Падчас ХХІV [4] Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі [4] замежныя госці чыталі пераклады Скарыны на свае мовы, у тым ліку са зборніка «Скарына на мовах свету», які выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда». І, вядома ж, дзяліліся ўражаннямі.
Першы сакратар Саюза пісьменнікаў Расіі Генадзь Іваноў адзначыў:
— Францыск Скарына — безумоўна, адзін з геніяў на нашых землях. Як чалавек, які першым зрабіў пэўную справу, — напрыклад, як Гагарын паляцеў у космас — безумоўна, ён з'яўляецца выдатным. Першую кнігу выдаць на ўсходнеславянскай мове — гэта вялікі подзвіг... З тых часоў, вядома, былі надрукаваны мільёны ці нават трыльёны кніг. Мы думаем, разважаем: хто ж быў першым? Але часам забываем дзякаваць за гэта...
Дырэктар Цэнтра азербайджанскай мовы і літаратуры пры БДПУ Салатын Мерзаева прачытала два вершы азербайджанскіх аўтараў. Сучасны кітайскі пісьменнік Хай І Фэн звярнуўся да прысутных на мове Паднябеснай.
— Творчасць Францыска Скарыны прымусіла па-новаму зірнуць на беларускую літаратуру, — адзначыў старшыня Чачэнскага аддзялення Міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Клуб пісьменнікаў Каўказа» Адам Ахматукаеў. — Ваш першадрукар натхніў мяне па-новаму зірнуць на навакольны свет. У мінулым годзе, знаходзячыся на мерапрыемствах святкавання Дня беларускага пісьменства, я шмат чаго даведаўся пра яго. Па прыездзе дадому я пераклаў на чачэнскую мову творы Францыска Скарыны, Максіма Багдановіча і працягваю займацца перакладамі. Цяпер я іначай гляджу на беларускую літаратуру і беларускую зямлю.
Адметна, што кніжная выстаўка-кірмаш аб'яднала на сваіх пляцоўках розных людзей, якія з асаблівай павагай ставяцца да подзвігу нашага першадрукара.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [6]
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] http://zviazda.by/be/news/20170208/1486584519-urachysta-adkrylasya-minskaya-knizhnaya-vystava-kirmash
[5] http://zviazda.by/be/news/20170206/1486388334-francysk-skaryna-na-movah-narodau-svetu
[6] mailto:nina@zviazda.by
[7] https://zviazda.by/be/tags/500-goddze-belaruskaga-knigadrukavannya
[8] https://zviazda.by/be/tags/francysk-skaryna
[9] https://zviazda.by/be/tags/mikola-myatlicki