Вы здесь

Як наша газета друкавалася ў падполлі падчас вайны


Святы абавязак сённяшніх звяздоўцаў — памятаць пра тых, хто ў цяжкую часіну змагаўся з ворагам словам


Сваёй бесперапыннай гісторыяй даўжынёй у стагоддзе «Звязда» перш за ўсё абавязана тым, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны ствараў газету ў акупаваным Мінску, а затым — у партызанскай зоне на востраве Зыслаў.

На чале з будучым Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Амельянюком, а пазней — іншымі, не менш гераічнымі людзьмі, журналісты-падпольшчыкі пад пагрозай расстрэлу збіралі інфармацыю, у найцяжэйшых умовах пераводзілі яе на паперу, а потым яшчэ і распаўсюджвалі. І ўсё гэта — пад носам у ворага!

За чатыры нумары «Звязды», выпушчаныя ў падполлі (пяты быў падрыхтаваны, але так і не ўбачыў свет), была заплачана самая высокая цана. Жыццё адных
у імгненне абарвала варожая куля, многіх закатавалі да смерці, лёс некаторых падпольшчыкаў невядомы і дагэтуль... Прычым такая расправа чакала не толькі тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у выпуску газеты. Гітлераўцы не пашкадавалі ні старых, ні дзяцей, якія хоць нейкім чынам дакрануліся да выдавецкай справы.

Але нішто не можа зламаць сапраўдных патрыётаў! У суровую зіму 1943-га «Звязда» аднавіла свой выхад сярод любанскіх балот, у партызанскай зоне на востраве Зыслаў, з усіх бакоў акружаным ворагам. Там, у неабагрэтых зямлянках, неабсталяваных сялянскіх хатах, гаспадары якіх часова прытулілі ў сябе газетчыкаў, з кожным выпускам звяздоўцы праслаўлялі подзвігі партызанаў, натхнялі насельніцтва на барацьбу з фашыстамі. Звесткі, атрыманыя ў партызанскіх атрадах пад свіст куль, варожыя аблавы, з-за якіх не раз даводзілася мяняць рэдакцыйную «прапіску», тыф, які выкошваў лепшых, рэгулярнае недаяданне і адсутнасць нават намёку на камфорт — тым не менш сіламі ўсяго сямі (!) чалавек у партызанскай зоне было выпушчана 105 нумароў газеты!

Гасцінная Любанская зямля, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны дала прытулак нашым папярэднікам, дагэтуль захоўвае некаторыя артэфакты, звязаныя з гісторыяй «Звязды». У першую чаргу гэта легендарны востраў Зыслаў, дзе выдавалася газета. Але гэтым разам наша вандроўка на поўдзень Міншчыны не абмежавалася толькі ім...


Купала пісаў — «Звязда» друкавала

У га­ды Вя­лі­кай Ай­чын­най вай­ны на Зыс­ла­ве ра­зам са «Звяз­дой» вы­да­ва­лі­ся ма­ла­дзёж­ная га­зе­та «Чыр­во­ная зме­на» і лю­бан­ская ра­ён­ка «Кліч Ра­дзі­мы».

Любаншчына ўвайшла ў гісторыю не толькі як партызанскі край. Гэтая зямля дала краіне трох Герояў Савецкага Саюза, 18 Герояў Сацыялістычнай Працы, якія праслаўлялі сваю радзіму ўжо на мірных палетках.

Героі вайны, перадавікі працы заўжды ўпрыгожвалі старонкі найстарэйшай газеты краіны. Пісала «Звязда» і пра тое, як на Любаншчыне гасціў народны паэт Беларусі Янка Купала. Любанскія краявіды натхнілі песняра на яго знакамітую паэму «Над ракой Арэсай», урыўкі з якой упершыню друкаваліся менавіта ў «Звяздзе».

Сёння ўжо няма тых, хто памятаў май і чэрвень 1933-га, калі паэт праводзіў час у Любанскім краі. Засталіся толькі маўклівыя сведкі — векавыя дубы ды сосны. Вядома ж, апетая класікам Арэса! Жыве і вёска, якая на два месяцы прытуліла песняра.

Праз вёску Камуну акурат і ляжыць шлях да партызанскага вострава. Пакуль едзем, мясцовы краязнавец Анатоль Вялічка расказвае: «Першы старшыня калгаса «Камуна» Эмануіл Модзін, дарэчы, адзін з герояў паэмы, успамінаў, што калі да яго патэлефанавалі і сказалі, што едзе Купала, ён узяў грузавы аўтамабіль і выправіўся на чыгуначную станцыю «Урэчча» сустракаць песняра. Купала ехаў не адзін. Каб выступіць перад навучэнцамі рабфака ад Горацкага сельгасінстытута, які існаваў у Камуне, разам з ім прыбылі пісьменнікі Уладзімір Хадыка і Платон Галавач, мастак Анатоль Тычына, які тады зрабіў эцюды пасёлка. Купала жыў на кватэры ў камунара Уладзіміра Дубовіка. Казалі, што той яго нават галіў. Пісьменніку выдалі конную павозку, на якой Купала ездзіў знаёміцца з людзьмі. Як успамінала адна са старажылак, калі паэт прыйшоў на ферму, для таго, каб нікога не пакрыўдзіць (даяркі ж былі рознага ўзросту), ён з імі павітаўся наступным чынам: «Добры дзень, дзяўчаты-маладзіцы!»

Падчас таго гістарычнага візіту на Любаншчыну Янка Купала не збіраўся пісаць паэму, але тое, што ён убачыў, яго вельмі ўразіла. Перад вайной калгас Беларускай ваеннай акругі, як называлі цяперашнюю Камуну, стаў удзельнікам ВДНГ, а 20 лютага 1940 года першы ў рэспубліцы быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Адна з даярак, Аксіння Дудзік, атрымала медаль «За працоўную адзнаку». Вось такіх людзей яшчэ да прызнання іх заслуг убачыў на Любаншчыне Купала, пра іх і напісаў.

«Яшчэ два-тры гады назад тут было непраходнае балота, дрыгва, дзе гінулі людзі, калі яны збіваліся з вузкай сцежкі, — пісаў класік. — Цяпер там велізарны калгас. Асушаны некалькі тысяч гектараў. Праведзены добрыя дарогі, нават вузкакалейка пракладзена».

Сапраўды, гэта быў адзін з найлепшых прыкладаў калектывізацыі ў краіне. Створаная 7 лістапада 1929 года з 17 хутароў на востраве Забалоцце, да вайны Камуна ўжо мела 210 хат. Прычым яшчэ нядаўна на гэтым месцы былі непраходныя балоты!

Пад­час ад­крыц­ця шыль­ды ў маі 1975 го­да.

— Навукоўцамі ўжо даўно прызнаны факт, што Янка Купала прыехаў на Любаншчыну акурат пасля таго, як здзейсніў спробу самагубства, — гаворыць начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Любанскага райвыканкама Васіль Каткавец. — Ён прыехаў сюды ў прыгнечаным стане і калі ўбачыў, што людзі стварылі камуну і будуюць светлае жыццё, за два месяцы акрыяў душой. Людзі марылі пра светлую будучыню, разам з імі пачаў у яе верыць і Купала. Натуральнае асяроддзе стварала тую жыццёвую мудрасць, якую пісьменнік увасобіў у сваім творы.

Што адчуў бы Купала, калі б даведаўся, што 17 ліпеня 1941 года Камуну дашчэнту спалілі немцы, і з 210 хат ацалелі толькі дзве?..

Тыя злачынствы, якія гітлераўцы ўчынілі на іх зямлі, любанцы дараваць не маглі. Жыхары Любаншчыны помсцілі ворагу на франтах Вялікай Айчыннай, змагаліся з ім у падполлі і ў партызанскіх атрадах.

Друкарня ў Дварцы

Далей наш маршрут ляжыць у вёску з прыгожай назвай Дварэц. Менавіта тут у студзені 1943 года быў адноўлены выпуск падпольнай «Звязды». На месцы хаты, дзе некаторы час размяшчалася падпольная друкарня, цяпер стаіць новая. Але пра гэты гістарычны факт не дае забыцца шыльда, якая з'явілася тут у 1975 годзе акурат перад Днём друку.

Удзельнікам гэтай падзеі ў гісторыі газеты, а таксама ўсёй вёскі быў і Анатоль Вялічка, які на той час з'яўляўся сакратаром партарганізацыі саўгаса «Гарадзяцічы». Ён памятае, што на адкрыцці прысутнічалі і рэдактар тагачаснай «Звязды» Аркадзь Тоўсцік, рэдактар «Чырвонай змены» Уладзімір Касько. Быў тут і Амяльян Шурпач, які непасрэдна выдаваў партызанскую «Звязду».

Прысутнічала на адкрыцці шыльды і гаспадыня хаты, дзе стваралася «Звязда». Праўда, жыла Марфа Мігун ужо ў новым будынку — за тое, што ў гады вайны не пабаялася і дазволіла падпольшчыкам выкарыстоўваць сваё жыллё, дзяржава пабудавала ёй новую хату. На яе сценах і з'явілася шыльда.

— У студзені 1943 года на дзвюх падводах з вострава Зыслаў сюды, у глухую вёску каля лесу, накіравалася рэдакцыя газеты «Звязда», — расказвае Анатоль Вялічка. — У крайняй хаце, дзе гаспадарыла Марфа Мігун, размясцілася друкарня. У суседняй, у Марыі Бубіч, журналісты жылі.

Як успамінаў супрацоўнік партызанскай «Звязды» Амяльян Шурпач, умовы работы і побыту былі суровыя. «Мы не мелі права нікуды, акрамя нашых кватэр, адлучацца, нікому нічога гаварыць пра свой занятак, — расказваў пасля вайны журналіст. — Нам, вядома, не спадабалася ўсё гэта. Пасля шматлікіх паходаў, небяспечных аперацый апынуцца ледзь не пад арыштам — прыемнасці мала. Хутка мы пераканаліся, што суровыя ўмовы канспірацыі не выдумка, а жорсткая неабходнасць. Немцы цэлы дзень бамбілі вёскі Камаровічы і Альбінск. Падпольшчыкі паведамілі, што мэта налёту — ліквідацыя падпольнай «Звязды».

Сем чалавек разам з рэдактарам Міхаілам Барашкавым працавалі над газетай: былы рэдактар любанскай раёнкі Піліп Касцюкавец, Георгій Шчарбатаў, Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка, Ніна Цылько і Амяльян Шурпач. Няма ўжо на гэтым свеце
ні іх, ні тых, хто даў прытулак звяздоўцам. У хаце Марфы Мігун даўно жывуць іншыя людзі, але пра тое, якое важнае дзейства адбывалася ў гэтых сценах у гады Вялікай Айчыннай вайны, у Дварцы ведаюць усе.

Сын Марфы Мігун быў вельмі малым, калі ў хаце яго бацькоў размясцілася друкарня. У памяці тады чатырохгадовага, а сёння ўжо дарослага мужчыны, мала што засталося, але ёсць чым падзяліцца.

— Друкавалі «Звязду» ноччу, — расказвае Леанід Мігун. — Чаму размясціліся ў нашай хаце? Бо яна стаяла з краю, каля алешніку: каб пры неабходнасці можна было хутка ўцячы. Я помню станок, на якім друкавалі газету. Аднойчы выпадкова вывернуў шрыфт, ён рассыпаўся. Мне тады добра ўляцела! Пасля таго нікога да станка не падпускалі.

У ха­це Мар­фы МІ­ГУН (у хуст­цы)  у вёс­цы Два­рэц вы­да­ва­ла­ся пар­ты­зан­ская «Звяз­да».

Журналісты-падпольшчыкі прасілі малога, каб нікому не расказваў, што адбываецца ў іх хаце. І ён маўчаў. Некаторыя аднавяскоўцы толькі пасля вайны даведаліся, што ў некалькіх кроках ад іх стваралася вядомая газета. Вось гэта канспірацыя!

— Газета была крыху большая, чым ваш блакнот (нататнік дзесьці фармату А5. — Аўт.), — працягвае Леанід Якаўлевіч. — Шкада, што памёр рэдактар. Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў быў харошым, талковым мужчынам. Затое Амяльян Шурпач жыў доўга, пасля вайны часта бываў у нас: відаць, цягнула яго ў гэтыя мясціны.

Гэта пацвярджае і яшчэ адзін мясцовы жыхар Аляксандр Кісель. Працуючы шафёрам, той неаднойчы бываў у Мінску. Калі позна вызваляўся, то заўсёды начаваў у Амяльяна Сцяпанавіча — жыхары Дварца яму былі як родныя.

Аляксандр Дзмітравіч памятае друкарскі станок, які стаяў пад кустом у алешніку — журналісты «Звязды» збіраліся мяняць месца дыслакацыі. Калі стала вядома, што немцы блізка, падпольшчыкі сабралі друкарню і перайшлі праз балотны масіў за вёску Дзвесніца, ва ўрочышчы Добры Лес выдалі некалькі нумароў газеты. Таксама партызанская газета друкавалася ў вёсцы Камсамолец, што на сучаснай Салігоршчыне. Апошні нумар партызанскай «Звязды»
выйшаў у Слуцку.

Наш святы абавязак — памятаць

Подзвіг журналістаў, якія ў абсалютна неспрыяльных умовах, пад пагрозай гібелі стваралі газету, увекавечаны і на востраве Зыслаў. Сёння тут стракочуць конікі, спяваюць птушкі, будуюць свае дамы мурашы. Больш як сем дзесяцігоддзяў таму тут чуліся іншыя гукі. У прыватнасці, гулі маторы самалётаў — на Зыславе размяшчаўся буйны партызанскі аэрадром.

Вост­раў Зыс­лаў. Мы бу­дзем па­мя­таць заўж­ды.

Ужо ў гэтую суботу супрацоўнікі «Звязды» разам з неабыякавымі да гісторыі нашай газеты любанцамі збяруцца на Зыславе, каб пакланіцца светлай памяці тых, хто ў цяжкую часіну змагаўся з ворагам словам. Ці маглі яны думаць тады, што іх дзецішча, іх «звёздачка», як называлі падпольшчыкі газету, дажыве да такога прыгожага юбілею?!

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Любанскі раён

Название в газете: Подзвіг у тыле ворага

Выбор редакции

Общество

Осложнения пандемии для мировой политики. Удастся ли нам предотвратить перерастания военных инцидентов в большую войну?

Осложнения пандемии для мировой политики. Удастся ли нам предотвратить перерастания военных инцидентов в большую войну?

Декабрь — месяц подведения первых итогов года, пока предварительных, но уже очевидных.

Общество

«К штыку он перо приравнял». Вспоминаем военного корреспондента Константина Симонова

«К штыку он перо приравнял». Вспоминаем военного корреспондента Константина Симонова

28 ноября 2020 года исполняется 105 лет со дня рождения известного русского писателя, военного корреспондента и журналиста Константина Симонова.

Общество

Имплантация зубов: есть ли основания для страха и сомнений?

Имплантация зубов: есть ли основания для страха и сомнений?

Врачи предупреждают: даже если по каким-то причинам пришлось удалить один зуб, ему нужна замена.