Вы здесь

Работнікі загсаў расказалі пра асаблівасці сваёй працы


Калі што ні дзень, то «горка!»

Тыя, хто «абвяшчае людзей мужам і жонкай», расказалі пра асаблівасці сваёй працы і падзяліліся назіраннямі наконт сямейнага жыцця.


Жаніхі-гумарысты і майская вернасць

Адзін з самых прыгожых беларускіх аддзелаў ЗАГС знаходзіцца ў Пінску. Шыкоўны палац ХVІІІ стагоддзя ў стылі барока і класіцызму калісьці належаў вядомаму палітычнаму дзеячу Мацею Бутрымовічу і цудоўна захаваўся да нашых дзён. На рэгістрацыю шлюбаў сюды прыязджаюць не толькі пінчане, але і жыхары суседніх раёнаў. Таму і планка ў супрацоўнікаў тут высокая.

— Абавязковыя патрабаванні — вышэйшая юрыдычная адукацыя, артыстызм, адкрытасць, шырокі кругагляд, здольнасць да імправізацыі, — расказвае начальнік аддзела Алена Амельянюк. — Зразумела, у нас ёсць канкрэтныя супрацоўнікі, за якімі замацавана рэгістрацыя шлюбаў, але ў любы момант кожны з нас можа выйсці на падмену.

Ірына Рагозіна працуе ў Пінскім загсе з 1992 года. Падлічыць, колькі пар ёй давялося распісаць, нерэальна.

— Не здзіўляйцеся, але парадак рэгістрацыі шлюбаў за гэты час амаль не змяніўся. Марш Мендэльсона, роспіс, пярсцёнкі, пацалункі, першы танец, — дзеліцца жанчына. — Усяго цырымонія займае 20—25 хвілін (разам з віншаваннямі гасцей у асобнай зале). Хтосьці думае, што мы працуем, быццам на канвееры. Гэта не так. Кожная пара — асобны сусвет, які трэба імгненна разгадаць, каб цырымонія прайшла ўдала. Да адных уваходзіш — усе ўсміхаюцца і з нецярпеннем чакаюць тваіх слоў. У іншых — атмасфера напружаная, маладыя паспелі «пацапацца» па дарозе. І тут ужо ад цябе залежыць, якім ім запомніцца момант роспісу.

У кожнага супрацоўніка загса былі моманты ў жыцці, калі здаралася нешта не самае прыемнае, а па плане — рэгістрацыя шлюбаў.

— Ты ўсміхаешся, жадаеш людзям шчасця, а ўнутры плакаць хочацца. Кожны з нас — артыст у некаторым сэнсе слова. Гэта не азначае, што мы кажам няшчыра. Калі бачыш, што жаніх і нявеста ўважліва слухаюць, то хочацца сказаць больш. Цёпла і ад усяго сэрца. Але ёсць і такія пары, якім «да лямпачкі» — дзяўчыны ўсю цырымонію прыхарошваюцца, хлопцы перашэптваюцца з гасцямі, фатографамі, — дзеліцца Ірына Уладзіміраўна. — Форсмажорныя выпадкі таксама здараюцца пастаянна. Нярэдкасць у нас жаніхі-гумарысты — перад тым, як сказаць «Я згодны», маўчаць некалькі секундаў і гэтым самым прымушаюць нявесту панервавацца. Аднойчы ў залу ўвайшла пара. Жаніх шапнуў нешта нявесце, развярнуўся і... сышоў. Я і госці — у шоку. Праз некалькі хвілін падышла яго мама і растлумачыла, што ехалі маладыя доўга, хлопец перахваляваўся і яму трэба супакоіцца.

Сёння большасць пар выбіраюць традыцыйныя ўборы — белая сукенка з вэлюмам і цёмны касцюм. Але бываюць і выключэнні.

— Неяк прыехалі маладыя і госці на матацыклах, апранутыя ў скураныя курткі з заклёпкамі і ланцужкамі. Запомнілася ўсім і нявеста ў ярка-чырвонай сукенцы. Адна з апошніх незвычайных пар была ў традыцыйных народных строях: жаніх у чырвоных ботах, з шырокім поясам, нявеста з вяночкам на галаве, сукенка вышытая, пацеркі бліскучыя.

Што датычыцца самых папулярных вясельных дат, на першым месцы — выхадныя пасля Вялікадня, якія выпадаюць на красавік.

— У такую суботу быў мой першы дзень на рэгістрацыі шлюбаў. Мы распісалі 36 пар. Пасля такога «марафону» два тыдні не размаўляла — зусім асіпла, — прыгадвае сваё «працоўнае хрышчэнне» начальнік аддзела. — А самы насычаны месяц — верасень. Позняй восенню, узімку — ідуць у асноўным пары, якія ў хуткім часе прыйдуць да нас рэгістраваць нараджэнне дзіцяці. Урачыстыя цырымоніі — рэдкасць падчас пастоў і ў маі. Наш народ баіцца і Бога ўгнявіць, і ў забабоны верыць: «У маі жэнішся — век маяцца будзеш».

Цікава, што сама Алена Яўгеньеўна выйшла замуж акурат 9 мая і сваім прыкладам паказвае: прымаўка падманвае. Каб канчаткова разбурыць стэрэатып наконт майскіх шлюбаў, жанчына нават правяла даследаванне. Прааналізавала ўсе майскія шлюбы, пачынаючы з 1940 года, якія заключаліся ў Пінску, і параўнала іх з вераснёўскімі. Аказалася, што другія распадаюцца часцей. Вось і вер пасля такога ў прыкметы.

Па словах Ірыны Уладзіміраўны, меркаваць аб тым, як складзецца сямейнае жыццё пары, можна ўжо ў дзень падачы заявы: «Хлопец усеўся, а нявеста стаіць побач і не ведае, куды прыткнуцца».

— Але не ўсё так адназначна, — лічыць Алена Яўгеньеўна. — Аднойчы мне давялося распісваць неверагодна прыгожую пару. Пяшчота, вочы, поўныя слёз ад радасці, падтрымка і закаханасць у кожным жэсце, позірку і слове. Такія сустракаюцца рэдка. Здавалася, наперадзе іх чакае доўгае сямейнае жыццё ў згодзе і павазе. Аднак усяго праз год яны завіталі да нас зноў — пісаць заяву на развод.

З бляскам золата

У Пінскім загсе захоўваецца незвычайная кніга з фотаздымкамі закаханых пар. Толькі на фота — не маладыя асобы, а людзі, якія перажылі разам многае. Гэтыя сем'і дачакаліся сярэбраных, залатых і нават жалезных вяселляў.

— Дзеці часта робяць падарунак сваім бацькам — замаўляюць цырымонію святкавання ў нас. Але сустракаюцца рамантыкі, якія праз дзясяткі гадоў сумеснага жыцця робяць сюрпрыз сваёй палавінцы, — употайкі арганізоўваюць свята.

Аднойчы на прамую лінію начальніку аддзела ЗАГС патэлефанаваў мужчына:

— У мяне 31 снежня — 50 гадоў сумеснага жыцця з жонкай, залатое вяселле. Хачу даведацца, як склаўся лёс пар, якія пабраліся шлюбам у той дзень разам з намі. Тады, у далёкім 1963 годзе, мы былі першымі ў Пінску, каго зарэгістравалі ва ўрачыстай абстаноўцы. Дагэтуль моладзь проста распісвалася, а нам пашанцавала — музыка, віншаванні ганаровых гасцей, кіраўнікоў партыі, гарвыканкама.

Пасля званка Алена Яўгеньеўна пачала пошукі астатніх пар па сваёй базе, праз міліцыю. З дзевяці сем'яў да залатога юбілею дажылі тры. Дзве распаліся, адна з'ехала, і лёс яе невядомы, дзве жанчыны пахавалі сваіх мужоў, яшчэ адна пара памерла.

— Юбіляраў мы, вядома, запрасілі ў загс і зладзілі для іх свята. Ніхто не чакаў, што праз столькі гадоў ім давядзецца сустрэцца зноў, няхай і не ў поўным складзе. Яны расказвалі пра жыццё, поўнае падзей і выпрабаванняў, успаміналі той самы дзень, калі сталі сем'ямі. Кожны раз распісваючы маладых, хочацца, каб і яны аднойчы вось так маглі зноў прыйсці да нас святкаваць залатое, а лепш брыльянтавае вяселле.

Пад разлівы вясковага аркестра

Атрымаць запаветны штамп у пашпарце можна не толькі ў загсе, але і ў сельвыканкаме. Мясцовыя ўлады гатовыя ўлічыць усе пажаданні маладых і зрабіць сапраўды незвычайную цырымонію.

Галіна Лаўранчук займалася рэгістрацыяй шлюбаў з 1986 да 1993 года, калі была сакратаром сельвыканкама ў вёсцы Лунін (Лунінецкі раён). Цікава, што дзеля гэтай пасады жанчыне прыйшлося адмовіцца ад кар'еры навукоўца.

— Лёс непрадказальны. Я працавала малодшым навуковым супрацоўнікам Палескай вопытнай меліяратыўнай станцыі, збіралася паступаць у аспірантуру, пісаць кандыдацкую дысертацыю, — успамінае Галіна. — Неўзабаве да нашага дырэктара звярнуўся старшыня мясцовага сельскага Савета ў пошуках новага сакратара. Патрабаванні да кандыдата наступныя: жанчына сярэдняга ўзросту з бездакорнай біяграфіяй, каб была замужам і мела дзяцей, прыемнай знешнасці, адказная і выхаваная. Але галоўная ўмова — вышэйшая адукацыя. Таму старшыня і шукаў сабе памочніка на станцыі: у нас было шмат спецыялістаў з дыпломам ВНУ. Але я аказалася адзінай у калектыве, хто падыходзіў па ўсіх пунктах. Кідаць навуку не хацелася, муж быў супраць. Доўгія сумненні, развагі — і вось я ўжо афармляю першыя ў сваім жыцці даведкі, рыхтую справаздачы і статыстыку, а ў выхадныя дні прашу маладых абмяняцца заручальнымі пярсцёнкамі. Дарэчы, звышурочныя нам ніхто не аплачваў. Рабілася ўсё выключна на энтузіязме.

Рэгістрацыя шлюбаў на вёсцы — з'ява не такая частая, як у горадзе. За год Галіна Іванаўна распісвала каля дваццаці пар. Затое кожная цырымонія была па-сапраўднаму запамінальнай і не падобнай на іншыя. З усімі маладымі праводзілі перадвясельныя кансультацыі, дзе тлумачылі, што і як будзе адбывацца. Казалі: «Узялі пярсцёнак — трымайце моцна, калі надзяваеце». Бо калі нешта пойдзе не па плане, госці абавязкова адрэагуюць: «Жыць ім у няшчасці»...

— Першым часам распісваць даводзілася ў сельскім клубе. У мяне была спецыяльная «абрадавая» бардовая сукенка. Упрыгожваў яе «медаль рэгістратара» на доўгім ланцужку, — успамінае жанчына. Нават праз столькі гадоў яна памятае словы, якія не раз даводзілася казаць усхваляваным маладым.

— Было тры варыянты ўрачыстай рэгістрацыі — на 15, 40 хвілін і гадзіну (з удзелам клубных супрацоўнікаў). Спачатку сур'ёзная частка — уласна роспіс, абмен пярсцёнкамі, пасля гэтага абавязкова гучаў гімн Савецкага Саюза. А першымі створаную сям'ю віншавалі дэпутат сельскага Савета і прадстаўнік прафкама (камсамола ці партыі), якіх запрашалі на кожную рэгістрацыю ў якасці ганаровых гасцей. Па жаданні маладых мы рыхтавалі для іх розныя конкурсы і забаўкі — прапаноўвалі вызначыць, хто будзе галоўным у сям'і, разламаўшы бохан хлеба; даведваліся, хто каго лепш ведае; у гумарыстычнай форме размяркоўвалі сямейныя абавязкі паміж сужэнцамі... Была ў нас і добрая традыцыя ўскладання кветак да помніка воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны. Яна на вясковых вяселлях жыве і цяпер.

Перавага рэгістрацыі шлюбу ў сельвыканкаме — вы тут будзеце адзінай парай. Ніхто не стане падпіхваць у спіну і не паскардзіцца, калі спозніцеся. Да таго ж на вёсцы можна рэалізаваць самыя смелыя ідэі — прыехаць на цырымонію на кані ці замовіць выступленне цэлага аркестра з мясцовага ДК.

На думку Галіны Іванаўны, цяперашняя моладзь на вяселлях дадае шмат увагі дробязям, якія таго не вартыя. Палову святочнага дня адводзяць на падрыхтоўку (макіяжы, прычоскі, зборы) і фотасесію. Быццам ідзе спаборніцтва — «у каго сукенка прыгажэйшая, больш шыкоўны лімузін ці даражэйшы рэстаран». Раней засяроджваліся на самім моманце заключэння шлюбу, былі больш уважлівыя адно да аднаго, а не да аб'ектыву фотакамеры.

У самой Галіны Іванаўны пышнага вяселля не было. З мужам яны распісваліся ў гэтым жа сельвыканкаме 31 снежня. Спяшаліся, таму што ў студзені павінна было прайсці размеркаванне жылля. Давалі яго, вядома, толькі сямейным.

— Вэлюм пазычыла ў суседскай дзяўчыны, сукенка і туфлі на мне былі з выпускнога. А святочную вячэру мы зладзілі ўжо пасля заканчэння посту — на Раство, — расказвае жанчына. — Мікалай — маё першае каханне, мой першы мужчына, і гэта доўжыцца ўжо 47 гадоў. Таму, распісваючы іншыя пары, я ніколі нават думкі не мела, што яны могуць развесціся. «Раз і назаўсёды» — адзіны пасыл, які я адрасавала маладым.

Ганна КУРАК

Название в газете: Вясельны марафон

Выбор редакции

Спорт

Яков Зенько: На льду даю волю эмоциям

Яков Зенько: На льду даю волю эмоциям

Он — один из немногих представителей белорусского фигурного катания на международной арене. 

Культура

Что общего между творчеством и «табуреткой»?

Что общего между творчеством и «табуреткой»?

Где можно освоить литературное мастерство? Как становятся писателями? 

Общество

Какие процедуры необходимы, чтобы родить здорового ребенка

Какие процедуры необходимы, чтобы родить здорового ребенка

Прежде всего биохимический скрининг, который выполняется на сроке от 10 с половиной до 13 с половиной недель беременности.