Наша газета часта расказвае пра справы на адным з флагманаў айчыннай індустрыі — Слуцкім цукроварафінадным камбінаце. Тут яшчэ ў снежні завяршылі сезон перапрацоўкі цукровых буракоў, зараз вядзецца рамонт тэхналагічнага абсталявання. Калектыў жыве цікавым, насычаным жыццём.
У адной з публікацый з акцыянернага таварыства мы расказвалі аб тым, што рашэннем Мінскага аблвыканкама камбінату перададзены Старадарожскі плодаагароднінны завод, які апынуўся на грані банкруцтва. Прайшоў час. І вось адна за адной пачалі паступаць прыемныя навіны. Спачатку старадарожцы прывезлі з 2-й Міжнароднай спецыялізаванай выставы-кірмашу «Свет прадуктаў» залатыя медалі ў намінацыях «Якасць і натуральнасць» і «Народная дэгустацыя», дыплом за лепшае прасоўванне айчыннай прадукцыі. А потым узнагароды пасыпаліся як з рога дастатку: найвышэйшыя ацэнкі журы прэстыжнага конкурсу адразу пяці відам нектараў і варэння з клубніц і вішняў; сярэбраны медаль «ПРАДЭКСПА»; ганаровае званне «Лідар года 2015» за шырокі асартымент і высокую якасць сокаў, нектараў, павідла; нядаўняя перамога ў конкурсах «Прадукт года» і «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь 2016 года»...
І вось мы даведаліся, што новы медаль (залаты, за нектары з буякоў з мякаццю і з морквы з мякаццю), дыпломы і дзелавыя кантакты сталі вынікам знакамітай выстаўкі «Прадэкспа-2017», якая літаральна на мінулым тыдні прайшла ў Маскве. Што ж, пара збірацца ў Старыя Дарогі.
Мы сустрэліся з дырэктарам плодаагародніннага завода, што атрымаў «другое жыццё», Віталем Маркаўцом.
— Якім чынам «ляжачае» прадпрыемства набыло вытворчую моц і ператварылася ў нармальна функцыянуючы калектыў, Віталь Уладзіміравіч?
— Гэта адбылося не раптам, а перш за ўсё дзякуючы істотнаму ўкладу ў яго развіццё з боку кіраўніцтва Слуцкага цукроварафінаднага камбіната. Мы сталі паўнавартасным унітарным прадпрыемствам камбіната, бо адразу пачалі выкарыстоўваць яго прадукцыю, вопыт яго тэхнолагаў і шматгадовыя напрацоўкі маркетолагаў. Першы час дырэктар галаўнога прадпрыемства Мікалай Паўлавіч Пруднік, старшыня назіральнага савета акцыянернага таварыства Восіп Іосіфавіч Дапіра, амаль усе галоўныя спецыялісты і многія спецыялісты са Слуцка бывалі тут пастаянна. Дапамога была аказана як фінансамі, што дазволіла ў кароткія тэрміны пагасіць значныя даўгі па крэдытах, — мы іх бралі пад рэканструкцыю, так і тэхналагічнай, арганізацыйнай, рынкавай дасведчанасцю работнікаў аддзелаў і службаў. Дзякуючы гэтаму мы змаглі наладзіць устойлівы выпуск высакаякаснай прадукцыі і яе рэалізацыю, заняць сваю нішу перш за ўсё на ўнутраным рынку, а потым паступова заявіць аб сабе і на знешнім.
Фундаментам для паспяховых тэхналогій стала, канешне ж, праведзеная карэнная рэканструкцыя завода, заснаванага яшчэ ў 60-я гады, — працягвае свой аповед дырэктар. — Бо было закуплена і ўстаноўлена новае высокапрадукцыйнае абсталяванне, перш за ўсё балгарскія лініі па вытворчасці прадукцыі ў шклатары. Аўтаматызавалі цалкам увесь працэс — ад прыёмкі сыравіны, яе падрыхтоўкі і перапрацоўкі да атрымання канчатковага прадукту. Запрацавалі лініі па моркве (у нас ёсць пазіцыя «морква — гарбузы»), па агародніне, ягадныя лініі і так званай фруктовай групы. А ўсё гэта ў выніку — высакаякасныя сокі, у тым ліку з мякаццю, джэмы і іншая вітамінная прадукцыя.
Раней у нас не было варэння. Давялося асвойваць тэхналогію прыгатавання варэння з цэлымі ягадамі, а гэта даволі далікатны працэс. На той час сумесна з кіраўніцтвам цукроварафінаднага камбіната было прынята стратэгічна важнае рашэнне: завязаць усю нашу вытворчасць у асноўным на мясцовых відах сыравіны — нарыхтаванай у Старадарожскім ці суседніх раёнах, а не завазных. І без нас хапае вытворцаў прадукцыі з абрыкосаў ці ананасаў, мы клапоцімся пра беларускі прадукт і даём яму рады. Прасоўваць на рынках клубніцы ці парэчкі не менш пачэсна і эфектыўна па грашах.
Справа яшчэ і ў тым, што імпартная сыравіна схільная да хістанняў курсавых розніц валют, і працаваць па цане з ёю праблематычна. Грунтуючыся на беларускіх грашах, мы можам прагназаваць і ажыццяўляць закупачную і цэнавую палітыку нават на паўгода наперад. Такая наша цэнавая стабільнасць вельмі важная і для гандлёвых сетак, і для пакупніка.
Сезон нарыхтоўкі доўжыцца з чэрвеня па снежань. Пастаўшчыкамі з'яўляюцца мясцовае насельніцтва — праз арганізаваныя прыёмныя пункты, а таксама фермерскія гаспадаркі, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — такія, як агракамбінат «Ждановічы», структуры «Белкаапсаюза». Нарыхтоўваем садовыя і дзікарослыя, лясныя ягады: клубніцы, чарніцы, суніцы, чорныя парэчкі, чарнаплодную рабіну, сліву, брусніцы, журавіны... Часткова перапрацоўваем у фруктовае і агародніннае пюрэ, у замарожаным выглядзе яно захоўваецца ў халадзільных камерах. Ягада выкарыстоўваецца для вырабу працёртых вітамінных далікатэсаў, варэння. З пюрэ таксама вырабляем нектары, сокі і морсы. А ў сакавіку пачынае ісці бярозавы сок, які мы фасуем у цэлафанавыя мяшкі, а затым пастаўляем яго і прадукцыю з яго спажыўцам, у тым ліку за мяжу. Дарэчы, на сок бярозавы, чарніцы, брусніцы, журавіны і прадукты іх перапрацоўкі ёсць сертыфікаты адпаведнасці еўрапейскім стандартам якасці.
Што датычыць далейшай асартыментнай палітыкі, то тут дыктуе свае ўмовы рынак. Нават калі б мы захацелі звузіць асартымент, які ўжо ўстаяўся, каб зменшыць вытворчыя выдаткі і мець менш клопату, то не атрымаецца, бо разумеем: стоячы на месцы, спынішся ў сваім развіцці. І пакупнікі не даюць засяродзіцца толькі на дасягнутым — паступаюць заказы на прадукцыю, якая спадабалася, нейкія пажаданні, да якіх мы стараемся прыслухоўвацца.
Менавіта ідучы насустрач запытам пакупніка, асвойвалі зусім нядаўна і новыя віды прадукцыі — напрыклад, варэнне без цукру. Яго можна замяніць сарбітам, канцэнтраваным яблычным сокам, а гэта таксама цукар, фруктоза. І што яшчэ важна — сучасныя тэхналогіі дазваляюць захаваць гатовы прадукт без кансервантаў — у прывычным іх разуменні. Бо існуюць пастэрызацыя і стэрылізацыя, а кансервантамі ў нас служаць той жа цукар, соль і некаторыя спецыі, калі размова ідзе пра соусную групу. Так што прадукцыя максімальна натуральная.
Такая наша пазіцыя зацікавіла спажыўцоў нават з далёкага замежжа, дзе пры вытворчасці харчовай прадукцыі шмат выкарыстоўваецца розных Е-дабавак, стабілізатараў і кансервантаў. Пасля нашага ўдзелу ў выставах пра вітамінную скарбонку з гандлёвай маркай «СтаДар» даведаліся, у прыватнасці, ізраільскія фірмы. Прыязджалі ад іх спецыялісты, знаёміліся з нашай вытворчасцю, праводзілі сертыфікацыю. Прышлі да высновы, што наша прадукцыя адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца да кашэрнай. А гэта ўжо, згадзіцеся, вышэйшы пілатаж. Зараз разгортваецца супрацоўніцтва.
— Вельмі вялікая ўвага ўдзяляецца аздараўленчаму харчаванню, — уступае ў размову намеснік начальніка аддзела збыту плодаагародніннай прадукцыі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната Ала Шапавалава. — Хацела б выдзеліць якраз лінейку прадуктаў, прыгатаваных без цукру. Людзі, якія хварэюць на дыябет, удзячны старадарожскаму заводу. Калі не памыляюся, сок бярозавы без цукру быў упершыню распрацаваны менавіта тут. Ён разліваецца ў шкляныя слоічкі аб'ёмам як 0,73 літра, так і ў бутэлечкі 0,25. Зручна, калі патрэбна ўзяць з сабой у дарогу ці падсілкаваць дзіця. Выпускаем сок бярозава-яблычны без цукру, а сёлета асвоілі яблычны без цукру. Па імпартазамяшчэнні — сок гранатавы без цукру.
Асобна варта сказаць пра лінейку агародніннай прадукцыі. Нектары агароднінныя, як гарбузова-маркоўны ў чыстым выглядзе, так і такія міксы, як морква-вішня, морква-клубніцы, морква-маліна, заваявалі свайго ўстойлівага спажыўца. Маючы незвычайны смакавы «букет» і расфасаваныя ў шкляныя бутэлечкі 0,25, яны разыходзяцца цудоўна. У тым ліку і праз Еўраопт. А што датычыцца маркоўна-яблычнага соку аб'ёмам 0,73, то гэта наш брэнд на працягу некалькіх гадоў.
Ёсць лінейка прадукцыі, якую мы жартам называем аптычнай за станоўчае ўздзеянне на вочы: нектар чарнічны, нектары з буякоў, з чорных парэчак і чарнаплоднай рабіны.
У мінулым годзе распрацавалі новую гандлёвую марку варэння пад назвай «Сёлета». Уклалі ў гэты праект шмат старання, таму верым у яго паспяховасць. Як і ўвогуле ў паспяховасць усяго, што старадарожцы робяць разам з цукроварафінадным камбінатам.
— Працуем і над павелічэннем аб'ёмаў вытворчасці, — дадае дырэктар. — Магчыма, аб'ёмы растуць не так хутка, як нам хацелася б, але тэндэнцыя да росту ёсць, і яна адчувальная. Як на экспарт, так і для ўнутранага рынку. У нас свой рэгіён, пакупніцкая здольнасць насельніцтва служыць пэўным арыенцірам. Пастаўляем прадукцыю ў асноўным у суседнія раёны сваёй вобласці, хоць ёсць яна і на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, ды і фактычна ва ўсёй Беларусі.
Па экспарце ў нас шматвектарная палітыка, імкнёмся ахопліваць розныя напрамкі. Доля паставак у Расію складае каля 50 працэнтаў, ахоплены многія рэгіёны ўсходняй суседкі, нават Новасібірск і Уладзівасток. Скажам, у далёкай Чыце існуе сетка магазінаў «Чыцінка», дзе шырока прадстаўлена наша прадукцыя. Але асноўная маса вітамінных прысмакаў ідзе ў Санкт-Пецярбург і Маскву.
Нядаўна пробную партыю свайго варэння адправілі ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Першы кантракт заключаны на неблагую суму грошай.
— Прадукцыя завода прадстаўлена ва ўсіх гандлёвых сетках краіны, — адказвае на пытанне пра партнёрства з гандлем Ала Шапавалава. — А таксама ў рознічным гандлі і спажывецкай кааперацыі. Супрацоўнічаем таксама з камбінатамі школьнага харчавання, санаторнымі ўстановамі, бальніцамі. Мы хацелі б, канешне, каб прадукцыя адроджанага прадпрыемства не проста прысутнічала ў гандлі, але была прыкметная, выстаўлена на першых пазіцыях, як яна таго заслугоўвае. Тады ад яе вачэй не адвесці. Вельмі задаволены сваім супрацоўніцтвам з такімі сеткамі, як «Карона», БІГЗ, «Марцін», — заўсёды з разуменнем адносяцца да нашых пажаданняў па расстаноўцы прадукцыі, своечасова пераводзяць грошы за рэалізаваны тавар.
Прадпрыемства сертыфікавана па сістэме ІSО, і згодна з патрабаваннямі стандартаў наладжаны ўваходны кантроль за сыравінай (у тым ліку за ўтрыманнем шкодных рэчываў) і вядзецца кантроль якасці прадукцыі на ўсіх этапах вытворчасці. Адказна і прафесійна працуюць работнікі грунтоўна абсталяванай лабараторыі. На заводзе ўшчыльную прыступілі да ўкаранення ХАССП. А для еўрапейскага рынку атрымалі сертыфікат на біяпрадукцыю, пацверджаны адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.
На прадпрыемстве людзі ў асноўным працуюць мясцовыя, якія прайшлі навучанне і атрымалі належны досвед. Частка спецыялістаў прыязджаюць са Слуцка, наладжана дастаўка заводскім транспартам. Працуюць і выпускнікі Слуцкага каледжа харчовай прамысловасці. Хоць практыку праходзяць і студэнты іншых профільных навучальных устаноў, едуць нават з Магілёва, некаторыя потым застаюцца працаваць. Спецыялісты імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю, якраз у гэтыя дні двое з іх абаранілі дыпломы пасля заканчэння інстытута і магістратуры.
Калектыў стараецца. Калі паспрабаваць назваць лепшых, то спіс атрымаецца вялікім. Назавём у першую чаргу тых, каго прадставілі на раённую Дошку гонару: варшчыка 5-га разраду Таццяну Анатолеўну Жукавец, вядучага інжынера-механіка Генадзя Юльянавіча Бахановіча.
У калектыве бачаць перспектывы для далейшага росту. Тут узялі кірунак на ўпакоўку толькі ў шкляных бутэльках і слоічках розных памераў. Бо лічаць, што толькі шкло здольнае захаваць спажыўныя якасці далікатнай вітаміннай прадукцыі — на працягу да двух гадоў нават без выкарыстання любых кансервантаў. Спадзяюцца, што пастаўшчык шкляной тары перажыве складаныя для сябе часы і будзе забяспечваць завод тарай у поўным аб'ёме, каб не завозіць з-за мяжы. І з дапамогай дзяржавы вырашыцца пытанне збору зваротнай шклатары, як гэта змаглі зрабіць суседзі ў Прыбалтыцы.
Уладзімір ХІЛЬКЕВІЧ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
УНП 600075003
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzimir-hilkevich
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/slucki-cukrovarafinadny-kambinat
[4] https://zviazda.by/be/tags/sluck