Трэцi дзень знаходжання князёў Радзiвiлаў у Беларусi быў музейны. Праграма шчыльная
— з дакладнасцю да пятнаццацi хвiлiн. Але, зразумела, яна даволi эластычна змяняецца
на жаданне 91-гадовай княгiнi Эльжбеты, дачкi апошняга ўладара Нясвiжскага замка
князя Альбрэхта Радзiвiла.
Трэцi дзень знаходжання князёў Радзiвiлаў у Беларусi быў музейны. Праграма шчыльная
— з дакладнасцю да пятнаццацi хвiлiн. Але, зразумела, яна даволi эластычна змяняецца
на жаданне 91-гадовай княгiнi Эльжбеты, дачкi апошняга ўладара Нясвiжскага замка
князя Альбрэхта Радзiвiла.
Першы пункт —
Нацыянальны
гiстарычны архiў
— А колькi ў вас нашых дакументаў? — пасля вiтанняў пытаецца ў дырэктаркi княгiня.
— 26 тысяч.
— А можна iх усе пабачыць?
— Натуральна...
— Тады ў наступны раз я прыеду да вас на два месяцы! — усмiхаецца высокая госця.
Князям паказваюць унiкальны маляваны радавод Радзiвiлаў, якi зрабiў яшчэ Пане
Каханку. Натуральна, на тым радаводзе ён, Пане Каханку, — галоўны Радзiвiл. Iншая
цiкавая кнiга датычыцца ХVI стагоддзя. Ад рукi ў ёй перапiсаныя ўсе звесткi з
сямейнай пахавальнi ў крыпце Нясвiжскага касцёла. Але найбольшую цiкаўнасць княгiнi
выклiкае альбом гравюр i малюнкаў, дзе цягам двух стагоддзяў — ХVIII i ХIХ — розныя
прыдворныя мастакi выконвалi партрэты некаторых прадстаўнiкоў роду. Паколькi панi
Эльжбета блiскуча памятае ўсю генеалогiю роду, яна ўважлiва праглядзела кожную
староначку. Бо для нас гэта — прыгожыя гравюры, а для княгiнi — продкi.
Тут, як i ў кожным наступным пункце, Радзiвiлы пакiдаюць шыкоўныя падарункi —
стары здымак Нясвiжскага замка, зроблены з самалёта, з аўтографамi ўсiх гасцей.
Наступны пункт —
Нацыянальная
бiблiятэка Беларусi
— Якi вялiкi i светлы будынак! — усклiквае княгiня на ўваходзе i тут жа пачынае
распытваць супрацоўнiцу. — А колькi ў вас кнiжак? А на якiх мовах? А колькi чалавек
могуць адначасова чытаць тут кнiгi? А з якога ўзросту моладзь можа запiсацца да
вас?
Княгiня дужа цiкаўная — гэтага ў яе не адымеш. I такой яна была ўсё жыццё. Уласна,
дзякуючы гэтаму мы i маем магчымасць даведацца зараз ад яе дасканалае апiсанне:
што было ў кожным пакоi замка, куды вяла якая сцежка, дзе быў падземны ход...
Яшчэ адна замалёўка з яе вялiкага жыцця. Бацька, князь Альбрэхт, падарыў у 1929
годзе на Дзень народзiнаў дачцэ фотаапарат. I з таго часу панi Эльжбета вось ужо
80 гадоў здымае. Апошнi фотаапарат, лiчбавы, сучасны, прывёз ёй нядаўна з Францыi
сын Аба. I зараз 91-гадовая княгiня даволi паспяхова засвойвае новую тэхналогiю.
Але вернемся ў Нацыянальную бiблiятэку.
— А чаму ў вас гэты экслiбрыс ляжыць асобна ад кнiжкi?! — падымае вочы панi Эльжбета,
звяртаючыся да супрацоўнiцы бiблiятэкi. — Цi ведаеце вы, што экслiбрысы нельга
адрываць ад кнiжак?
Бiблiятэкарка тлумачыць, што калi яны атрымлiвалi ўсе гэтыя кнiжкi, то экслiбрыс
ужо быў вырваны i ляжаў асобна.
— Дарэчы, гэта асабiсты экслiбрыс майго дзеда, — робiць панi Эльжбета вельмi
каштоўную заўвагу, якую зараз жа занатоўваюць за ёй.
Княгiня просiць пагартаць адну кнiгу. I, напэўна, любому iншаму адмовiлi б: усё-ткi
кнiзе больш за 400 гадоў. Але цi ж можна адмаўляць чалавеку, якi ўжо гартаў гэтую
кнiгу 75 гадоў таму ў прыватнай бiблiятэцы свайго таты?..
— А да нас ужо два гады таму прыязджалi Радзiвiлы! — хваляцца супрацоўнiкi бiблiятэкi.
— Якiя? — тут жа навастрае вушы пан Мiкалай. Ён дасканала ведае генеалогiю сям'i.
— Францiшак... — пачынае бiблiятэкарка.
— З Чэхii, разам са сваiм сынам?.. — падхоплiвае пан Мiкалай.
— Так! — радуецца бiблiятэкарка, што гэты Радзiвiл ведае таго.
— Дык ведайце ж, — сур'ёзна кажа пан Мiкалай, — што гэта Iлжэрадзiвiлы! Нейкiя
людзi проста выдумалi сабе, што яны Радзiвiлы. А гэты Францiшак да таго ж стварыў
i ўзначалiў Звяз шляхты Чэхii. Вось вам наша генеалогiя (пан Мiкалай прэзэнтуе
вялiкi плакат, дзе на генеалагiчным дрэве пазначаныя больш за 400 прадстаўнiкоў
роду. — Аўт.). Калi яшчэ нехта прыедзе, хай пакажа сябе тут!
Далейшы наш прыпынак —
Фундаментальная бiблiятэка
Акадэмii навук
Супрацоўнiкi ахайна, у белых пальчатках паказваюць князям кнiгi з бiблiятэкi
Нясвiжскага замка.
— О, я гэту памятаю! — усклiквае княгiня Эльжбета. — Дайце я яе пагартаю!..
Супрацоўнiкi губляюцца, але, натуральна, нiчога не пярэчаць.
Далей — абед у амбасадзе Польшчы. Гасцей — больш за 30 чалавек. Тут i дырэктары
ўсiх зацiкаўленых музеяў, i прафесар Адам Мальдзiс, i пiсьменнiк Уладзiмiр Арлоў
з жонкай паэткай Валянцiнай Аксак, i былы амбасадар Беларусi ў Польшчы Павел Латушка,
i перакладчык Лявон Баршчэўскi, i скульптар Валяр'ян Янушкевiч, i дырэктар Iнстытута
Польскага Пётр Казакевiч, дыпламаты, грамадскiя дзеячы...
Па абедзе едзем у
Нацыянальны
гiстарычны музей
Дырэктар спадар Сяргей Вечар вiтае княгiню i астатнiх гасцей на ўваходзе. Панi
Эльжбета ўздыхае, што ў будынку няма лiфта. Дзве крутыя лесвiцы ў 91 год — нялёгкая
рэч.
Экскурсавод пачынае расказваць паводле нейкага свайго плана, але княгiня перапыняе.
— Гэта нецiкава. Хто гэта? (паказвае на зусiм iншы партрэт на сцяне. — Аўт.).
Экскурсаводка блытаецца ў адказе.
— А гэта? — працягвае блiц-тэст панi Эльжбета. Ёй адказваюць, што гэта такi i
такi.
— Не! Вы нiчога не ведаеце! — падводзiць рысу княгiня, клiча сваякоў i пачынае
сама расказваць, хто дзе выяўлены. Госцi падыходзяць да iншых партрэтаў. Справа
— бабуля княгiнi Эльжбеты.
— А вы ведаеце, калi быў намаляваны гэты партрэт? — працягвае iспыт панi Эльжбета.
Ёй называюць дату.
— А вось i не! Гэты партрэт намаляваны з фотаздымка. У мяне ён ёсць, я перадам
яго вам. I, хачу сказаць, што гэта — самы паскудны здымак маёй бабулi, якi толькi
iснуе. I партрэт паскудны!
Далей — партрэт князя Альбрэхта, бацькi панi Эльжбеты.
— А гэты партрэт калi быў намаляваны? — працягвае распытваць княгiня.
— На пачатку ХХ стагоддзя, — адказваюць музейшчыкi. Iх логiку можна зразумець.
Князю Альбрэхту на партрэце гадоў 25. Ведаючы дату нараджэння, нескладана назваць
такi час. Але ў гэтым выпадку каштоўная не логiка i музейныя веды, а памяць i
сямейная таямнiца.
— Дык слухайце, — кажа княгiня. — Спачатку з фатаграфii была намаляваная невялiкая
пастэль, якую бацька падараваў мне i якая вiсела ў замку ў маiм пакоi. А ўжо пасля
смерцi бацькi, прыкладна ў 1941-м цi 42-м годзе, нейкi мастак перамаляваў яго
на вялiкi памер. I дадаў традыцыйны лаўровы вянок i наш герб — каб ён выглядаў
як усе партрэты з такой серыi. Таму вы яго так i датавалi.
Музейшчыкi шчыра дзякуюць княгiнi за ўдакладненнi — бо цяпер подпiсы да карцiн
можна зрабiць больш дакладныя.
Апошнi пункт на сёння —
Нацыянальны
мастацкi музей
Тут здараецца не зусiм прыемная сiтуацыя. Паколькi аўторак — выхадны дзень, кiраўнiцтва
музея не хоча пускаць нiкога, апроч самiх Радзiвiлаў. Нават перакладчыкаў, журналiстаў
i прадстаўнiцу польскай амбасады. Але самi Радзiвiлы — па-княску — бяруць сiтуацыю
ў свае рукi, заяўляючы, што ўсе, хто ўвайшоў — iх сябры i пойдуць разам з iмi.
Тут, у мастацкiм музеi, захоўваецца больш за 40 радзiвiлаўскiх партрэтаў. Князi
добра ведаюць iх па фотаздымках i iнвентарах, але многiя арыгiналы бачаць упершыню.
I аглядаюць вельмi падрабязна. Шанаваць i захоўваць гiсторыю роду навучаны кожны
Радзiвiл з маленства.
— О, Слуцкiя паясы! — заўважае княгiня. — У нас у замку iх было 16!
Прысутныя прысвiстваюць. Бо ва ўласнасцi мастацкага музея цяпер знаходзiцца два
(!) кавалкi (!!) Слуцкiх паясоў, астатнiя прывезеныя для экспанавання з Масквы.
Адразу вiдаць, колькi страцiла наша зямля, калi выгналi адсюль славуты род Радзiвiлаў...
Госцi едуць у гатэль, каб адпачыць перад апошнiм днём вiзiту. Самым адказным,
бо гэта
Нясвiж
У родным горадзе Радзiвiлаў сустрэлi па-княску. Больш за 500 чалавек сабралася
каля касцёла Божага цела, каб прывiтаць прадстаўнiкоў роду, без якога не было
б Нясвiжа, якiм ён ёсць. Гэта было пажаданне панi Эльжбеты — каб дзень пачаўся
са святой iмшы ў касцёле.
Ксёндз Пётр вiтае гаспадароў (не паварочваецца язык называць Радзiвiлаў у Нясвiжы
гасцямi). Пасярод касцёла ставiцца шыкоўны трон з чырвоным аксамiтам, на якi сядае
княгiня Эльжбета. Ксёндз дзякуе роду за касцёл, за горад, за слаўную гiсторыю.
На iмшы гучаць малiтвы ў гонар памерлых Радзiвiлаў i, безумоўна, у гонар усiх
iсных. Пасля iмшы сям'я спускаецца ў крыпту касцёла, каб пакланiцца сваiм продкам.
Панi Эльжбета з хваляваннем ускладае кветкi да труны свайго бацькi...
Пасля — Ратуша. Старшыня Нясвiжскага райвыканкама Iгар Макар асабiста вiтае высокiх
гасцей. Падарунак — засмажаны карп з нясвiжскага возера i бутэлька шампанскага
"Радзiвiл". Князям вельмi падабаецца. Перад ратушай нясвiжцы ў старадаўнiх касцюмах
чытаюць вершы ў гонар Радзiвiлаў. Музыкi ладна граюць на шматлiкiх iнструментах.
Атмасфера ўрачыстая i святочная.
У ратушы — кароткая справаздача пра сённяшнi стан Нясвiжа. Гасцей уражвае лiчба:
на добраўпарадкаванне замкаў i iншых гiстарычных помнiкаў дзяржава выдаткавала
70 мiльёнаў долараў! (Праўда, як пасля заўважыў у замку Аба Радзiвiл, "нешта iх
тут зусiм не вiдаць"). У вiтрынах ратушы — прадметы з радзiвiлаўскага побыту,
шмат кафлi з гербамi.
— А можаце адну мне падарыць? — з дзiцячай непасрэднасцю прамаўляе панi Эльжбета.
I, да гонару музейшчыкаў, да канца дня фармальнасцi вырашаюцца — i княгiня атрымлiвае
кафлю з гербам Радзiвiлаў!
Выходзiм з ратушы, каб здзейснiць невялiкую экскурсiю па горадзе. Сям'я сядае
ў шыкоўную брычку з двума коньмi, а панi Эльжбета — у "Мерседэс" (бо брычка завысока).
— Спачатку да Слуцкай брамы, яна тут недалёка.
— Гэта вы мне будзеце казаць, што яна недалёка?.. — усмiхаецца госця, якая сотнi
разоў у дзяцiнстве праходзiла побач са Слуцкай брамай.
Картэж часта спыняецца ў час паездкi па горадзе. Панi Эльжбета паказвае сыну
i ўнукам замак i горад з розных ракурсаў — каб яны даведалiся, якiм яна запомнiла
яго з дзяцiнства.
Каля кавярнi "Чабарок" раптоўна просiць спынiць аўто.
— А вось гэты дом належыць мне! Бацька падарыў яго, калi я была маленькая. Праўда,
я тут нiколi не жыла...
Нарэшце — замак.
— Фi, якая iдыёцкая вежа! — раз'юшана глядзiць на "цыбулiну" на гадзiннiкавай
вежы гаспадыня замка. — Навошта вы яе тут зрабiлi, такога не было!
— Гэта памылка... — апраўдваецца навуковы кiраўнiк рэстаўрацыi Сяргей Друшчыц.
Але не кажа, цi будзе гэтая памылка выпраўленая...
— Божа!.. — спыняецца княгiня ў замкавым двары i цiхенька шэпча. — Руiна...
Радзiвiлаў намагаюцца павесцi на экскурсiю ў адноўлены прыбрамны корпус, але
91-гадовая княгiня рашуча крочыць у самы гушчар будаўнiчых прац. I за наступныя
тры гадзiны абыходзiць, здаецца, кожны пакойчык. Пераступаючы праз цэглу, рыштаваннi...
Князь Мiкалай у камiне сталовай знаходзiць бутэльку з-пад гарэлкi...
— Гэтага не было, сценка была далей, гэта было не так, — расказвае яна ў кожным
з пакояў.
— Што вы, усё было менавiта так! — з усмешкай адказвае ёй Сяргей Друшчыц. У нейкi
момант княгiня не вытрымлiвае:
— Можа, хопiць са мной спрачацца?! Калi я тут жыла, вас яшчэ на свеце не было!
Супрацоўнiкi музея ахайна запiсваюць кожнае слова панi Эльжбеты — i на дыктафон
i, для пэўнасцi, у нататнiк. Намеснiк дырэктара музея Галiна Кандрацьева падрыхтавала
ў правiльнай паслядоўнасцi здымкi ўсiх iнтэр'ераў пакояў. У кожным пакоi для княгiнi
ставiцца зэдлiк — i яна апiсвае тое, што не патрапiла на здымак. Для музейшчыкаў
гэта — бясцэнная iнфармацыя, бо нiхто больш на Зямлi ўжо не згадае гэтага...
— Вось тут, над дамавой каплiцай, былi такiя моцныя бэлькi, дзе мы з кузэнам
Ежы бегалi палiць скрадзеныя ў дарослых папяроскi... А вось тут быў мой стол,
за якiм настаўнiца Мары-Шмiт давала мне ўрокi... А вось тут вiсеў партрэт майго
бацькi... А тут стаяла мяккая лава, на якой я сядзела, пакуль астатнiя танчылi
"мазурку" — бо сама не ўмела... А тут вiселi рэвальверы i шаблi... А гэтую лесвiцу
мы называлi "Лесвiца Пане Каханку"... А ў гэтай вежы бабуля малiлася перад сном...
А на гэтых прыступках любiла сядзець тоўстая жонка нашага слугi Антонiя, якi пасля
апынуўся агентам НКУС... А вось тут быў невялiкi пад'ёмнiк, на якiм дастаўлялi
ежу з кухнi ў сталовую... А ў гэтай зале на кожным акне ў самым нiзе былi маленькiя
форткi... А пад гэтай падлогай — прыступкi, бо падлога зробленая ўжо пасля таго,
як бацька перастаў хадзiць i стаў перасоўвацца на вазочку... А вось тут стаялi
два турэцкiя сёдлы, здабытыя як трафеi пад Венай...
Калi Радзiвiлы выходзяць з замка, ужо пачынае цямнець. Але панi Эльжбета ўсё
адно вядзе сям'ю на валы — паказаць, дзе яна любiла гуляць у маленстве. У адным
з месцаў яна паказвае... месца, дзе быў уваход у славуты падземны ход. Гэта —
вялiкая нечаканасць для рэстаўратараў, бо дае надзею на новыя адкрыццi!
Пасля агледзiнаў замка ў адноўленым корпусе нясвiжцы частуюць князёў Радзiвiлаў
кавай i гарбатай. I як толькi княгiня выходзiць з замка да машыны, пачынаецца
дождж.
— Нясвiж плача, што княгiня Радзiвiл з'язжджае... — заўважыў нехта ў натоўпе.
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.
Фота аўтара
i Аляксея Кульбiцкага.