Вы здесь

Куды глядзелі бацькі?


Дзіцячая смяротнасць за апошнія пяць гадоў знізілася больш як у два разы. У 2011 годзе ў краіне загінулі 262 дзіцяці, летась — 154. Але гэта зусім не значыць, што бацькі могуць страціць пільнасць.


«Штогод 20—30 дзяцей гінуць ва ўзросце да года. Дзеці малодшага ўзросту гінуць з-за недагляду дарослых, па віне бацькоў, — адзначае галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Валянціна ВАЎЧОК. — Толькі за два тыдні ліпеня загінула ўжо восем дзяцей. Па меры таго як дзіця падрастае, на большую колькасць рэчаў трэба звяртаць увагу і яшчэ больш пільна сачыць за тым, што робіць у гэту хвіліну ваша дзіця».

Горача на вуліцы? Адчынілі фортку? Не выходзьце з пакоя, пакуль не зачыніце. Адсуньце ад акна мэблю і прыстасаванні, якія дапамогуць дзіцяці ўскараскацца на падаконнік. Пасля мінулагодніх выпадкаў падзення дзяцей з вокнаў Следчы камітэт, дарэчы, прапанаваў змяненні, паводле якіх цяпер у дзіцячых садках, школах, бальніцах, паліклініках і жылых будынках трэба прадугледжваць дзіцячыя замкі бяспекі на вокнах. Перавярнуўся батут (дзякуй богу, ніхто асабліва не пацярпеў) — распрацавалі з падачы таго ж камітэта і новы рэгламент выкарыстання гульнявога надзіманага абсталявання: як павінен быць замацаваны батут, колькі людзей на ім можа адначасова знаходзіцца і г. д. І зноў жа, дзеці — нашы, значыць, нам і прыглядацца трэба, як ды што там умацавана. А іначай... Вось у адзін толькі ліпеньскі дзень у Буда-Кашалёўскім раёне хлопчык спрабаваў забрацца на цагляны мур вышынёй 2,5 м, мур абваліўся, дзіця загінула. А ў Шклоўскім раёне хлопчык упаў з балкона другога паверха новабудоўлі, цяпер у рэанімацыі.

Лета хоць і халоднае, але шасцёра непаўналетніх ужо патанулі (усяго сёлета патанулі 11 дзяцей, у тым ліку ў Нясвіжы дома ў ванне затанула 6-месячнае дзіця). Адзін спрабаваў пераплыць вадаём, другі раскачваўся на дрэве ды сарваўся, трэці наглытаўся вады ў сажалцы, неабсталяванай для адпачынку... Трое дзяцей загінулі сёлета ў агні. Даступнымі для іх застаюцца запальніцы і запалкі. Дарослыя распальваюць печы і сыходзяць з дому, закрываючы малых адных...

«Мы плануем ахапіць прафілактычнай работай практычна ўсе сем'і, якія выхоўваюць дзяцей. Гэта не праверкі, а гутаркі інспектара з бацькамі, — кажа афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь НАВІЦКІ. — Не так даўно выйшла сацыяльная рэклама «Ганарымся, што навучылі» з акцэнтам на тое, што бацькі павінны ганарыцца, што навучылі сваіх дзяцей бяспечным паводзінам. У Віцебску, Гомелі, Лідзе ды ў іншых абласцях будуць працаваць цэнтры бяспекі, дзе ў інтэрактыўнай форме дзецям дадуць веды па бяспечных паводзінах у самых розных сітуацыях».

Спецыялісты раяць дэталёва вывучыць наваколле сваіх кватэр і дамоў: што трапляе ў поле зроку вашага дзіцяці — што яно можа адчыніць, куды залезці, да чаго дацягнуцца... Ці ўмееце вы вазіць немаўля ў калясцы? Дзе вы захоўваеце лекі? А алкаголь? На шчасце, летась не зафіксавана ніводнага смяротнага атручэння алкаголем, але бывае ўсякае.

Дзесьці да 12—13 гадоў дзіця пастаянна трэба трымаць у полі зроку або браць з сабой. Яго нельга нідзе і ніколі пакідаць без нагляду. «Дзеці пастаянна пазнаюць свет, але што можа забяспечыць зніжэнне траўматызму? — разважае галоўны дзіцячы артапед-траўматолаг Міністэрства аховы здароўя Дзмітрый ЦЕСАКОЎ. — Неабходна развіваць самакантроль...»

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.