Вы здесь

Настасся Пракапенка: Калі ўбачыла алімпійскі медаль, заплакала


Настасся Пракапенка ў пяцібор'і ўжо практычна два дзясяткі гадоў, за яе плячыма тры Алімпіяды. Летась яна выйграла дамашні чэмпіянат Еўропы, а сёлета зрабіла сапраўдны фурор, заваяваўшы два «золаты» чэмпіянату свету. Да таго ж да спартсменкі вярнулася заслужаная «бронза» Алімпіяды-2008 у Пекіне. Акрамя сваіх прафесійных поспехаў Настасся паспяховая і як жанчына — яна шчаслівая жонка і маці дваіх дзяцей. Як у чэмпіёнкі атрымліваецца сумяшчаць сям'ю і спорт, ці лёгка было вярнуцца пасля родаў і якія пачуцці прынесла алімпійская ўзнагарода праз 10 гадоў, Настасся расказала ў сваім інтэрв'ю.


«Складаным заўсёды было плаванне, не адчуваю сябе як рыба ў вадзе»

— Зараз вы купаецеся ва ўвазе журналістаў і аматараў спорту?

— Вядома, увагі больш, чым было летась пасля перамогі на чэмпіянаце Еўропы. Гэта вельмі прыемна. Лепш так, адчуваць сябе ва ўвазе, чым спрабаваць нечага дасягнуць, але так і не зрабіць гэтага.

— Што было самым складаным для вас на шляху да гэтай залатой узнагароды?

— Складаным было ўсё. У трэніроўках і падрыхтоўцы заўсёды ўсё цяжка, таму што нагрузка гэта не такая, як на спаборніцтвах. Ну а непасрэдна на самім турніры складаней за ўсё трымаць сябе ў руках, не растраціць эмоцыі, захаваць сабранасць.

Сёлета мы ў прынцыпе нічога не заваёўвалі, акрамя сярэбранага медаля на кубку свету, таму я была настроена, што ў канцы года будзе яшчэ нейкая ўзнагарода. Трэнер сказаў: «Як атрымаецца». Хоць чэмпіянат свету гэта самы важны старт года і там трэба было прадэманстраваць сваю гатоўнасць, я не паказала ў Мехіка свой максімум, працэнтаў 30 патэнцыялу засталося. Усё ж такі гэты год не самы галоўны, больш важныя два гады наперадзе, яны будуць перад Алімпійскімі гульнямі. У гэты час трэба будзе працаваць для таго, каб заваяваць імянныя ліцэнзіі і планамерна рыхтавацца да саміх Гульняў.

— Да апошняга віду праграмы складана было сказаць, што менавіта вы станеце чэмпіёнкай.

— Так, на апошні від праграмы, крос і стральбу, я была вельмі добра настроена, сканцэнтравана, на другім крузе трэнеры падказалі, што я чацвёртая, тады зразумела, што цяпер галоўнае — добра адстраляць. Забылася пра саперніц і адстралялася рэкордна хутка — за 34 секунды, усе былі ў прыемным здзіўленні.

— Які від праграмы самы складаны і просты для вас?

— Самым складаным заўсёды было плаванне, не адчуваю сябе як рыба ў вадзе. Больш ўпэўненая ў верхавой яздзе і бегу са стральбой. На фехтаванні, як пойдзе, але стараюся збірацца, каб усё атрымалася. Мне дапамагаюць многія спецыялісты, каб я змагла знайсці саму сябе ў сваім арганізме.

«На алімпійскім п'едэстале я яшчэ ўсё ж такі не стаяла»

— Медаль Алімпійскіх гульняў вы атрымалі толькі праз 10 гадоў, казалі, што гэтая ўзнагарода ўжо не прынясе вам ніякіх эмоцый.

— Я казала так да таго, як убачыла яе і адчула, што яна мая. Калі ўбачыла медаль — заплакала, не змагла стрымацца. Гэта зусім іншыя эмоцыі, калі ты ведаеш, што яна ў цябе ў скарбонцы, дома, ведаеш, колькі сіл было выдаткавана, каб яе заваяваць.

Тады, у Пекіне, у мяне было запаленне лёгкіх, я ляцела з тэмпературай 38,5. Усё з-за таго, што падчас падрыхтоўкі да Алімпіяды ў Мінску практычна ўсе басейны былі альбо на рамонце, альбо з адключанай вадой. Адзіны, дзе мелася
магчымасць трэніравацца, быў ва Уруччы. Некалькі разоў падыходзілі да яго дырэктара, прасілі падцяпліць ваду, але ён адказваў, што яго «абанементам» і так добра. За чатыры дні да ад'езду пачало балець горла, пару дзён не плавала наогул. За два дні скокнула ў ваду, праплыла два па 50 м, задубелі рукі. На наступны дзень да вечара не магла размаўляць. Калі ты на піку формы, пераахаладжэнне арганізм чапляе імгненна.

Я памятаю толькі, як села ў самалёт, накрылася пледам, таму што мне ўвесь час было холадна, і як прыляцела ў Пекін. Больш нічога. Мяне сустрэла наша ўрач, адразу пайшлі ў медыцынскі цэнтр, я нават не засялялася ў вёску. Зрабілі здымак — правабаковае запаленне лёгкіх. Адразу пасадзілі на антыбіётыкі, самыя моцныя на той час. Я начамі не спала, кашляла дзіка і думала толькі пра адно — 6-7 дзён мне робяць уколы антыбіётыкам, як я наогул выступлю? Як толькі стала крыху лягчэй, стала цішком ад трэнера бегаць, адчувала, што арганізму гэта ўжо трэба. І не памылілася.

— Тое 4-е месца, напэўна, было вельмі крыўдным?

— Я бегла тады на 4-е месца, бо разумела, што наперадзе дзяўчаты ішлі з адрывам, я іх не дастану. Хоць, вядома, была недаказанасць, і, можа, дзякуючы чаму я да гэтага часу ў спорце. Хацелася стаяць на п'едэстале Алімпіяды.

— Вы казалі, што гэты алімпійскі медаль, магчыма, дапаможа вырашыць кватэрнае пытанне...

— Раней калісьці я казала пра гэта, але, атрымаўшы медаль і выйграўшы чэмпіянат свету, я настолькі задаволеная сваёй працай, што мне ўжо ўсё роўна. Калі там дзесьці вышэй гэта вырашаецца, няхай вырашаецца, я ўсё прыму як ёсць. Для мяне медаль, сям'я, дзеці, іх здароўе важнейшыя за кватэрнае пытанне.

— Вы пабывалі на трох Алімпіядах, гэта памяншае матывацыю? Бо там ужо ўсё бачылі.

— Не ўсё! У Токіа не была (усміхаецца). Ды і на п'едэстале алімпійскім я яшчэ ўсё ж такі не стаяла. Недаказанасць велізарная, тым больш, калі ты адчуваеш, што патэнцыял ёсць.

«Калі ў мяне з'явілася сям'я, з'явілася ўсё»

— Спорт падарыў вам не толькі кар'еру, але і каханне.

— Мы з мужам трэніраваліся ў аднаго настаўніка, гады 3-4 адзін аднаго ведалі. Я ў 2000-м прыехала са Слуцка ў Мінск. Тады мяне ўвесь час дражнілі, таму што размаўляла на трасянцы. Я плакала, настолькі ўсё блізка да сэрца прымаю, крыўдую, калі мяне не падтрымліваюць. А трэнер увесь час казаў: «Не хвалюйся, усё будзе добра. І ты вырасцеш, яны будуць толькі зайздросціць». Неяк нечакана мы з Міхаілам пачалі сустракацца. Я была такой пацанкай, ніколі не лічыла сябе прыгажуняй. Але мужа, мабыць, зачапілі дабрыня, любоў і клопат. А калі ў мяне з'явілася сям'я, з'явілася ўсё.

— Тое, што муж і жонка знаходзяцца ў адной сферы дзейнасці, плюс ці мінус для адносін?

— Мы, як і ўсе, сварымся і мірымся. Бывае муж кажа мне зрабіць так, я паслухаю, пасупраціўляюся, а потым праз час разумею, што ён меў рацыю, пачынаю яго словы прымяняць на трэніроўках, і атрымліваецца яшчэ лепш. З кожным годам, месяцам, тыднем разумею, што ён мае рацыю, стараюся прыслухоўвацца. Лепш паспрабую зрабіць, чым адразу пярэчыць, гэта  непатрэбныя эмоцыі.

— Вы адзін з нямногіх прыкладаў, каму ўдалося нарадзіць дваіх дзяцей да 30 гадоў, вярнуцца ў спорт і паказаць яшчэ выдатныя вынікі. Як гэта ў вас атрымалася?

— Я, напэўна, як многія кажуць, з куляй у галаве, у мяне свае погляды на жыццё. Ведала, што калі я вытрымаю і роды, і спорт, буду трэніравацца, то вытрымаю ўсё і ўсё атрымаецца. Нават калі б пасля Алімпіяды ў Рыа ў мяне з'явілася трэцяе дзіця, думаю, усё роўна было б усё добра. Калі нарадзіліся дзеці, у мяне з'явіўся дадатковы стымул, ты пачынаеш сталець, з'яўляецца ўнутраная ўпэўненасць у тым, што ў цябе ўсё ёсць. Хоць быў момант, калі здавалася, маўляў, у цябе ж ужо ўсё ёсць, чаго яшчэ дасягаць? У спорце гэта было год ці два, я неяк астыла. Але дзеці паступова, калі пачалі разумець, сталі казаць мне: «Мама, ты ўсіх пераможаш, ты зможаш. Ты з'язджаеш, значыць, павінна выйграваць».

— Фізічна вярнуцца ў спорт было складана?

— Я паўгода карміла Антона грудзьмі (цяпер яму 8 гадоў), Лізу нават 8 месяцаў (цяпер дзяўчынцы
пяць гадоў). Пачала ездзіць на ровары. Да ўсяго трэба паступова прывыкаць. У нейкі момант зразумела, што арганізм гатовы, я змагу гэта вытрымаць, дапамагло, што з галавой падыходзіла да справы.

«Хачу трэцяе дзіця і пабудаваць дом»

— Зараз складана пакідаць дзяцей?

— Дапамагаюць бацькі — і мае, і мужа, але гэта, вядома, усё роўна цяжка, асабліва калі яны кажуць: «Мама, не едзь!» Слёзы накатваюцца, там праца чакае, а тут дзеці. Ком у горле часцяком стаяў: як растлумачыць дзіцяці, што трэба, гэта жыццё, гэта мара, гэта ўсё?..

— Дзе знаходзіце сілы і на сям'ю, і на спорт?

— Дапамагае пераключэнне на іншыя справы, магу да мамы паехаць, у агародзе пакапацца, магу ў доме прыбірацца днямі, перакладаць усё з паліцы на паліцу.

Я рада ўсяму, што адбываецца, я вельмі пазітыўны чалавек, мяне заўсёды бачаць усмешлівай, бо жыццё цудоўнае.

— Дзеці праяўляюць цікавасць да спорту?

— Сын займаецца хакеем, яму падабаецца, хоць, бывае, як і ва ўсіх, што на трэніроўку не загнаць. У мяне ў дзяцінстве з гэтым праблем не было — наадварот, на трэніроўку лётала, а 6-й раніцы сама прачыналася. Я жаўранак па жыцці, можа, таму і ў спорце добра атрымліваецца і па жыцці ўсё паспяваю.

— Цяпер, калі вы самарэалізаваліся і ў прафесійным, і ў асабістым плане, якія мэты ставіце перад сабой?

— Хачу трэцяе дзіця і пабудаваць дом. Збіраем з мужам грошы, прыйшлося нават прадаць адну машыну. Што датычыцца спорту, я даўно дамагалася таго, каб стаць першым нумарам у рэйтынгу, гэта дорага каштуе. Калі глядзіш, што ты не другая, не трэцяя, а першая. Прыемна, і душа радуецца. Цяпер хочацца дасягаць новых вяршыняў.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.