У Нацыянальным алімпійскім камітэце прайшло пасяджэнне калегіі Міністэрства спорту і турызму. На ім кіраўнікі галіны, федэрацый і трэнеры падвялі вынікі работы ў 2016 годзе і акрэслілі задачы на 2017-ы.
Па выніках пасяджэння Мінспорту былі выдзеленыя асноўныя напрамкі работы: падрыхтоўка да летніх Дэфлімпійскіх гульняў 2017 года, зімовых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў 2018 года, а таксама ведамства паставіла задачу павышэння якасці навуковага забеспячэння, павелічэння заработнай платы ў галіне, узмацнення ролі фізкультурна-масавых мерапрыемстваў і актывізацыі работы па развіцці турыстычнай інфраструктуры.
Асаблівая ўвага была звернута на падрыхтоўку да Еўрапейскіх гульняў, якія плануе будзе прымаць Беларусь у 2019 годзе.
— Уся спартыўная галіна будзе задзейнічана ў гэтым маштабным мерапрыемстве. Нашым супрацоўнікам неабходна вывучаць замежныя мовы, павінна быць павышана інфарматызацыя спартыўных аб'ектаў, якія будуць выкарыстаныя ў ходзе Еўрагульняў, — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, першы віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Максім Рыжанкоў.
Таксама ён заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на падрыхтоўку трэнерскіх кадраў у спартыўных дзіцяча-юнацкіх школах і выбудоўванне спартыўнай вертыкалі на раённым узроўні.
— Калі мы не выбудуем спартыўную структуру ў раёнах сёння, заўтра не будзе на каго абаперціся, — адзначыў Максім Уладзіміравіч.
На працу настаўнікаў і спартсменаў, а таксама на іх навучанне пільную ўвагу заклікаў звярнуць і намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Васіль Жарко. Ён адзначыў, што ў Беларусі створаны выдатныя ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам і ад атлетаў павінна быць адпаведная аддача.
— На мой погляд, для дасягнення пастаўленых мэт не хапае павышанай адказнасці кіраўніцтва ў спартыўнай галіне на ўсіх узроўнях. Асабліва вострая тэма — якасць падрыхтоўкі і недахоп трэнераў. Неабходна больш актыўна выкарыстоўваць мэтавую падрыхтоўку, якая забяспечыць спартшколы добрымі спецыялістамі, — сказаў Васіль Жарко.
Акрамя гэтага, на калегіі былі разгледжаны пытанні барацьбы з допінгам, развіцця спартыўнай навукі, эфектыўнасці работы федэрацый па відах спорту і іншыя важныя праблемы спартыўнай галіны.
Дар'я Лабажэвіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] mailto:lobazhevich@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/euragulni-2019
[5] https://zviazda.by/be/tags/maksim-ryzhankou
[6] https://zviazda.by/be/tags/vasil-zharko
[7] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-sportu-i-turyzmu-belarusi