Два гады таму наша дачка выйшла замуж, пераехала з мужам на прыватную кватэру. Але плаціць за яе вельмі дорага. Таму мы, бацькі, дапамаглі маладым купіць сваю аднапакаёўку ў доме ЖБК. Ранейшы ўласнік кватэры быў членам кааператыва з пачатку будаўніцтва. У нас пытанне: ці павінны новыя ўласнікі жылля ўступаць у ЖБК? Што будзе, калі не ўступяць?
Л. Болатаў, г. Магілёў
Пытанні членства ў ЖБК рэгламентаваны арт. 193 Жыллёвага кодэкса (далей — ЖК), які не змяшчае патрабавання аб абавязковым уступленні ў кааператыў новых уласнікаў жылых памяшканняў у доме ЖБК і не прадугледжвае якіх-небудзь наступстваў для тых, хто ў кааператыў не ўступіць.
Нагадаем, што ў адпаведнасці з арт. 193 ЖК пры пераходзе права ўласнасці на аб'екты нерухомай маёмасці да іншага грамадзяніна, юрыдычнай асобы ці індывідуальнага прадпрымальніка новы ўласнік мае права ўступіць у члены арганізацыі забудоўшчыкаў, падаўшы адпаведную заяву ў праўленне гэтай арганізацыі. Ён становіцца членам арганізацыі забудоўшчыкаў з даты рэгістрацыі такой заявы ў праўленні арганізацыі забудоўшчыкаў. У гэтым выпадку прыняцця рашэння агульным сходам (сходам упаўнаважаных) членаў арганізацыі забудоўшчыкаў не патрабуецца.
У адпаведнасці з п. 2 арт. 201 ЖК уласнік аб'ектаў нерухомай маёмасці, які не з'яўляецца членам арганізацыі забудоўшчыкаў, абавязаны выконваць патрабаванні жыллёвага заканадаўства, правілы карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, а таксама выконваць рашэнні агульнага сходу (сходу ўпаўнаважаных) членаў арганізацыі забудоўшчыкаў, іншыя абавязкі, прадугледжаныя заканадаўствам.
Згодна з п. 1 арт. 201 ЖК уласнік, які не з'яўляецца членам арганізацыі забудоўшчыкаў, мае права ўступіць у гэтую арганізацыю ў любы час.
Віктар Савіцкі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/zvarotnaya-suvyaz
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhbk
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo
[5] https://zviazda.by/be/tags/dom
[6] https://zviazda.by/be/tags/kaaperatyu
[7] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyovae-pytanne