Вы здесь

Куды едуць адпачываць беларусы?


Восень — час не толькі для таго, каб цешыцца ўжо мінулым водпускам. Можна намеціць сабе і новыя маршруты. Тым больш што выхадныя дні ніхто не адмяняў — чаму б іх не скарыстаць для актыўнага адпачынку?


Між іншым, для тых, хто марыў пра мора, але не паспеў туды выбрацца, яшчэ ёсць шмат прапаноў пляжнага адпачынку. Турыстаў чакаюць у Егіпце, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Тунісе. Плюс бархатнага сезона — цэны ў параўнанні з летнімі зніжаюцца. Калі вы будзеце ўважліва маніторыць сайты з інфармацыяй пра асенні адпачынак, здолееце трапіць і на цікавыя прапановы — напрыклад, у міжсезонне выбрацца па прывабнай цане ў круіз на марскім лайнеры.

Да таго ж восень — выдатны час для пазнавальнага турызму. Прычым сёння можна выбраць экскурсійныя туры не толькі па Еўропе, калі ёсць грошы, махнуць, напрыклад, у Кітай ці В'етнам. Турагенцтвы прапануюць пазнаёміцца як з архітэктурнымі помнікамі і культурай розных народаў, так і з прыроднымі цудамі. І сапраўды, чаму б не далучыцца да турыстаў, якія выбралі ўзыходжанне на вулкан ці падарожжа па джунглях? Да таго ж і ўвосень нескладана знайсці туры, калі экскурсійную праграму можна спалучаць з адпачынкам на пляжы.

Турыстычнае лета — 2018 аказалася для турагенцтваў даволі прадказальным. Сёлета па-ранейшаму «руліла» Балгарыя, але паступова турыстаў пачалі заваёўваць і Венгрыя, Славакія, Албанія. Зноў вырас попыт на Турцыю, на чым, бясспрэчна, сыгралі аператары — пуцёўкі падаражалі. Таксама сярод папулярных у беларусаў напрамкаў — Іспанія (прычым былі розныя прапановы — чысты пляжны адпачынак ці час каля мора можна было спалучыць з экскурсійнымі праграмамі).

Варта сказаць, што сёння магчыма выбраць для адпачынку любы пункт на карце, а турагенцтвы дапамогуць спланаваць падарожжа. Кліента могуць даставіць як у пустыню, так і на Паўночны полюс, прычым на апошні ахвотных выпраўляюць, як правіла, толькі летам, калі клімат найбольш падыходзіць. Дастаўляюць турыстаў да крайняй кропкі планеты на атамным ледаходзе альбо высаджваюць з верталёта, экстрэмалы таксама могуць дабрацца туды на лыжах ці сабачых запрэжках. Праўда, такі адпачынак — адзін з самых дарагіх (каля 25 тысяч долараў), і на сёння толькі адзінкі беларускіх турыстаў адзначыліся на крайнім пункце планеты.

Нават выбіраючы далёкія маршруты і дарагія краіны, сучасныя турысты шукаюць розныя шляхі, як сэканоміць. Хтосьці спрабуе выйграць на ежы, адмаўляецца ад «усё ўключана» і валачэ з сабой сухпаёк. Іншыя шукаюць шляхі, як дабрацца самастойна, пралічваюць, колькі грошай можна выйграць, калі ляцець праз Вільнюс, ці калі скарыстацца паслугамі замежных турфірмаў.

Сярод аматараў бюджэтнага адпачынку па-ранейшаму назіраўся попыт на ўкраінскую Затоку, тым больш што сэрвіс у апошнія гады там стаў значна лепшы. Відавочна змяніўся і такі пасёлак на чарнаморскім узбярэжжы Украіны, як Жалезны порт, многія гатэлі адкрываюцца пасля капрамонту, будуюцца новыя аб'екты, што не засталося без увагі беларускіх турыстаў.

Здзіўляе і Львоў — спрактыкаваныя турысты, якія ўжо паездзілі па Еўропе, прызнаюцца, што падарожжа ў гэты ўкраінскі гарадок нічым не горшае. Вы ўбачыце прыгожыя храмы, старажытныя будынкі, незвычайныя музеі і адзначыце гумар і густ сучасных камерсантаў. Так, тут можна паесці ў тайным таварыстве масонаў, здабыць лапатамі ў шахце... каву ці атрымаць ежу ў сабачых місках у зоакафэ. Ёсць і процьма іншых цікавінак для турыстаў.

З кожным годам прырастае колькасць беларусаў, якія выбіраюць адпачынак у Грузіі, але тыя, хто сёлета адкрыў для сябе «вогненны Азербайджан», упэўненыя, што такі напрамак таксама варты ўвагі. У абедзвюх краінах турысты знойдуць чым заняцца не толькі летам. Напрыклад, у Грузіі развіты эка- і агратурызм, кулінарны (вас не толькі пачастуюць рознымі стравамі, але і навучаць гатаваць), горналыжны, гульнявы (вялікі выбар устаноў для аматараў азартных гульняў), культурны (багатыя традыцыі, старажытныя помнікі, разнастайныя мерапрыемствы, між іншым, шэраг фестываляў будзе праводзіцца менавіта ўвосень). Ды і спыніцца тут можна як у гатэлях, так і ў гасцявых дамах (у тым ліку вясковых), хостэлах.

Сёлета турыстычныя агенцтвы прапаноўвалі беларусам не толькі класічны адпачынак, але і падарожжы ў замежныя краіны з прыемнымі мэтамі — так, можна было выправіцца на дзявочнік у Грузію, справіць вяселле ў саляной шахце ў Польшчы альбо зняць на памяць «лаў сторы» ў Вільнюсе. Дзяцей беларусы выпраўлялі ў розныя замежныя летнікі — і проста адпачыць, і набрацца карысных ведаў. Напрыклад, у Англію — вывучаць англійскую мову, у Расію — танцаваць і здымаць фільмы, у іншыя краіны — знаёміцца з гісторыяй, наведваць музеі і запаведнікі. Але і на час школьных канікул у турыстычных агенцтваў будзе шмат прапаноў для школьнікаў. Напрыклад, беларускім дзецям прапануюць сяброўскія візіты, падчас якіх яны змогуць сустрэцца з равеснікамі з Польшчы.

І не трэба думаць, што для багатага на адкрыцці падарожжа неабходна назапасіць кругленькую суму. Прыемным сюрпрызам стане адпачынак і ў Беларусі. У нашай краіне можна знайсці санаторыі, базы якіх не горшыя, чым у «шматзоркавых» замежных гатэлях. З кожным годам дадаецца шмат прапаноў па «экскурсіёнцы». Сёння можна патрапіць на экскурсіі-квэсты, усё большую папулярнасць набываюць разнастайныя майстар-класы. Так, у Беларусі сёння турыстаў вучаць народным песням і танцам, расказваюць, як пячы хлеб, збіраць зёлкі, назіраць за птушкамі, ляпіць з гліны. Іх водзяць па незвычайных мясцінах, напрыклад, сёлета многія турысты адкрылі для сябе... балоты. У турыстычнай галіне задзейнічаны разнастайныя спецыялісты, гісторыкі, эколагі, рамеснікі.

Збіраючыся ў падарожжы, варта праглядаць прапановы не толькі турыстычных агенцтваў — часам важней знайсці свайго экскурсавода. Спецыялісты могуць спланаваць цікавыя маршруты, прычым як для арганізаваных (зборных) груп, так і для прыватных турыстаў. Напрыклад, з уласным экскурсаводам наша сям'я выправілася ў Брэсцкую крэпасць — і з фартыфікацыйнымі сакрэтамі знаёмілася на працягу сямі (!) гадзін. Мы трапілі ў тыя мясціны, куды звычайна наведвальнікаў не водзяць (з ліхтарыкамі хадзілі па казематах, у якіх хаваўся ад немцаў маёр Гаўрылаў).

У нашых нацыянальных парках сёння знойдзеце разнастайныя прапановы знаёмстваў з флорай і фаўнай. Чаму б не выбрацца па слядах касалапага альбо не паспрабаваць сябе ў ролі пушчанскіх рабінзонаў? Адкрываць сакрэты прыроды можна рознымі метадамі — ужо распрацаваны начныя экскурсіі, веласіпедныя, конныя і аўтамабільныя (разам з экскурсаводам на ўласным аўто ці на аўтобусе), водныя (на байдарках, а ў Прыпяцкім нацыянальным парку — і на цеплаходзе). Сачыце за абвесткамі на сайтах нацпаркаў і выбірайцеся туды не толькі ў тур выхаднога дня, але і на тэматычныя мерапрыемствы. Завітайце ў музеі прыроды і экалогіі, дэндралагічны і аптэкарскі сады, лясныя заапаркі. Прычым цікавосткі там змогуць прыпаднесці не толькі ў цёплы час — гасцям будуць рады на працягу ўсяго года.

Паступова ў Беларусі развіваецца велатурызм. Так, спецыяльныя маршруты з інфармацыйнымі стэндамі, абсталяванымі месцамі для адпачынку працуюць у тых жа нацыянальных парках і Бярэзінскім біясферным запаведніку, а таксама ў заказніку Налібоцкая пушча, уздоўж Аўгустоўскага канала. Створаны і міжнародныя веламаршруты, што пралягаюць па тэрыторыі Беларусі, Латвіі, Літвы. Сёння ў такое падарожжа можна выбрацца як самастойна, так і заказаць адпаведныя паслугі. Арганізатары забяспечаць веласіпедам, за вас прадумаюць маршрут, начлег, харчаванне, нават набудуць білеты ў музеі.

Усіх ахвотных запрашаюць у сплавы на байдарках па рэках Беларусі. Тым, хто ніколі не практыкаваў такі адпачынак, можна паспрабаваць спачатку выправіцца ў воднае падарожжа па вячэрнім Мінску — арганізатары абяцаюць, што вы ўбачыце сталіцу зусім з іншага ракурсу.

Другім разам, калі будзеце планаваць адпачынак, звярніце ўвагу і на валанцёрскія праекты. Так, сёлета можна было ўдзельнічаць у раскопках, добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол старажытных аб'ектаў, выратоўваць балоты, назіраць за чырванакніжнікамі, вывучаць і збіраць інфармацыю пра фальклор і традыцыі беларусаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Івана КУПАРВАСА

Название в газете: Адпачылі. Працяг будзе!

Выбор редакции

Здоровье

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Как весной аллергикам облегчить свою жизнь?

Несколько советов от врача-инфекциониста.

Общество

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

Существуют строгие требования к местам для купания.