Бадак Аляксандр Мікалаевіч нарадзіўся 28 лютага 1966 года ў вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Служыў у Савецкай Арміі. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1990). Працаваў у Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Беларусі, у рэдакцыях часопісаў «Бярозка», «Маладосць», «Нёман», «Полымя». Цяпер — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Аўтар паэтычных зборнікаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004), кніг для дзяцей і падлеткаў «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001), «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» (2014), «Зорка для вавёркі» (2015) і інш.
Алесь Бадак. Жыць адчуваннем часу незямнога
Паэзія
Сыходзіць паэзія з вечных вышынь,
Дзе сонцам прасвечвае слова.
Сыходзіць паэзія ціха з душы,
І слепне душа паступова.
Вядома, на ёй не канчаецца свет,
І не апусцеюць вышыні.
І скажа разумны:
— Такі цяпер век.
А мудры:
— Нічога не згіне.
Разумны дадасць:
— У эпохі любой
Куміры свае на прыкмеце.
А мудры запэўніць:
— Заўсёды травой
Трава вырастае на свеце.
Падхопіць размову дваіх інтэрнэт
І тэлевізійныя шоу.
У спрэчках праблему паэзіі свет
Звядзе да пытанняў грашовых.
Мой свет, пра душу ты і не ўспамянеш
У часу крутой мізансцэне, —
Пра тое, што проста балець стала менш,
Бо ў ёй і паэзіі меней.
* * *
У гэты свет не першы век
Адной і той дарогай
Прыходзіць кожны чалавек
З душой, пасланкай Бога.
Душа — для згоды і дабра,
Засцерагчы ад злога,
Каб свет не заступіў за край,
За край сябе самога.
Ды край паўсюль усё бліжэй —
На моры і на сушы.
Таму і Бог усё часцей
Шле
І вяртае
Душы.
Боль
Як жыць,
Калі душа баліць
Тваёй душы незаціханым болем.
Ды мне ім, нібы скарбам, даражыць,
Пакуль мяне ён звязвае з табою,
Пакуль яго сягоння пазнаю
Па тым, як гора ты перажывала:
Не першы раз над безданню стаю,
А так душа ніколі не рыдала.
Цяпер ён мой, каб, перасекшы край
Быцця зямнога і скупога лёсу,
Табе не плакаць па дарозе ў рай
Над тым, што тут пакінуць давялося;
Каб памяці ў кватэрнай цішыні
Праз гэты боль пакутліва вяртацца
У нашы нібы высненыя дні,
Дзе белы свет без чорных дэкарацый;
Каб, дзён былых вартуючы святло,
Жыць адчуваннем часу незямнога:
Што да цябе нічога не было,
Пасля цябе не будзе больш нічога.
Я вымаліў у Бога гэты боль, —
Душа прасіла немачна і слёзна.
Астатняе, што звязана з табой,
Вымольваць у яго было ўжо позна.
Почти тысяча двести человек соберутся, чтобы решать важнейшие вопросы развития страны.
Как вакцины спасают жизни и чего может стоить их игнорирование?
Рассказал первый заместитель председателя Государственного комитета по науке и технологиям Республики Беларусь Денис Коржицкий.
Идентичность через наследство.
Комментарии