Удзельнікамі інтэлектуальных спаборніцтваў стануць 40 каманд з беларускіх ВНУ. У кожную ўваходзяць шэсць студэнтаў-інтэлектуалаў, узрост якіх не перавышае 24 гады. Таксама ў гэтым годзе ў фестывалі выступіць і каманда Расійскага ўніверсітэта дружбы народаў (РУДН).
Праграму адкрыюць медыя-гульні. Эрудытам трэба будзе прайсці “Медыя-азбуку”, “Гульню ў словы” і прадэманстраваць свой кругагляд у “Эрудыт-квартэце”, дзе заданні разлічаны на логіку, якая дапаможа выбраць правільную версію з мноства прапанаваных варыянтаў.
Новае для фестывалю спаборніцтва “БДУ-квіз” патрабуе ад ігракоў папярэдняй падрыхтоўкі і разлічана на вокамгненную кемлівасць. Студэнты павінны будуць адказаць на 10 пытанняў з самых розных сфер: музычнай культуры, літаратуры, гісторыі, тэатральнага і кіна-мастацтва. Для прыкладу, удзельнікам фестывалю будзе прапанаваная лічба, якая мае ключавую ролю ў гісторыі Беларусі. Ад удзельнікаў патрабуецца агучыць сваю версію наконт лічбавага значэння паваротнага моманту ў мінулым нашай краіны. Гэты від спаборніцтваў будзе арганізаваны на беларускай мове.
Другі дзень спаборніцтваў адкрые гульня "Што? Дзе? Калі?”. Пытанні для ігракоў прыдуманыя рэдактарамі Міжнародных студэнцкіх гульняў з Беларусі, Расіі і Латвіі. У гэты ж дзень у 16.30 адбудзецца ўзнагароджанне прызёраў фестывалю.
Па выніках спаборніцтваў вызначаць тры лепшыя каманды, якія ў далейшым будуць змагацца за Кубак чэмпіянату Беларусі па інтэлектуальных гульнях сярод студэнтаў.
Галоўная мэта двухдзённага рэспубліканскага фестывалю — папулярызацыя інтэлектуальных формаў баўлення вольнага часу, а таксама абмен вопытам і наладжванне сяброўскіх сувязяў паміж студэнтамі розных ВНУ.
Арганізатарам мерапрыемства выступіла ўпраўленне па справах культуры БДУ пры падтрымцы Беларускай лігі інтэлектуальных каманд (БЛІК).
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] mailto:nikalaeva@zviazda.by
[2] https://zviazda.by/be/tags/shto-dze-kali-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/studenckiya-gulni-2017