Вы здесь

Родныя не па крыві, а па душы


Здараецца, і даволі часта, што пад адным дахам не могуць ужыцца нават родныя, сваякі: дзеці з бацькамі, бабулі, дзядулі — з унукамі. А бывае, што чужыя людзі становяцца блізкімі не па крыві, а па душы.


У сям'і Занкавіч з аграгарадка Любань Вілейскага раёна пражывае інвалід другой групы Таццяна Душкіна. Дзяўчынка нарадзілася з сіндромам Даўна. Яе даглядала маці. Але жанчына адышла ў іншы свет, а сястра цяжка захварэла і не змагла ўзяць клопат аб нямоглай Таццяне на сябе. Вядома, сам-насам з горам сацыяльныя службы не пакінулі б інваліда, уладкавалі б у інтэрнат. Аднак лёс распарадзіўся інакш, выпадкова звёўшы 53-гадовую жанчыну з Вольгай Занкавіч. Вольга Мікалаеўна з мужам выгадавалі трох дачок, дачакаліся ўнукаў. Здавалася б, жыві ды радуйся. Аднак Вольга Мікалаеўна — сацыяльны работнік — адна з тых, хто спачувае гору іншага, чужы боль успрымае як уласны. Таму і вырашыла ўзяць у сям'ю Таццяну. Муж Аляксандр Уладзіміравіч падтрымаў жонку.

Для новага члена сям'і ў кватэры выдзелілі асобны пакой. Жанчына не можа ні прыгатаваць ежу, ні прыбрацца, ні купіць прадукты. Усё гэта робіць за яе гаспадыня. Больш за тое, вучыць яе пісаць, чытаць, маляваць, вязаць кручком дываны з падручных матэрыялаў. Асабліва задаволеная Таццяна, калі Вольга Мікалаеўна ў вольны час садзіцца разам з ёй гуляць у шашкі.

У Нарачанскім сельсавеце Ганна Кісель са сваім мужам прытулілі 59-гадовага Анатоля Міцкевіча, у якога няма ні сваякоў, ні блізкіх, якія б маглі паклапаціцца аб інвалідзе другой групы.

У пасёлку Партызанскім Рэгіна Зіновіч пусціла ў свой дом адзінокую пенсіянерку 1932 года нараджэння Ганну Захараву, з якой сябравалі яе бацькі. А калі тыя памерлі, то стала для яе як родная маці. Сацыяльныя работнікі адзначаюць, што жанчыны вельмі сябруюць, у іх хаце заўсёды чыста, акуратна, утульна. Яны радуюцца гасцям і вельмі цёпла адклікаюцца адна аб адной. Таму да іх заўсёды прыемна наведвацца.

— Гэтыя тры сям'і, якія раней былі прыёмнымі, пагадзіліся перайсці ў статус замяшчальных. Паміж раённым тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання, прынятым і памочнікам заключаны трохбаковыя дагаворы. Памочнік гэта — фізічнае асоба, якая аказвае паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям'і, — тлумачыць загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Вілейскага ТЦСАН Данута Раманоўская. — У дакуменце дакладна вызначаны адрас пражывання, адказнасць, абавязкі і правы ўсіх зацікаўленых бакоў, а таксама паслугі, якія павінна аказваць сям'я, парадак скасавання дагавора. Дадаткова прынятыя пагадненні, якія прадугледжваюць крыніцы фарміравання агульнага бюджэту замяшчальнай сям'і, і артыкулы яго расходавання. Папярэдне гэтыя ўмовы ўзгадняюцца з усімі ўдзельнікамі працэсу. Бюджэт складаецца як са сродкаў прынятага ў сям'ю, так і памочніка.

Памочнік за сваю работу не атрымлівае зарплату, паколькі не лічыцца ў штаце цэнтра. Таму, зразумела, яму цяжка ўзваліць на сябе дадатковыя расходы па ўтрыманні новага члена сям'і. А састарэлым людзям і інвалідам, якія часта хварэюць, неабходныя лекі, часам дарагія, прадукты харчавання, адзенне, абутак, мыйныя сродкі. Акрамя таго, яны карыстаюцца паслугамі сувязі, камунальна-бытавымі. Памочнікі, вядома ж, не патрабуюць справаздачы за кожны рубель. Усё выбудоўваецца на ўзаемным даверы.

У Вілейскім раёне ў 2016—2017 гадах было восем прыёмных сем'яў. У дзвюх з іх старыя адышлі ў іншы свет. У статус замяшчальных перайшлі тры. Астатнія пакуль думаюць.

Паводле новай рэдакцыі закона «Аб сацыяльным абслугоўванні» працэдура афармлення стала больш складанай, працяглай, а рамкі больш жорсткімі. Пры райвыканкаме створана спецыяльная камісія, якая прымае адпаведнае рашэнне, абавязкова заключаецца трохбаковы дагавор. Усё гэта патрабуе дадатковага часу. У нарматыўнай базе дакладна агавораны крытэрыі, якім павінна адпавядаць замяшчальная сям'я. Прыняць сюды цяпер можна толькі непрацаздольнага адзінокага чалавека, які дасягнуў 75 гадоў, або інвалідаў першай і другой групы, што пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі. Прычым грамадзянін, які бярэ іх да сябе, павінен быць дзеяздольным ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў. Акрамя таго, патрабуецца адпаведнае рашэнне райвыканкама аб пераходзе ў новы статус.

З аднаго боку, гэтыя навацыі нядрэнныя, уносяць дакладнасць і канкрэтнасць у працэс. З другога, стала вузейшым поле дзейнасці. У Вілейскім раёне, напрыклад, ёсць прыёмныя сем'і, дзе памочнікі дасягнулі 67—68 гадоў. Па гэтай прычыне такія сем'і не могуць стаць замяшчальнымі. Работнікі ТЦСАН выязджаюць у сельсаветы, на месцы вядуць работу з сем'ямі, якія маглі б узяць да сябе састарэлых, інвалідаў, тлумачаць ім, як гэта найлепш зрабіць. Пакуль такіх альтруістаў мала. Але хто мэтанакіравана працуе, той і дамагаецца вынікаў.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбор редакции

Общество

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

К купальному сезону подготовят 459 пляжей

Существуют строгие требования к местам для купания.

Экология

Какой интерес у Беларуси у Южного полюса?

Какой интерес у Беларуси у Южного полюса?

Антарктика, такая далёкая и близкая.

Общество

Командир ведет за собой

Командир ведет за собой

Пятикурсник Полоцкого государственного университета имени Е. Полоцкой был удостоен почетного звания «Человек года Витебщины — 2023».