Вы здесь

Дзе шукаць айчынную садавіну


У беларускіх садаводаў-аматараў і фермераў шмат дасягненняў, але хапае і пытанняў. А дзе ж можна атрымаць адказы на іх, як не ў кіраўніцтва Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Інстытут пладаводства», што знаходзіцца ў Самахвалавічах.


— Нярэдка ў невялікіх гарадах і мястэчках, а таксама каля дарог прадаюць саджанцы махляры — іншае слова цяжка падабраць. Як з імі можна змагацца, я пацікавіўся ў выконваючага абавязкі дырэктара, кандыдата сельгаснавук, дацэнта Анатоля КРЫВАРОТА.

— Каб не набыць няякасны матэрыял, трэба правяраць наяўнасць у гандляроў суправаджальных дакументаў на тавар: копію пашпарта гадавальніка, пуцявы ліст у кіроўцы, накладныя і сартавыя пасведчанні на тавар.

— Анатоль Міхайлавіч, колькі пладова-ягаднай прадукцыі цяпер збіраецца ў беларускіх садах і якая ў гэтым доля дзяржаўнага і прыватнага сектара?

— З кожным годам колькасць пладова-ягаднай прадукцыі павялічваецца. У 2016 годзе ў гаспадарках усіх формаў уласнасці сабрана 705,4 тысячы тон пладоў і ягад, з якіх 146,2 тысячы тон — у сельгасарганізацыях і фермерскіх гаспадарках (каля 21%), астатняе — у асабістых падсобных гаспадарках. Дарэчы, у параўнанні з мінулым годам вытворчасць пладовай прадукцыі павялічылася на 41,6 тысячы тон (40%). Гэта адбылося за кошт пачатку гандлёвага плоданашэння ў новых садах. Менавіта гэтая прадукцыя ідзе на захоўванне і ў зімова-веснавы перыяд трапляе ў гандлёвыя пункты.

— Калі мы прыходзім у буйныя гіпермаркеты «Еўраопт», «Прастор», «Гіпа» і іншыя, то беларускіх яблыкаў там практычна не сустрэнеш. Чаму?

— Я з гэтым не пагаджуся. У сезон масавага паступлення пладовай прадукцыі на гандлёвых паліцах беларускія яблыкі прадстаўлены даволі шырока, а вось у веснавы перыяд іх становіцца менш.

Наяўнасць айчынных яблыкаў у гіпермаркетах — складанае пытанне ўзаемаадносін гандлю і вытворцаў. Для паставак неабходна выкананне шэрагу ўмоў: дастаткова вялікія партыі пладоў, іх рэгулярнае паступленне ў пэўны тэрмін і ў патрэбнай тары, што нашыя прадпрыемствы не заўсёды ў стане выканаць. Зноў жа — высокая канкурэнцыя сярод вытворцаў. А яшчэ вельмі крыўдна, калі прадукцыя з кардонных скрыняў ці латкоў, на фасоўку якой пайшлі пэўныя затраты працы і часу, з вышыні высыпаецца ў агульны кантэйнер, дзе потым корпаюцца пакупнікі. Пагадзіцеся, што ў такіх абставінах захаваць гандлёвы выгляд прадукцыі вельмі цяжка. Адсюль ужо ідуць рэкламацыі, вяртанне яблыкаў і негатыўныя адносіны да беларускай прадукцыі.

А больш дробныя сеткі без праблем забяспечваюцца прадукцыяй па дагаворах з сельгасарганізацыямі або фермерамі. Ды і мы самі такім чынам пастаўляем сваю прадукцыю ў крамы горада Мінска.

Вы­кон­ва­ю­чы аба­вяз­кі ды­рэк­та­ра РУП «Ін­сты­тут пла­да­вод­ства»  кан­ды­дат сель­гас­на­вук, да­цэнт Ана­толь Кры­ва­рот са сва­і­мі га­да­ван­ца­мі.

— Наша Случчына напярэдадні Першай сусветнай вайны вывозіла на экспарт садавіны на 25 тысяч залатых рублёў (2,5 млн долараў). У Пецярбургу бэры слуцкія каштавалі ў два разы даражэй за найлепшыя сарты крымскіх груш. Чаму мы страцілі свае пазіцыі?

— І сёння не толькі ў Санкт-Пецярбургу, але і ў цэлым па Расіі ведаюць нашы яблыкі. Праведзеная намі работа дазволіла ўключыць 30 беларускіх сартоў у Дзяржрэестр селекцыйных дасягненняў Расіі, што дало магчымасць айчынным гадавальнікам прадаваць свае саджанцы за мяжу. Ёсць цікавасць і да закладання там новых садоў з нашымі сартамі.

Беларускія яблыкі экспартуюцца нашай усходняй суседцы ў дастаткова вялікіх аб'ёмах. Па афіцыйнай статыстыцы пастаўкі яблыкаў у Расійскую Федэрацыю з'яўляюцца самымі высокімі з прадукцыі раслінаводства: у 2015 годзе экспарт склаў 119 мільёнаў долараў, а ў 2016-м — 40 мільёнаў долараў. Галоўнае, каб пастаўшчыкі беларускіх яблыкаў трымалі марку і не зніжалі іх якасці.

— На паліцах нашых крам ляжаць яблыкі і грушы замежных сартоў. Ці сведчыць гэта пра тое, што яны лепшыя за айчынныя? Уладзімір Копань, вядомы селекцыянер з Украіны, лічыць, што адставанне айчынных селекцыянераў звязана з тым, што пасля сумна вядомай сесіі УАСГНІЛ 1948 года, дзе генетычная навука была асуджана як «прадажная дзеўка імперыялізма», навукоўцы не мелі доступу да алігенных донараў — генетычных носьбітаў канкрэтных гаспадарча-біялагічных прыкмет. І вось гэту «селекцыйную дзірку» шырынёй у некалькі дзесяцігоддзяў запоўнілі амерыканскія і заходнееўрапейскія сарты. Ці згодны Вы з гэтым?

— Толькі часткова. Генетыка была забаронена на афіцыйным узроўні. Але кожны селекцыянер працаваў на сабраным ім за доўгі час матэрыяле са сфарміраваных калекцый. Гэты генафонд выкарыстоўваўся згодна з яго мэтамі, а ў зацверджаных навуковых праграмах выкарыстаныя селекцыйныя метады можна было не згадваць. А пра тое, што навукоўцы-селекцыянеры — гэта адданыя сваёй справе людзі, сведчыць цікавы гістарычны факт. Аляксей Яфімавіч Сюбараў у гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Лошыцы і працягваў даглядаць свае калекцыі. Фашысцкія акупанты выкарыстоўвалі Лошыцкую сядзібу для размяшчэння свайго штаба і кватаравання і, каб пазбегнуць нечаканага нападу партызан і для лепшага абстрэлу, хацелі высекчы ўсе дрэвы навокал. Толькі дзякуючы намаганням Аляксея Яфімавіча, які пераканаў немцаў, што агародніна, якая вырошчвалася для іх харчавання, будзе лепш расці пад кронамі дрэў, пладовы сад удалося выратаваць. Але савецкая ўлада не ацаніла намаганняў навукоўца: за «сувязь з акупантамі» ён быў рэпрэсіраваны. Рэабілітацыя прыйшла праз доўгія гады. Вось такія зігзагі гісторыі...

Тэх­на­ло­гія вы­рошч­ван­ня яб­лы­ні ў су­пер­шчыль­ных па­сад­ках  (27 тыс. шт. на 1 га, сорт «Прэ­зі­дэнт»).

— Многія сарты пладовых раслін айчыннай селекцыі шырока вядомы за межамі Беларусі, яны «даехалі» нават да Сахаліна і Паўднёвай Афрыкі. Якія з іх цяпер запатрабаваны на ўнутраным і знешнім рынках?

— Насамрэч геаграфія нашых навуковых дасягненняў проста здзіўляе: інстытутам заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з 85 установамі па пладаводстве з 23 краін, у рамках якіх мы вывучаем паводзіны нашых сартоў у глебава-кліматычных умовах іншых краін.

Сёння мы ўжо маем права сказаць аб тым, што ў беларускага пладаводства ёсць свой твар. І ў першую чаргу яго пазнаюць па сартах яблыні «Беларускі салодкі», «Алеся», «Весяліна», «Сябрына», «Імант», па грушах «Духмяная», «Забава», «Проста Марыя», па новых сартах вішні, чарэшні, слівы, алычы.

— У беларускім садаводстве ідзе тэндэнцыя да акліматызацыі паўднёвых культур да нашых умоў. Ужо нікога не здзівіш вінаградам, абрыкосамі і грэцкімі арэхамі. Якія яшчэ пладовыя і ягадныя культуры могуць быць перспектыўнымі для нашых умоў?

— Наша задача — максімальна пашырыць пародны склад сада і перайсці ад монакультуры яблыні да полікультурных пасадак. Сёння мы думаем аб вырошчванні персіка, фундука, па ягадных культурах — бружмелі, актынідыі, бузіны, іргі.

— Пачалася вясна — бадай, самая гарачая пара ў садаводаў. Прачнуліся шкоднікі, у першую чаргу кветаеды. Што трэба зрабіць садаводам, каб абараніць свой будучы ўраджай?

— Прамысловае садаводства немагчымае без сродкаў абароны сада. Каб атрымаць таварны ўраджай добрага выгляду, неабходна правесці да 6—8 апрацовак ад хвароб і шкоднікаў. У краінах прамысловага пладаводства, дзе вытворцы часта не ўжываюць сваю прадукцыю, колькасць апрацовак даходзіць да 40. Уявіце, што мы потым спажываем!

Але нават і пры асцярожных адносінах неабходна выкарыстоўваць хоць бы мінімальную колькасць прэпаратаў, каб абараніцца ад кветаеда, пладажэркі і паршы. Інакш можна згубіць увесь ураджай. Ёсць альтэрнатыва — экалагічнае вырошчванне пладоў і ягад без хіміі, але з выкарыстаннем біялагічных сродкаў абароны. Мы і нашы калегі з іншых навуковых устаноў вывучылі шэраг біялагічных сродкаў, якія можна выкарыстаць пры вырошчванні пладовых раслін (Фруцін, Экасад)...

У Самахвалавічы можна прыязджаць не толькі па чаранкіі саджанцы з адкрытай і закрытай каранёвай сістэмай, свежыя плады і ягады. У 2017 годзе Інстытут пладаводства праводзіць цыкл навукова-практычных мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, якія будуць цікавымі як для садаводаў-аматараў, пчаляроў, так і для навукоўцаў. З праграмай мерапрыемстваў можна пазнаёміцца на афіцыйным сайце інстытута (www.belsad.by).

Гутарыў Аляксандр ВАШЧАНКА

Название в газете: Беларускі сад у Год навукі, або Дзе шукаць «свае» яблыкі

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».