Вы здесь

Пра памяць, сумленне і пытанні, на якія трэба знайсці адказ


Тое, што адбываецца сёння ля Курапатаў, падобна на тэатр абсурду. Маю на ўвазе найперш маральны бок усяго гэтага дзейства, які, па сутнасці, і з'яўляецца самым галоўным. І, калі паглядзець на сітуацыю (няважна, з якога боку, але менавіта з гэтай пазіцыі), усё, што там цяпер дзеецца, выглядае, мякка кажучы, не вельмі прывабна.


У запале высвятлення, хто мае большую рацыю, усе дзеючыя асобы, здаецца, забыліся, што Курапаты па сутнасці сваёй — проста вялікія могілкі. Дзе ляжаць тысячы бязвінна забітых людзей. Кожны з якіх заслужыў калі не асобнае пахаванне з крыжам над ім (зараз гэта проста фізічна зрабіць немагчыма), дык хоць бы хвіліну маўчання. Дайце ім, кожнаму, гэту хвіліну — і тады над Курапатамі некалькі месяцаў павінна звінець мёртвая цішыня.

Замест гэтага — маем тое, што маем. І робіцца ўсё, што там адбываецца, дзеля хайпу, дзеля грошай, часам хтосьці ўлазіць туды з-за непамернай цікаўнасці ці гэткай самай уласнай дурасці і таксама атрымлівае ў сеціве сваю порцыю славы... Спакой і памяць тысяч людзей, што ляжаць на тых страшных кладах, па сутнасці, мала каго хвалюе. А тыя, каго сапраўды хвалюе, — сваякі забітых у Курапатах, — прыгаломшана, бы за дзеяннямі ў тэатры абсурду, назіраюць за тым, што там зараз робіцца. І ведаеце, якое жаданне ўзнікае ў тых, каму сапраўды баліць? Калі ўжо і пайсці туды, дык дзеля таго, каб крыкнуць «Годзе!» і разагнаць усіх, не разбіраючы, хто «правы», хто «вінаваты». Упэўнена: калі б я так зрабіла, мой дзед Валька, які ляжыць пад курапацкімі соснамі, мяне б ухваліў.

Ізноў пра маральны бок справы. Акурат калі канфлікт каля Курапатаў пачаў разгарацца, я была ў Германіі. І немцы, якія пачулі аб гэтай сітуацыі, ніяк не маглі даўмецца, у чым сутнасць праблемы. «Кавярня каля могілак? Абсалютна нармальна. Можа, людзі прыехалі праведаць памерлых сваякоў адкуль здалёк і не маюць дзе спыніцца, а тут ёсць месца, дзе можна выпіць кавы ці вады, ціха пасядзець, успомніць сваіх нябожчыкаў. У нас такое паўсюль...»

На гэта давялося прамаўчаць, бо сорамна было казаць пра тое, што ў нас абавязкова знойдуцца тыя, хто ў падобную ўстанову зойдзе выпіць не кавы або вады, і сядзець яны ціха не будуць, бо ім будзе весела. Знойдуцца і тыя, хто прыедзе адзначаць сюды юбілей ці іншую ўрачыстую падзею — з музыкай, якая будзе грымець з вокнаў, з п'янаватымі жартамі, з песнямі і танцамі. Камусьці будзе проста ўсё роўна, камусьці наадварот — гэткі драйв: пагудзець побач з могілкамі, у піку тым, хто пратэставаў, дзеля таго ж хайпу і адчування ўласнай адметнасці і крутасці...

Вось у чым наша галоўная праблема — у тым, што такія людзі абавязкова знойдуцца, а не ў наяўнасці або адсутнасці пункта грамадскага харчавання і не ў дакладнай адлегласці яго знаходжання ад месца масавага пахавання.

Справа ў нас саміх — у тым, што робіцца ў нашых галовах і нашых душах. Нешта вельмі важнае парушылася там у некалькіх апошніх пакаленняў. Бо, крыху перафразуючы класіка, ніхто яшчэ не піў, не еў, не спаў і не цалаваўся на могілках або паблізу. І не выкрыкваў лозунгі, не тупаў абурана, не наязджаў на людзей машынай (гэта калі бліжэй да сучаснасці). Не будаваў карчму, не садзіў агарод.

Прынамсі, так павінна быць па законах божых і чалавечых, так было спрадвеку. Нешта ў нас сапраўды зламалася, нейкі важны вінцік адкруціўся, калі дапускаем, каб было інакш, калі самі робім інакш. І размова тут ужо не пра адны Курапаты. У Дзяржынску, напрыклад, літаральна за некалькі крокаў ад магілы, у якой пахавана больш за 1600 расстраляных у 1941-м вязняў гета, гадамі гараджане вырошчвалі капусту ды агуркі. (Дзякуй богу, цяпер адумаліся: агародаў ужо няма, а на месцы сціплага помніка мяркуецца зрабіць новы мемарыял.) І падобных прыкладаў можна па краіне знайсці нямала. Прычым менавіта звязаных з гісторыяй ХХ стагоддзя, якое — шалёнае, крывавае, неадназначнае — з намі вось гэта «мёртвым не баліць» і зрабіла.

Падчас камандзіровак па Беларусі давялося бачыць і іншыя прыклады. Брылёўскае поле каля вёскі Сцюдзёнкі пад Барысавам. Самая, бадай, вялікая брацкая магіла часоў вайны 1812 года. Падчас вядомага разгрому там напалеонаўскай арміі забітых у Бярэзіне было столькі, што ўвесну рака, перагароджаная такой жудаснай плацінай, змяніла сваё рэчышча... Дык вось, на гэтым полі, даволі вялікім, спрадвеку расце толькі трава — кажуць, што там ніхто ніколі не араў і не сеяў...

Ці ўрочышча на ўскраіне Рагачова. Там у 1864-м расстралялі ўдзельнікаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (сярод расстраляных быў і продак Уладзіміра Караткевіча, сама гэта гісторыя стала сюжэтам яго апавядання «Паром на бурнай рацэ»). Мясцовыя краязнаўцы расказваюць, што расстраляных пахавалі там жа, а каб людзі не ведалі, дзе менавіта, па тым месцы ўвесь дзень прымусілі маршыраваць салдат... Прайшло ўжо больш за сто пяцьдзясят гадоў, але людзі пра тую магілу ведаюць. І там па-ранейшаму пустка — нельга трывожыць тых, хто там ляжыць.

Можа, там яно так адбываецца, што цягнецца аж з пазамінулага стагоддзя — тады людзі былі разумнейшыя, больш шанавалі памяць памерлых, бачылі ў гэтым сувязь з Сусветам, мацавалі тым самым свае карані на зямлі? Давайце тады вучыцца ў іх, далёкіх ужо папярэднікаў, гэта, кажуць, ніколі не позна.

Мёртвым, напэўна, сапраўды не баліць. Ці баліць, ці будзе калі-небудзь балець нам — вось у чым галоўнае пытанне. І дзеля саміх сябе мы павінны знайсці на яго адказ.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Комментарии

Курапаты - гэта не проста могілкі. Гэта месца масавых расстрэлаў падчас сталіснскіх рэпрэсій.

Выбор редакции

Спорт

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

«Даже через 40 лет семейной жизни романтика остается...»

Интервью с олимпийским чемпионом по фехтованию.

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.