Вы здесь

Ёсць у гэтым Сусвеце нешта, што не знікае без следу і назаўжды


І сёлета пад зорным дажджом Персеідаў, які найбольш шчодра сыпаўся з неба ў ноч з 12-га на 13-га, пастаяць не атрымалася. Пакаціліся ў прорву Сусвету сотні незагаданых, а значыць, і няспраўджаных жаданняў, пранёсся наш блакітны шарык праз бліскучы след каметы Свіфта — Татла, якая сама набліжалася да Зямлі дваццаць шэсць гадоў назад, а наступны раз будзе гэтаксама блізка аж у 2126-м. Але хвост свой з метэораў распушыла на дзесяцігоддзі, вось і трапляе ў яго наша планета штогод у жніўні, а мы, дурныя рамантыкі, кожны паасобку, стаім задраўшы галовы і радуемся, бы дзеці, угледзеўшы імгненны вогненны росчырк на небе, верачы, што загаданае ў гэты момант абавязкова спраўдзіцца. Не ўлічваючы толькі таго, што адну і тую ж знічку могуць бачыць на небе ў розных месцах некалькі дзясяткаў, а то і соцень чалавек, і што рабіць тады яму, Небу, у сэнсе вяршыцеля лёсаў, чыё жаданне выконваць, а чыё — адкласці на паліцу Вечнасці... Але ж у гэтым штогадовым паўтарэнні ёсць і надзея, і апраўданне: не атрымалася сёлета — а вось налета абавязкова.


У вялікім горадзе, у якім давялося сёлета быць, калі раскашавалі Персеіды, зорнага ліўня проста не відаць. Ды што там зоркі — каб убачыць тое самае славутае месяцовае зацьменне ў самым яго апагеі, давялося некалькі разоў абысці вакол свайго дома ў сталічным Сухараве. Загадка была яшчэ тая: нібыта і ведаеш, дзе месяц павінен быць, няхай сабе і схаваны ценем, але ж — павінен, углядаешся — няма месяца! І толькі з трэцяга заходу стомленыя ўжо ад астранамічных практыкаванняў вочы выхапілі-такі блякла-кволенькую акантоўку захінутай ценем поўні. Яркія вулічныя ліхтары «з'елі» і зрабілі зусім нябачнай і яе, і абяцаны асабліва чырвоны ў тую ноч Марс. Гэта толькі ў вершах больш значнае бачыцца на адлегласці, а ў рэальным жыцці звычайная лямпачка на сотню ват здольная зацьміць нават найярчэйшую з найярчэйшых зорак.

Іншая справа — у вёсцы, дзе пра вулічныя ліхтары, якіх ажно тры штукі, успамінаюць толькі ўзімку ці позняй восенню. Выходзіш на двор — і цябе нібы накрывае чорна-аксамітнае пакрывала, расшытае дзівоснымі дыяментамі, складзенымі ў выкшталцоныя ўзоры. Здаецца: варта толькі працягнуць руку — і любы з гэтых каштоўных каменьчыкаў апынецца ў тваёй далоні. Гэткае імгненнае ілюзорнае адчуванне ўласнай усёмагутнасці, ад якога аж дух займае. А ў садзе гупаюць у росную траву недаспелыя яшчэ антонаўкі, і кожны раз думаеш, што гэта прызямлілася ледзь не табе пад ногі знічка, момант падзення якой ты чамусьці не згледзеў. Крыху ачмурэлы ад зорнай раскошы Млечнага Шляху, што раскінуўся праз увесь нябесны далягляд, успамінаеш, што калісьці беларусы называлі яго Дарогай Продкаў, і ўжо, здаецца, не тысячы тысяч зорак на ім, а сляды ўсіх, хто ступіў ужо з Зямлі ў Вялікае і Недасяжнае, адкуль ніхто яшчэ не вярнуўся...

Зорнае неба над роднай хатай — гэта, бадай, адзіная непарушная канстанта, якая застаецца з чалавекам на ўсім яго зямным шляху наяве, не ператвараючыся цягам жыцця ў светлыя згадкі ці незваротныя ўспаміны. Становяцца вялікімі і падаюць пад сякерай ці ад ветру дрэвы, руйнуюцца і ўзводзяцца новыя пабудовы, зарастаюць хмызамі лугі, а лясы становяцца полем, рэкі ператвараюцца ў ручаінкі... Гадуюцца дзеці, не паспееш азірнуцца — нараджаюць сваіх дзяцей, паміраюць самыя дарагія людзі, пра якіх — хоць і разумееш, што гэта непазбежна, думаеш, што яны будуць заўсёды... І толькі россып зор на небе застаецца непарушным, і з году ў год у пэўны час у адным і тым жа месцы павісае над вуліцай поўня, і Вялікая Мядзведзіца абсалютна такая ж самая, як у дзяцінстве, калі ўпершыню зрабіў адкрыццё, што яна падобная... не, не на конаўку — на вялікі зорны плуг! Выйдзеш вось так увечары, пастаіш колькі хвілін пад гэтым чароўным вечкам — і знікаюць раптам горкія думкі, шматлікія сумненні, якіх з кожным годам не меншае, а наадварот. Можа, таму што бачыш над галавой гэткае немудрагелістае сведчанне таго, у што падсвядома верыш і на што ўпотай усё жыццё спадзяешся: ёсць у гэтым Сусвеце нешта, што не знікае без следу і назаўжды.

Вернуцца да Зямлі і Персеіды. Што б ні здарылася на гэтым блакітным шарыку, колькі б яго насельнікаў ні забіла адно аднаго, якія б паскудствы яны не вынайшлі — хвост каметы Свіфта — Татла ўсё роўна ў ноч з 12 на 13 жніўня абрыне на ўсіх, не разбіраючы, зорны дождж.

Дзеля чаго? Можа, проста дзеля таго, каб якому-небудзь стомленаму і разгубленаму чалавеку вельмі захацелася ўбачыць неба над бацькоўскай хатай і загадаць жаданне, якое абавязкова спраўдзіцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Оставить комментарий

Выбор редакции

Общество

На лечение и охоту. Что привлекает иностранцев в Беларуси?

На лечение и охоту. Что привлекает иностранцев в Беларуси?

Белорусские санатории перестали быть местом отдыха преимущественно пожилых людей. 

Общество

Птицы, люди, цитаты из классиков: кто, как и зачем раскрашивает города

Птицы, люди, цитаты из классиков: кто, как и зачем раскрашивает города

Корреспондент «Звязды» встретилась с художником Александром Благием.  

Экономика

Что ждет бизнес-сообщество?

Что ждет бизнес-сообщество?

​Потенциал Беларуси в привлечении инвестиций не исчерпан, а иногда используется неэффективно.

Общество

Что происходит в Юровичах?

Что происходит в Юровичах?

После трагедии люди общаются с журналистами на условиях анонимности