Вы здесь

Талент са Случчыны на ўзбекскай зямлі


У імкненні адкрываць новыя імёны, а ў выпадку з лёсамі людзей вядомых, я часта зазіраю ў невялікія вёскі, вёсачкі, мястэчкі, дзе можна знайсці шмат слядоў гістарычнай памяці. Праз невялікія фрагменты, праз успаміны землякоў... Як правіла, прыязджаю ў такія месцы з ужо сабраным багажом звестак.


Сцяпан Ліхадзіеўскі. 12 снежня 1944 г

Шкадую, што не пабываў яшчэ ў вёсцы Барок (да 1964 года — Баславічы) на Случчыне Мінскай вобласці. Там нарадзіўся літаратуразнаўца, паэт, перакладчык Сцяпан Іванавіч Ліхадзіеўскі. Нарадзіўся 9 мая 1911 года. Зрабіў ён за гады свайго няпростага жыцця столькі, што ўжо дакладна не мог у дзяцінстве, а таксама ў юнацтве быць асобай непрыкметнай…

У 1918–1922 гадах хлапчук вучыўся ў пачатковай школе ў роднай вёсцы Баславічы, затым — у Грозава. Яшчэ школьнікам Сцяпан пачаў дасылаць свае тэксты ў часопіс «Малады араты». Распавядаў пра аднавяскоўцаў, пра змену жыцця ў вёсцы, пра новыя палітычныя сілы, якія ўступалі ў дзеянне. У той час з’явіліся і першыя вершы Ліхадзіеўскага на старонках «Чырвонага сейбіта», «Беларускага піонэра», «Чырвонай змены». Назвы былі простыя, не мудрагелістыя: «Ільічу», «Весеннее», «Я ўспомніў»…

У 1926–1930 гады пачатковец-літаратар вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме. Потым — у Беларускім дзяржаўным універсітэце і Мінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. Наркамас высока ацаніў намаганні слуцкага хлопца ў вучобе, камсамольскай рабоце — тады Сцяпан Ліхадзіеўскі пачаў атрымліваць персанальную стыпендыю. Малады чалавек дыхае разам з краінай: удзельнічае ў калектывізацыі ў роднай вёсцы, распавядае пра гэта ў сваіх вершах і публіцыстычных артыкулах. Таксама ўступае ў пісьменніцкае маладзёжнае аб’яднанне «Маладняк», уваходзіць у БелАПП, піша публіцыстычныя паэмы «Новыя шумы» і «Крывавыя зоркі на снезе»...

На фотаздымку: Сцяпан Ліхадзіеўскі (справа), Насірула Ахундзі, Іззат Султанаў, Шухрат (Гулям Алімаў) ды іншыя на адкрыцці мемарыяльнай дошкі ў гонар Якуба Коласа. Ташкент, 25 красавіка 1960 г.

У 1931 і 1932 гадах выходзяць першыя паэтычныя кнігі Сцяпана Ліхадзіеўскага: «Раскаты далёкага грому», «Крывавыя зоркі на снезе», «Чырванеюць вішні», «Мы — маладая гвардыя». Рэцэнзіямі на іх адгукаюцца вядомыя пісьменнікі, журналісты, дзеячы беларускай нацыянальнай культуры. Сярод іх — Барыс Мікуліч, Эдуард Галубок, Сымон Куніцкі…

У той час малады літаратар ездзіў на Чарнаморскі флот, адкуль прывёз матэрыялы для наступнай кнігі нарысаў «Паўднёвая вахта». Але шматлікім планам маладога ўраджэнца Случчыны не наканавана было здзейсніцца: 10 жніўня 1933 года Сцяпана Ліхадзіеўскага высылаюць з Беларусі без усялякіх на тое падстаў. Пачыналіся першыя масавыя палітычныя рэпрэсіі…

Каля чатырох год Сцяпан Іванавіч працаваў ў школах Ташкента настаўнікам рускай мовы і літаратуры і па-ранейшаму працягваў пісаць вершы.

У 1937 годзе ён паступае на 3і курс літаратурнага факультэта Ташкенцкага педінстытута. З таго часу наш зямляк звязвае сваё жыццё з Узбекістанам. Праўда, і адтуль яго спрабавалі вырваць па тых жа абвінавачваннях у контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай дзейнасці.

Некаторы час пісьменнік жыў у Томску. А з 1939 года Сцяпан Іванавіч зноў у Ташкенце: паступае ў аспірантуру тамтэйшага педінстытута. У 1942 годзе Ліхадзіеўскі абараняе кандыдацкую дысертацыю па тэме «Проза Анатоля Франса». У час Вялікай Айчыннай вайны наш зямляк сустракаецца ў Ташкенце з народным песняром Беларусі Якубам Коласам. Чытаем у энцыклапедычным слоўніку «Янка Купала» (Мінск, 1986 г.): «Вялікая роля ў знаёмстве з творчасцю Купалы належыць Якубу Коласу, Сцяпану Ліхадзіеўскаму, дзейнасць якіх спрыяла развіццю беларускаўзбекскіх літаратурных сувязяў…» 27 чэрвеня 1943 года на ўрачыстым пасяджэнні АН БССР у Ташкенцкім педінстытуце малады навуковец выступіў з дакладам «Жыццё і творчасць Янкі Купалы». У 1948-м Ліхадзіеўскі быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР, і з таго часу ён стаў больш размаўляць з Беларуссю, мінскімі калегамі, многія з якіх вярнуліся дадому з розных канцоў краіны з месцаў пад агульнай назвай ГУЛАГ.

У 1956 годзе пісьменніка рэабілітавалі. Прайшло дзевяць год, і наш зямляк абараніў доктарскую дысертацыю «Творчасць Анатоля Франса і праблема крытычнага рэалізму ў французкай літаратуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя».

Ва ўсе гады свайго жыцця ў Ташкенце Сцяпан Іванавіч быў уважлівым да двух нацыянальных літаратур — беларускай і ўзбекскай. У мінскіх газетах і часопісах друкаваліся вершы Ліхадзіеўскага. Ён шмат перакладаў творы ўзбекскіх паэтаў на беларускую мову: «Спявае Узбекістан» (Мінск, 1963 год), «Сонца ў арыках»... У Ташкенце публікуюцца пераклады ўзбекскіх паэтаў на рускую мову.

Сцяпан Іванавіч палюбіў творчасць пераемнікаў Алішэра Наваі. Калегі па пісьменніцкім цэху ўключылі аўтарытэтнага літаратуразнаўцу і перакладчыка ў склад рэдкалегіі часопіса «Заря Востока». На старонках гэтага выдання былі надрукаваныя і многія артыкулы ўраджэнца Беларусі, прысвечаныя ўзбекскай літаратуры. Не забываў навуковец і пра родную яму беларускую літаратуру. У «Заре Востока» былі размешчаны яго артыкулы «Якуб Колас у Ташкенце», «Паэзія беларускіх партызан», «Узбекскія паэты на беларускай мове»…

Доўгія гады наш зямляк быў дэканам філалагічнага факультэта, загадчыкам кафедры замежнай літаратуры Ташкенцкага педагагічнага інстытута. Там пабачыла свет кніга яго выбраных перакладаў з узбекскай паэзіі «Перламутравы вянок». А ў Мінску ў 1974 годзе — кніга вершаў і перакладаў на беларускую «Вянкі камунарам». Ёсць у ёй і пераклады французкай паэзіі на беларускую мову.

Памёр вучоны 13 лютага 1979 года. Пахаваны на Ташкенцкіх могілках Домбрабад. Сын Сцяпана Іванавіча, Анатоль Ліхадзіеўскі, пайшоў па слядах бацькі: таксама стаў доктарам філалагічных навук.

У Сцяпана Ліхадзіеўскага ёсць выдатны верш «Вуліца Якуба Коласа ў Ташкенце». Твор шмат разоў друкаваўся на беларускай мове ў Мінску. У гэтым вершы — любоў беларускага паэта і літаратуразнаўца, адрасаваная ўзбекскаму народу, узбекскім пісьменнікам.

Кірыл Ладуцька

Фотаздымкі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва

Выбор редакции

Общество

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

Более 100 предприятий предложили вакансии в столице

А вместе с ними обучение, соцпакет и даже жилье.

Общество

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

Открылась туристическая выставка-ярмарка «Отдых-2024»

«Мы заинтересованы, чтобы к нам приезжали».

Экономика

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Торф, сапропель и минеральная вода: каковы перспективы использования природных богатств нашей страны?

Беларусь — один из мировых лидеров в области добычи и глубокой переработки торфа.