Вы здесь

Лукашэнка адкрыў ХІV Калядны міжнародны турнір аматараў хакея


Адначасова адбылося і ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Трыбуны шумелі, свісцелі і гулі: і дзеці, і дарослыя прыйшлі не толькі хварэць, але і проста ўбачыць шоу. Перад гульнёй гледачоў «разагрэлі» спевакі і фігурысты, што выступілі пад беларускамоўныя каверы сусветна вядомых хітоў. І убачыць, і пачуць было што.


Гэта ўжо традыцыя — пачынаць спартыўны год у краіне Калядным хакейным турнірам.

— Яго характэрнымі рысамі з'яўляюцца сур'ёзны спартыўны складнік і дух сапраўднай барацьбы. А самае галоўнае — захаванне найлепшых традыцый і пераемнасць пакаленняў, — адзначыў у вітальным слове Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу, што дасягненні айчынных атлетаў на сусветных арэнах грунтуюцца на трывалым падмурку дзіцяча-юнацкага і масавага спорту.

Сапраўдным падарункам для ўсіх стала сумеснае правядзенне Каляднага турніру і рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба»:

— Для юных аматараў хакея гэта будзе двайное свята. Яны змогуць праявіць тут свае найлепшыя спартыўныя якасці і волю да перамогі, а таксама атрымаць асалоду ад майстэрства вопытных хакеістаў.

Штогод Калядны турнір збірае ў Мінску нашых добрых сяброў. Напрыклад, сёлета паспаборнічаць на лёдзе прыехалі хакеісты з Расіі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, шматнацыянальная зборная Балкан.

— Асабліва мы вітаем каманду Кітайскай Народнай Рэспублікі, якая ўпершыню прымае ўдзел у гэтым турніры, — сказаў Прэзідэнт. У гэтай сувязі ён згадаў цікавы факт, пра які ў нас мала хто ведае:

— У свой час, шмат гадоў таму, разам са мной у Эміратах была група хакеістаў. І мы былі першымі, хто заклаў аснову развіцця хакея ў гэтай цалкам спякотнай краіне. Там працавалі нашы хакеісты. Гэтак жа было і ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Мы згулялі там выставачны матч: каманда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь са зборнай Кітайскай Народнай Рэспублікі. І, можа быць, закінулі тое першае зерне ў КНР па развіцці хакея. І мы вельмі рады за нашых кітайскіх сяброў, што чарговая зімовая Алімпіяда 2022 года адбудзецца ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы ў Пекіне.

Матч адкрыцця турніру Швейцарыя—КНР (7:4).

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адносна нядаўна ў нашай сталіцы прайшоў — і паспяхова — чэмпіянат свету па хакеі. А зусім нядаўна Міжнародная федэрацыя хакея на лёдзе прыняла рашэнне зноў правесці ў Беларусі чэмпіянат свету ў 2021 годзе.

— Гэта было б немагчыма без тых хлопцаў і ў добрым сэнсе слова чыноўнікаў, функцыянераў ад спорту, якія прыязджалі да нас сюды на наш міжнародны турнір, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — І нам удалося здзейсніць немагчымае: нам зноў на 2021 год аддалі чэмпіянат свету.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў і за тое, што ўжо не першы год каманды турніра ўдзельнічаюць у дабрачыннай акцыі «Калядная традыцыя» для дзяцей, якія маюць асаблівую патрэбу ў клопаце.

***

У Калядным турніры прымаюць удзел восем камандаў, падзеленыя на дзве групы. У фінале «Залатой шайбы» — таксама восем камандаў: па адной ад кожнай з абласцей і дзве — ад Мінска.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Название в газете: Дух сапраўднай барацьбы.

Выбор редакции