Вы здесь

Неадкладная справа


Каб пасля не было пакутліва балюча...


Вы, напэўна, чулі пра гэта здарэнне на пачатку тыдня — пажылы мужчына праваліўся ў самаробны склеп, які быў зроблены проста пад балконам шматпавярховіка. «Дачка 66-гадовага мужчыны занепакоілася, калі бацька перастаў адказваць на званкі, расказалі ў прэс-службе МНС. Яна прыехала да яго дадому і знайшла тату ў склепе. Склеп глыбінёй 2,5 метра размешчаны пад балконам кватэры на першым паверсе дзевяціпавярховага дома. Паведамленне ратавальнікам паступіла ад медыкаў, якіх выклікалі дзеці пацярпелага. Работнікі МНС даставалі мужчыну з дапамогай альпінісцкага рыштунку. Пацярпелага агледзелі медыкі «хуткай» і з рознымі дыягназамі, у тым ліку «абязводжванне» і «інфіцыраванне канечнасцяў», мужчыну шпіталізавалі. Пацярпелы знаходзіцца ў цяжкім стане», — пісалі навыперадкі адзін перад адным інфармацыйныя парталы.

Навіна як навіна, нічога дзіўнага няма. Цягнуць ратавальнікі амаль штодня то жывёл, то людзей, што правальваюцца то ў яму, то ў калодзеж, то ў багну. Здараецца ўсякае, і заканчваецца не заўсёды хэпі-эндам. У гэтай гісторыі фінал больш-менш шчаслівы, дасць Бог, чалавек паправіцца. І ўсё ж ёсць у ёй адно маленькае «але», якое, мякка кажучы, бянтэжыць. «У Мінску пажылы мужчына правёў у склепе ПЯЦЬ дзён». Загаловак для тэатра абсурду, бо так не павінна быць у нармальным свеце, калі чалавек амаль тыдзень сядзіць без вады і ежы літаральна пад нагамі ў соцень людзей, пры тым што ён не сірата-пустэльнік, у яго ДЗЕЦІ ёсць. І, калі працягваць разважаць далей, ніхто з дзяцей за пяць дзён бацьку не патэлефанаваў. Пэўна, былі вельмі занятыя. А стары (дый не такі і стары — нейкіх там 66 гадоў) топчацца недзе, ды і хай сабе...

Я ніякім чынам не бяруся рабіць высновы пра гэту асобна ўзятую сям'ю. Хто яго знае, якія там адносіны паміж пакаленнямі і ці ёсць у іх ахвота адно аднаму тэлефанаваць. Я пра тое, што выпадак, які па ўсіх законах божых і чалавечых павінен быць выключным, адзінкавым, — на жаль, для нашых сённяшніх рэалій тыповы.

Статыстыкі такой не вядзецца — колькі старых людзей памірае ці гіне толькі таму, што нікога не было побач, што ніхто нейкі час не цікавіўся, як яны там. Але спытайце ці не ў кожнай вёсцы, і вам абавязкова прыпомняць штосьці падобнае з гісторыі апошніх гадоў. Дзядуля памёр ва ўласнай хаце, і, калі дзеці прыехалі з горада на выхадныя сабраць ураджай на агародзе, нябожчыку ўжо папсавалі твар пацукі. Бабуля ў люты мароз замерзла каля няпаленай некалькі дзён грубкі, бо ў яе адмовілі ногі і не магла скрануцца з месца. Дзеці, што жылі ў суседняй вёсцы, забілі трывогу толькі праз некалькі дзён. Дачніца ўвалілася ў калодзеж у двары, яе знайшоў назаўтра сусед, які прыйшоў начэрпаць вады. Жанчыну ў цяжкім стане даставілі ў бальніцу, дзе яна і памерла ад пнеўманіі. Тэлефон дачкі доўгі час быў адключаны, ёй не маглі дазваніцца, каб паведаміць жалобную навіну. Пасля яна казала суседзям, што на працы рыхтавала квартальную справаздачу, ад папер нават галавы не адрывала, не было калі ў прыбіральню схадзіць, не тое, што пажылой маці нумар набраць. Да таго ж тая няблага сябе адчувала, сядзела сабе на лецішчы, градкі палола...

Пра тое, што, калі б яна ўсё ж знайшла хвілінку патэлефанаваць маці і, не пачуўшы адказу, занепакоілася б і папрасіла б таго ж суседа пайсці глянуць, як яна там, жанчына не праседзела б амаль суткі ў ледзяной вадзе, не застудзіла б лёгкія і была б жывая, яна не казала нічога. Гэта яе асабісты кашмар на ўсё астатняе жыццё. Як і для іншых, хто праз некалькі дзён знаходзіць роднага чалавека нерухомым каля шафкі з лекамі ці з тэлефоннай трубкай у руках. Кашмар, ад якога пазбавіцца нельга, не дапамогуць нават самыя важкія аргументы, нават самае шчырае пакаянне...

А гэта ж так проста, людзі, — знайсці некалькі хвілін нават у самым шчыльным графіку і набраць знаёмы нумар (тым больш сёння, калі мабільны ёсць у кожнага). Не раз на тыдзень — кожны дзень. Раніцай і ўвечары. Каб пераканацца, што ўсё добра. Ці хоць бы дзеля таго, каб пачуць «дачушка» або «сынок». Бо, калі іх не стане, нас ужо так ніхто не назаве.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Оставить комментарий

Выбор редакции

Спорт

Анастасия Чернявская: Нужно, чтобы люди знали: бадминтон — реальный спорт

Анастасия Чернявская: Нужно, чтобы люди знали: бадминтон — реальный спорт

Какие задачи ставятся перед командой в 2019 году и что самое важное в бадминтоне?  

Экономика

Форум закончился, а контракты начинают приносить прибыль

Форум закончился, а контракты начинают приносить прибыль

Сенаторы и представитель Минсельхозпрода Беларуси подвели итоги прошедшего форума.

Общество

Как это было: откровенный рассказ об усыновлении

Как это было: откровенный рассказ об усыновлении

Елене скоро будет 44, она преподает в одном из столичных университетов.