Вы здесь

Як не страціць аўтэнтычнасць у тапонімах


Учора ў рэдакцыі сутыкнуліся з цікавым філалагічным выпадкам. Ставілі на першую старонку фота бортніка з Лельчыцкага раёна, а подпіс да яго ў арыгінале быў толькі па-руску. Дык з назвай аграгарадка «Милошевичи» намучыліся. Па-руску як ні вымаўляй, напісана ўсё роўна будзе аднолькава. А вось мова наша да націскаў больш адчувальная, яе пісьмовы варыянт у многім менавіта ад іх залежыць. Вось і мы ўчора думалі-гадалі, як правільна напісаць — Міло́шавічы ці Мілашэ́вічы, каб жыхароў таго паселішча не пакрыўдзіць. Добра, што згадалі пра даведнік «Назвы населеных пунктаў Беларусі», які ў стыльрэдактараў на паліцы стаіць. Зазірнулі ў том, прысвечаны Гомельскай вобласці, — і на табе! — трэці варыянт, пра які нават не падумалі, — Мі́лашавічы. Такія вось сюрпрызы нацыянальнай тапанімікі.


Гэты выпадак, калі былі сумненні, знайшлася дакладная крыніца і памылкі ўдалося пазбегнуць, — адначасова і тыповы, і хутчэй выключэнне, чым правіла. Выключэнне — гэта пра дакладную крыніцу і пра недапушчаную памылку. Бо, едучы ад вёскі да вёскі, гледзячы на шыльды-паказальнікі, напісаныя па-беларуску, з сумам канстатуеш, што Баркі́ сталі Бо́ркамі, Мянькі́ — Ме́нькамі, Янко́ўцы — Я́нкаўцамі, Хі́марады — Хімаро́дамі... І здагадваюцца пра назвы-пярэваратні, бо дакладна ведаюць правільны варыянт, толькі тыя, для каго наваколле гэтых вёсак — тая самая малая радзіма, пра якую сёлета гаворым так часта і так шмат. Яны вымаўляюць родныя назвы з цеплынёй і любоўю, але з цягам часу носьбіты аўтэнтычных тапонімаў пойдуць у нябыт, а напісанае — на шыльдах, у папяровых ці электронных дакументах — застанецца надоўга і пакрысе стане адзінай крыніцай інфармацыі нават для новых насельнікаў тых вёсак. І назвы, перакручаныя на новы лад толькі таму, што калісьці той, хто іх пісаў, не ведаў, на які склад ставіць націск, заменяць спрадвечныя, якія адлюстроўвалі асаблівасці і самой мясцовасці, і мясцовай гаворкі.

За гэта вельмі хвалявалася светлай памяці Валянціна Пятроўна Лемцюгова, якая дзесяцігоддзі стаяла на варце айчыннай, менавіта беларускамоўнай, тапанімікі. У многім дзякуючы яе клопату і карпатлівай працы і з'явіўся на свет ужо згаданы даведнік. Гэты шасцітомнік — сапраўдная знаходка для ўсіх, хто мае дачыненне да тапонімаў, асабліва ў плане іх правільнага напісання. Кожнай вобласці прысвечаная асобная кніга, там усё распісана па раёнах і нават па сельсаветах. Прычым даецца і беларускі варыянт з правільнымі націскамі, і рускі, і напісанне лацінкай. Нават страчаныя назвы — вёсак, якія зніклі з твару зямлі, — па кожным раёне сабраныя і зафіксаваныя. Атрымліваецца, справа па ўдакладненні правільнага напісання родных назваў роднай зямлі на роднай мове паспяхова зробленая?

Але ж чаму тады паўсюль трапляюцца надпісы-калекі — як іх ніхто ў тых мясцінах не вымаўляе? Таму што крыніцамі іх нярэдка служаць менавіта рускамоўныя дакументы. Другая дзяржаўная — мова хоць і адной групы з беларускай, але са сваімі адметнымі правіламі, у якіх пры напісанні той жа націск не ўлічваецца зусім. А па-беларуску можа быць і два, і нават тры (як у прыкладзе з Мілашавічамі) варыянты — і любы можа аказацца правільным! Але ці ведаюць, які менавіта, тыя, хто шыльды і паказальнікі піша? Падазраю, што пра існаванне даведніка, які можа гэта падказаць (і які, дарэчы, ужо ёсць у электронным варыянце), многія нават не здагадваюцца...

Здаецца, цікавая ідэя акрэсліваецца акурат у кантэксце Года малой радзімы. Паклапаціцца менавіта пра захаванне ў правільным, спрадвечным выглядзе мясцовых тапонімаў. Праверыць шыльды, паказальнікі, надпісы на транспарце. Задача няпростая? Не такая і складаная, калі ёй зоймуцца ў кожным асобна ўзятым сельсавеце, асобна ўзятай школе, дзе ламаюць галаву, чым жа такім цікавым і карысным заняць вучняў у летнім лагеры.

Дарэчы, пра цікавае і карыснае для школьнікаў. Ёсць яшчэ адна цікавая ідэя, таксама з тапанімікай звязаная. Яна прыйшла па пошце ад нашай сталай чытачкі Яўгеніі Кулевіч з вёскі Сялец Смаргонскага раёна. «У нас нават маленькага лапіка зямлі безназоўнага няма, — піша Яўгенія Барысаўна. — Вакол нашага Сяльца гляньце, якія прыгожыя назвы мясцінак: Грэбля, Бабішча, Забрады, Смыкава, Іерусалім, Маслаўшчына (гэта вялікі луг, паша і сенакос. Сапраўды, масла адсюль). Але ў вёсцы сёння няма ні адной кароўкі, дый жыхароў зусім няшмат. Вёска не пустая, тут цяпер у многіх лецішчы. Хаты абнавіліся, дагледжаныя, а вось назвы мясцінак забываюцца, іх новыя гаспадары ўжо так не называюць...» Сапраўды, назвы пералескаў, урочышчаў, паплавоў — бадай, самы незвычайны і стракаты пласт нашай лакальнай тапанімікі, але і самы ўразлівы, бо фактычна гэтыя назвы нідзе не зафіксаваныя пісьмова. Чаму б менавіта ў Год малой радзімы не ўзяцца за гэта на месцах, каб захаваць тое, што маем і яшчэ не паспелі страціць, прапануе наша чытачка.

Каму гэта патрэбна? Думаю, нам усім. Бо не будзе дробязяў — не будзе і вялікай Радзімы, з якіх яна складаецца. А хто мы будзем без яе?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Название в газете: Правілы націску

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».