Гэта быў час пошукаў, знаходак, расчараванняў. Але на рахунку гэтай арганізацыі — шмат карысных ініцыятыў, рэалізаваныя праекты. Да таго ж на чале БФК і сёння знаходзяцца людзі, сапраўды апантаныя справай захавання і папулярызацыі нацыянальнай спадчыны.
Пры непасрэдным удзеле фонду выдадзена восем тамоў кнігі «Вяртанне». Лёсам страчаных каштоўнасцяў асабліва занепакоены старшыня рады Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп:
— Добра, што існуе дзяржаўная камісія па вяртанні культурных каштоўнасцяў. Але, на мой погляд, гэта толькі паўкроку. Наступнае, што трэба зрабіць, — стварыць спецыяльную структуру, якая займалася б гэтым штодня. Трэба пастаянна шукаць, што дзе нашага ёсць у свеце. Патрэбна вялікая служба юрыстаў-міжнароднікаў, якая працавала б з аховай помнікаў. На сённяшні дзень у нас толькі адзін юрыст у гэтым кірунку — Эдуард Мартыненка, які штодня працуе ў Гродне, але пакуль што на сябе. Ён стаў доктарам навук, выдае кнігі адпаведнай тэматыкі. Але, маю думку, ён незапатрабаваны, трэба, каб такі спецыяліст акурат уваходзіў у структуру па вяртанні нашых каштоўнасцяў.
Намеснік міністра культуры Васіль ЧЭРНІК, які таксама прысутнічаў на прэс-канферэнцыі з нагоды юбілею фонду, таксама ўпэўнены, што надышоў час збіраць камяні:
— Вялікая праца праведзена: выдадзена восем тамоў кнігі «Вяртанне», у канцы 2016 года абноўлены склад камісіі па вяртанні, цяпер яе ўзначальваюць два намеснікі міністра культуры. Аднак у Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць нарматыўныя акты аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў. На сённяшні дзень гэта вельмі вялікая праблема для нас. У Расіі існуе такі закон. Ён мае вельмі доўгую назву «Аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія аказаліся на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі пасля завяршэння Другой сусветнай вайны». Я думаю, што камісія, якая ўжо цяпер павінна збірацца і працаваць, можа паставіць пытанне аб прыняцці такога закона аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцяў і ў нашай краіне. Тады можна будзе вырашаць праблемныя пытанні — і з бібліятэкай Храптовічаў, якая знаходзіцца ў Кіеве, і з многімі іншымі страчанымі калекцыямі.
Шмат высілкаў кіраўніцтва арганізацыі робіць і для таго, каб паспрыяць аднаўленню старажытнага Полацка. Дацэнт кафедры арганізацыі і кіравання БДЭУ Уладзімір ЦЯЛЕЖНІКАЎ адзначыў:
— У 1970-я гады было зроблена нямала, каб звярнуць увагу на культурную спадчыну Полацка. Аднак сёння шмат магчымасцяў страчана. Каб не заняліся ў свой час полацкім езуіцкім калегіумам, то, пэўна, увогуле было б мала нагод ездзіць у старажытны горад. Але ж гэта наш выток, да яго трэба вяртацца. Сёння Беларускі фонд культуры праводзіць вялікую работу, спрабуе звярнуць увагу і Міністэрства культуры, і мясцовых улад на праблемы Полацка. Але, на жаль, вынікаў няма, бо статус горада зніжаны да раённага цэнтра. Гэта перакрэслівае многія нашы намаганні. Насамрэч шмат знакавага і сур'ёзнага можна было б зрабіць і за невялікія грошы пры ўдзеле грамадскасці.
Намеснік старшыні рады Беларускага фонду культуры Анатоль БУТЭВІЧ упэўнены, што самае вялікае дасягненне іх працы за гэты час — тое, што фонд існуе столькі часу! Аднак арганізацыя магла б мець і большыя маштабы — яе праца ў рэгіёнах сёння прыціхла. Пашырэнне працы фонду ў невялікіх гарадах магло б прынесці вялікі плён.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by [3]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] mailto:nina@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-fond-kultury
[6] https://zviazda.by/be/tags/spadchyna
[7] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[8] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gilep
[9] https://zviazda.by/be/tags/vasil-chernik
[10] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-kultury