Вы здесь

Кожны трэці вясковец — пенсіянер


Спецыялісты ўжо не раз агучвалі той факт, што Беларусь адносіцца да ліку старэючых нацый. На пачатак года ў нашай краіне пражывалі 2 мільёны 377 тысяч чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост. Прычым працэс старэння насельніцтва ў сельскай мясцовасці ідзе больш хуткімі тэмпамі, чым у горадзе. Так, зараз кожны трэці вясковец з'яўляецца пенсіянерам. А ў аддаленых вёсках краіны доля людзей старэйшага ўзросту наогул складае 80—90 %, і зразумела, што ім, як нікому іншаму, патрэбна дапамога. Як спраўляюцца з выклікамі часу сацыяльныя службы і на якое сацыяльнае абслугоўванне могуць сёння разлічваць вясковыя пенсіянеры?


Адным з самых запатрабаваных на сённяшні дзень відаў сацыяльных паслуг з'яўляюцца сацыяльна-бытавыя паслугі дома, якія аказваюцца амаль 90 тысячам чалавек — непрацаздольным пажылым людзям і інвалідам. І, як адзначаюць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, амаль 65 % кліентаў, што абслугоўваюцца дома, — вяскоўцы.

У пералік гэтых паслуг уваходзяць набыццё і дастаўка прадуктаў харчавання, медыкаментаў і тавараў першай неабходнасці, прыборка, дастаўка вады, дапамога ў распальванні печы і іншае.

***

Наогул, апошнім часам у нашай краіне пашыраецца кола сацыяльных паслуг, якія дазваляюць чалавеку даўжэй жыць у звыклых хатніх умовах. Бо, як правіла, вясковыя пенсіянеры да апошняга трымаюцца месца, дзе яны пражылі ўсё жыццё, сваіх родных сцен. Таму мясцовыя органы ўлады сёння актыўна ўкараняюць новыя тэхналогіі сацыяльнай работы.

Усе мы зараз рыхтуемся да зімы. А якія варыянты зімоўкі існуюць сёння для адзінокіх састарэлых вяскоўцаў, якія з іх найбольш папулярныя ў рэгіёнах? Для каго яны даступныя і на якіх умовах аплаты? Пра такія варыянты расказала на адной з апошніх анлайн-канферэнцый Міністэрства працы і сацыяльнай абароны намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Таццяна Фёдарава.

Першы варыянт: калі чалавек мае права на пасяленне ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (тут маюцца на ўвазе перш за ўсё медыцынскія паказанні), то, каб правесці восень і зіму ў камфортных умовах і пад медыцынскім наглядам, ён можа пасяліцца туды на часовае (да аднаго года) або кароткатэрміновае (да аднаго месяца) пражыванне.

Па пытаннях уладкавання ў дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў неабходна звяртацца ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Дадзеная паслуга даступная ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Другі варыянт: непрацаздольным грамадзянам, якія не могуць пражываць самастойна, на зіму можа быць арганізавана кароткатэрміновае знаходжанне ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сёння функцыянуюць 62 такія аддзяленні на 2103 месцы.

Трэці варыянт: мясцовыя органы ўлады апошнім часам укараняюць такую новую форму жыццеўладкавання непрацаздольных грамадзян, як дамы самастойнага (сезоннага) пражывання, у якіх пажылыя людзі жывуць працяглы тэрмін альбо толькі ў асенне-зімовы перыяд, самастойна арганізуюць сваё харчаванне, салідарна аплачваюць камунальныя паслугі.

Чацвёрты варыянт: пажылыя вяскоўцы могуць аб'яднацца для сумеснага пражывання ў зімовы перыяд і ў адным з наяўных у іх дамоў. Такая форма жыццеўладкавання вясковых пенсіянераў атрымала назву дома зімоўкі. А тэрытарыяльнымі цэнтрамі пры неабходнасці арганізуецца сацыяльнае абслугоўванне пажылых людзей, якія пражываюць сумесна.

* * *

На слыху зараз і такая новая форма сацыяльнага абслугоўвання, як замяшчальныя сем'і. Яна была ўведзеная на заканадаўчым узроўні з 25 снежня мінулага года. Гэта, па словах намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандра Румака, аказанне сацпаслуг паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі яго і таго чалавека, які аказвае сацпаслугі. Пры гэтым непрацаздольнаму грамадзяніну павінна быць забяспечана пражыванне ў асобным жылым пакоі.

Сацыяльныя паслугі ў замяшчальнай сям'і аказваюцца адзінокім непрацуючым інвалідам І або ІІ групы і адзінокім непрацуючым грамадзянам, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту.

Памочнікам, які аказвае сацыяльныя паслугі, можа быць дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, не інвалід І або ІІ групы і не асоба, абавязаная па законе ўтрымліваць непрацаздольнага грамадзяніна.

Аляксандр Румак адзначае, што сацыяльнае абслугоўванне ў замяшчальнай сям'і ажыццяўляецца на падставе дагавора аказання сацыяльных паслуг. Рашэнне аб яго заключэнні прымаецца мясцовым выканкамам. Для заключэння дадзенага дагавора трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр па месцы рэгістрацыі (месцы жыхарства).

Таксама ў апошнія гады сталі з'яўляцца і «прыёмныя сем'і» для людзей сталага веку — яны аб'ядноўваюць пад адным дахам сям'ю і пажылога чалавека, які мае патрэбу ў дапамозе. Трапляючы ў сям'ю, пажылы чалавек атрымлівае з боку «прыёмных дзяцей» увагу і клопат, сам аказвае ім пасільную дапамогу па доглядзе дзяцей і вядзенні гаспадаркі.

На 1 кастрычніка гэтага года ў 39 дамах самастойнага (сумеснага) пражывання знаходзіліся 194 чалавекі, у трох дамах сезоннага пражывання і 283 дамах зімоўкі — 584 чалавекі.

Святлана БУСЬКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбор редакции

Общество

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Время заботы садоводов: на какие сорта плодовых и ягодных культур стоит обратить внимание?

Выбор саженца для садовода — тот момент, значимость которого сложно переоценить.

Культура

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Чем в этом году будет удивлять посетителей «Славянский базар в Витебске»?

Концерт для детей и молодежи, пластический спектакль Егора Дружинина и «Рок-панорама».