Вы здесь

Вопыт сацабслугоўвання пенсіянераў Віцебскай вобласці цікавіць расіян


Кожны чацвёрты — пенсіянер

У Прыдзвінскім краі ў пажылым узросце каля 25,3 % — прыблізна 298,6 тысячы — чалавек. У многіх сацыяльных «ноу-хау» вобласць была першапраходцам. Потым яны пераймалася ў іншых абласцях і ў прыграніччы. Каб рэалізоўваць новыя формы работы з састарэлым насельніцтвам, вывучаўся перадавы еўрапейскі вопыт, выкарыстоўваліся свае напрацоўкі.

Цяпер у пенсіянераў, якія маюць патрэбу ў дзяржаўным клопаце, ёсць багаты выбар: ад санаторыя дома да адмысловых «дзіцячых садкоў» на дзень. А калі ўжо ёсць намер жыць у дзяржаўнай установе, умовы самыя годныя.

Дарэчы, стан спраў у іх вывучалі на месцы не так даўно дэпутаты абласнога Савета, пабываўшы ў Воранаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі Віцебскага раёна. Тут адначасова могуць жыць каля 140 чалавек. У пакоях — па адным, два чалавекі.

У «садок» на дзянёк

Новая паслуга ў гэтай установе — магчымасць знаходзіцца ў інтэрнаце не ўвесь час, а колькі захочацца: ад аднаго дня і больш. Жартам персанал і самі бабулі-дзядулі называюць гэта «дзіцячым садком для састарэлых».

У ахвотных, такім чынам, ёсць выдатная магчымасць пажыць у цеплыні і клопаце, калі цяжка паліць у печы ў халодны час года. Некаторыя проста хочуць цікава правесці час, каб было з кім пагутарыць, заняцца рукадзеллем. Ва ўстанове больш за дзесяць гурткоў: вышывання, праваслаўны, за здаровы лад жыцця. Ёсць і падсобная гаспадарка, у якой вырошчваюць агародніну. І многія пенсіянеры з задавальненнем працуюць там. Як і ў майстэрнях, напрыклад па вырабе сувеніраў з ільну, штучных кветак.

У Воранаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў канстатаваў, што «ў вобласці ў такіх інтэрнатах самыя годныя ўмовы. Праблем з размяшчэннем няма. Канешне, ніхто не заклікае, як той казаў, «здаваць» сюды старых. Але ж, калі чалавек у паважным узросце жыве адзін, здароўе дрэннае, дык чаму б не дажыць свой век у годных умовах?»

«Гасцям», а менавіта так паважліва называюць тут пенсіянераў, прапануюць таксама рэабілітацыйныя праграмы, водныя працэдуры.

Дарэчы, у вобласці функцыянуе 15 стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання, у якіх пражывае звыш 3,5 тысячы чалавек.

І дома паклапоцяцца

Летась у Прыдзвінскім краі паспяхова выпрабавалі паслугу — дзённы комплексны догляд людзей у паважным узросце, якія яшчэ не маюць права на гарантаваныя дзяржавай сацпаслугі. «Першапраходцамі» сталі Аршанскі, Лёзненскі і Пастаўскі раёны.

Як удакладнілі ва ўпраўленні сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і стацыянарных устаноў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама, вельмі неабходны такі клопат людзям, якія, напрыклад, пасля выпіскі з бальніцы знаходзяцца дома пасля інсульту. Або ўзнікае шмат праблем у тых, хто перанёс аперацыю пасля пералому шыйкі сцягна — вельмі небяспечная сітуацыя. Такія фактычна не могуць выйсці з дома. Многім неабходна дапамога, каб памыцца ці пераадзецца. Паслугі платныя, але даступныя па цане для людзей нават з параўнальна невялікімі даходамі.

Усё больш запатрабаваная такая паслуга, як хатні санаторый: пасля агляду медыкаў праводзіцца рэкамендаваны курс рэлаксацыі, рэабілітацыі. Старыя могуць дома паправіць настрой пры дапамозе святлотэрапіі, падчас праслухвання прыемнай музыкі, навучыцца правільнаму дыханню, якое аднаўляе сілы...

Вучаць і самастойна займацца скандынаўскай хадой. А ў Сенненскім раёне актыўна ў свой час узяліся за навучанне пенсіянераў катанню на веласіпедзе. «Колы», дарэчы, можна ўзяць бясплатна.

Супрацоўнічаюць і вучаць

Пяты год Віцебшчына супрацоўнічае з маскоўскім геранталагічным навукова-даследчым медыцынскім цэнтрам. Мэта — зрабіць старэнне часам, калі чалавек максімальна эфектыўна жыве.

У Маскве ў адным з інстытутаў павышэння кваліфікацыі сацыяльныя работнікі з Віцебшчыны сталі слухачамі курса па асновах медыцынскіх ведаў па доглядзе састарэлых. Гэта вельмі важна, бо трэба ведаць і медыцынскія нюансы.

У сваю чаргу, вялікую цікавасць да беларускага вопыту праяўляюць у прыгранічных рэгіёнах Расіі. У прыватнасці, пра гэта расказала першы намеснік губернатара Пскоўшчыны Вера Емяльянава. Падчас сустрэчы ў аблвыканкаме абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў сферах сацыяльнай абароны, аховы здароўя, занятасці. Расіяне агучылі, што плануюць укараніць у сябе беларускія стандарты — наконт функцыянавання інтэрнатаў, надомнага абслугоўвання пенсіянераў ды іншыя.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Название в газете: Годная старасць дома і не толькі

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».