, што рэчы павінны быць не толькі функцыянальнымі, але і прыгожымі. У Беларусі пра гэта памятаюць. У вас ёсць густ да такіх рэчаў. І гэта трэба абавязкова падтрымліваць. Я ў захапленні ад вышытых беларускіх абрусаў, ручнікоў...
Пытанні задавалі доктар палітычных навук Сяргей КІЗІМА і Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА
Фота Сяргея Нікановіча
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/author/syargey-kizima
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/tags/austryya
[5] https://zviazda.by/be/tags/pasol
[6] https://zviazda.by/be/tags/bernd-alyaksandr-bayerl
[7] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[8] https://zviazda.by/be/tags/palityka